Прарасейскі рэгіён Малдовы – самаабвешчаная «Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка» – працягвае жыць без газу і электрычнасці, у той час, як улады ПМР адмаўляюцца ад дапамогі з боку Кішынэва. Расея ж, якая сама і перастала пастаўляць газ, вінаваціць у энергетычным крызісе малдоўскія ўлады.
Вялікі апакаліпсіс у маленькім рэгіёне
Непрызнанае Прыднястроўе ўжо больш як тыдзень застаецца без газу. Праз гэта там абвясцілі «надзвычайнае эканамічнае становішча». У рэгіёне стаяць усе прамысловыя прадпрыемствы, акрамя тых, што прадукуюць харчы, бо для іх проста няма энергетычнага рэсурсу. Ад ацяплення адключылі ўсіх акрамя медычных і сацыяльных установаў са стацыянарамі.
«Праблема носіць настолькі глабальны характар, што пры доўгім неўрэгуляванні мы атрымаем незваротныя змены, то бок прадпрыемствы страцяць магчымасці да запуску», – казаў кіраўнік Мінэканомразвіцця рэгіёну Сяргей Абалонік.
Праз спыненне працы кліенты прыднястроўскіх заводаў ужо шукаюць новых пастаўшчыкоў, расказаў гендырэктар Малдаўскага металургічнага завода ў Рыбніцы, дзе працавалі 2,2 тыс. асобаў, Сяргей Корнеў. Спыніўся ў Рыбніцы нават хлебакамбінат.
У дамах рэгіёну таксама няма ацяплення, гарачай вады і ўласна газу. Дый халодная вада праз адсутнасць моцы не пастаўляецца на апошнія паверхі шматпавярховікаў. Часам падачу вады проста адключаюць. Таксама мясцовы тэлекамунікацыйны аператар «Интерднестрком» (IDC) праінфармаваў абанентаў пра магчымыя перабоі з сувяззю.
Праз праблемы з газам і электрычнасцю працуе толькі частка грамадскага транспарту. Напрыклад, у сталіцы рэгіёну Тыраспалі ездзяць толькі дзве траціны маршрутак, а ў другім паводле памераў горадзе Бендэры маршруткі пэўны час не працавалі зусім. Таксама ў рэгіёне да 20 студзеня працягнулі школьныя вакацыі, бо без электрычнасці дыстанцыйна займацца немагчыма, а ацяплення ў школах няма.
З 7 студзеня ў рэгіёне веерныя адключэнні святла складаюць восем гадзін – двойчы па чатыры гадзіны з перапынкамі. Кіраўнік рэгіёну Вадзім Краснасельскі заявіў, што без гэтага Прыднястроўе можа страціць электрасеткі і ГРЭС, якія не вытрымліваюць узрослай нагрузкі, і наагул застацца без электраэнергіі. Людзей просяць выбарачна выкарыстоўваць тэхніку.
«Цяпер у кожнай кватэры ёсць пральная машына, мікрахвалёўка, электрачайнік, абагравальныя прыборы, кандыцыянер, дзесьці цёплыя падлогі. І гэта ўсё нагружае сеткі. А сеткі ў нас былі разлічаны пад ДАСТ Савецкага Саюза. Пры Савецкім Саюзе ж быў толькі электрапрас і лядоўня, і ўсё практычна. Цяпер іншая карціна, іншая цывілізацыя. І ўсё гэта кладзецца на тыя сеткі, якія былі пабудаваныя раней», – тлумачыў ён.
Пасля спынення кацельных і ў сувязі з веернымі адключэннямі, у рэгіёне павялічылася колькасць камунальных аварыяў. Іх колькасць за першы тыдзень года перавысіла 800. Таксама наступствамі крызіса называецца 18 пажараў.

Запасы сканчаюцца
Крызіснае кіраванне ўрада Малдовы заявіла, што запасы вугалю на малдаўскай ГРЭС у Прыднястроўі скончацца да канца студзеня. У сваю чаргу ўлады сепаратысцкага рэгіёну запэўніваюць, што вугалю хопіць для вытворчасці электраэнергіі практычна на ўсю зіму. Там таксама заяўляюць, што запасаў газу ў рэгіёне, з улікам усіх адключэнняў, хопіць яшчэ на 24 дні.
Крызіснае кіраванне ўрада ў Кішынёве заяўляе, што паліцыя, медычныя і выратавальныя службы Малдовы гатовыя дапамагчы людзям, якія могуць у ёй мець патрэбу. Паводле падлікаў малдаўскага боку, больш як 51000 сем’яў у Прыднястроўі засталіся без газу.
Вадзім Краснасельскі 6 студзеня сказаў, што ідзе пошук рашэнняў па выхадзе з газавага крызісу, але на гэта патрэбны час. Як ён збіраецца развязаць праблему, не паведамляецца.

З чаго ўсё пачалося
Прыднястроўе атрымлівала расейскі газ бясплатна. У каментары «Белсату» старшыня малдаўскай супольнасці «WatchDog.MD» Валерыў Паша кажа, што Расея фактычна такім чынам спансавала сепаратысцкі рэжым. Пры гэтым самыя спажыўцы ў Прыднястроўі за газ спраўна плацілі, што было істотнай часткай прыбытку мясцовага бюджэту.
Доўг за атрыманы Прыднястроўем газ «Газпром» выстаўляў Малдове. Расейскі бок ацэньвае на ўзроўні $ 709 млн. Кішынэў доўг адмаўляе, яго адсутнасць пацвердзіў і міжнародны аўдыт. З 2022 года правабярэжная Малдова выкарыстоўвала газ, закуплены на еўрапейскім рынку. Але ў Прыднястроўі працягвалі выкарыстоўваць расейскі газ для ўнутраных патрэбаў і для працы «Малдаўскай ГРЭС», электраэнергую з якай ў тым ліку куплялі і ўлады ўсёй Малдовы.
«Газпром» 28 снежня паведаміў, што спыніць пастаўку газу ў Малдову праз неаплату доўгу Кішынэвам і праз спыненне транзіту Украінай. Рыхтуючыся да гэтага, у Малдове яшчэ 16 снежня ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі ў энергетыцы. 31 снежня Мінэнергетыкі паведаміла, што ў студзені 2025 года большую частку электраэнергіі Малдова імпартуе з суседняй Румыніі, а 30 % забяспечаць мясцовыя ЦЭЦ.
Валерыў Паша не бачыць аб’ектыўных прычынаў, чаму пастаўкі спыніліся. Спыненне транзіту праз Украіну гэтаму не перашкаджае, дадае ён.
,,«Яны могуць пастаўляць па альтэрнатыўным шляху, праз Турэччыну, і проста адмаўляюцца гэта рабіць. Далей ідуць разнастайныя спробы растлумачыць гэта тым, што нібыта Малдова адмаўляецца выплачваць доўг перад Расеяй. Спачатку прыдумалі неіснуючы доўг, потым ім тлумачаць нейкія свае рашэнні. Прычым доўг нібы правага берага, а перакрылі газ леваму», – сказаў Паша.
Расея вінаваціць Малдову, якая прапануе дапамогу
І хоць Расея сама спыніла пастаўкі газу ў Малдову, менавіта яе расейскія ўлады вінавацяць у энергетычным крызісе ў Прыднястроўі. Гэтак, 8 студзеня афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Малдова здзекуецца з жыхароў Прыднястроўя, а Захад гэта «стымулюе».
Перад тым і амбасада Расеі ў Малдове казала пра «наўмыснае ігнараванне кішынэўскімі ўладамі шматлікіх праблем у стасунках з „Газпромам“». Даставалася ад яе і Украіне, бо гэта «Кіеў цынічна спыніў транзіт расейскага газу ў зімовы перыяд, каб выракчы насельніцтва Прыднястроўя на пакуты».
«Сітуацыя на левым беразе штучна створаная калектыўным Захадам і Украінай. Ні ў каго не павінна застацца сумневаў: абарона расейскіх грамадзянаў і суайчыннікаў – абсалютны вонкавапалітычны прыярытэт», – заяўляла амбасада, пагражаючы «адказам» на магчымыя сілавыя дзеянні ў Прыднястроўі.
Пры гэтым у Бюро рэінтэграцыі Малдовы заяўляюць, што яшчэ напачатку снежня 2024 года паведамілі Тыраспалю пра гатовасць садзейнічаць зніжэнню негатыўных наступстваў у выпадку меркаванага крызісу.
«Мы атрымалі адмоўны адказ Тыраспаля, які да таго ж утрымліваў агрэсіўную рыторыку і спробы неабгрунтавана абвінаваціць Кішынэў у спыненні пастаўкі „Газпромам“ прыроднага газу ў Прыднястроўскі рэгіён», – распавялі ў Бюро.
2 студзеня «Moldovagaz» сумесна з «Energocom» заявілі пра гатовасць тэхніча і камерцыйна падтрымаць «Тираспольтрансгаз» у закупках прыроднага газу на любой еўрапейскай газавай платформе на рынкавых умовах. Аднак той адмовіўся ад прапановы і заявіў, што чакае аднаўлення пастаўкі расейскага газу. Пра яшчэ снежаньскія прапановы дапамагчы Тыраспалю купляць газ на румынскай біржы казаў і дзяржсакратар Міністэрства энергетыкі Малдовы Канстанцін Барасан.
Таксама і Еўразвяз заклікае ўлады Прыднястроўя спыніць блакаваць прапановы Малдовы аб пастаўках энергіі. Паводле афіцыйнай прадстаўніцы ЕЗ у пытаннях энергетыкі і жыллёвага будаўніцтва Ганны-Кайсы Ітконэн, Брусель стварыў працоўную групу з Малдовай і «адсочвае вельмі сур’ёзную сітуацыю ў рэгіёне».
«Мы заклікаем Тыраспаль да супрацы з Кішынэвам для развязання сітуацыі ў інтарэсах мясцовага насельніцтва», – заявіла 7 студзеня прэс-сакратарка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Аніта Хіпэр.
Пры гэтым улады Прыднястроўя працягваюць адмаўляцца ад дапамогі Кішынэва і хваліць Расею. А «МЗС» Прыднястроўя заявіла, што «ніякіх канкрэтных формаў дапамогі і адэкватнай практычнай падтрымкі ад малдаўскага боку Прыднястроўе не атрымлівала». Пры гэтым выданне «Politico» апублікавала пісьмовы адказ ад 2 студзеня гендырэктара прыднястроўскага «Тираспольтрансгаза» Ігара Лісачэнкі старшыні праўлення «Moldovagaz» Вадзіму Чэбану, у якім «Тираспольтрансгаза» фактычна адмаўляецца ад дапамогі Малдовы, бо пастаўкі газу з Еўропы негатыўна адаб’юцца на ўзроўні жыцця грамадзянаў і ўмовах працы прадпрыемстваў Прыднястроўя. Адсутнасць газу, відаць, праблемай не з’яўляецца.

Спроба забіць некалькіх зайцаў
6 студзеня МЗС Малдовы выклікала расейскага прадстаўніка, зняпраўдзіўшы заявы Масквы, якая спрабавала ўскласці адказнасць за крызіс у Прыднястроўі на Кішынёў.
«Сэнс усяго гэтага ў тым, што Расея імкнецца стварыць нестабільнасць у рэгіёне, але таксама, што вельмі важна, паўплываць на вынікі парламенцкіх выбараў у Малдове... Яны хочуць дамагчыся прарасейскага ўрада», – заявіў прэм’ер-міністр Малдовы Дорын Рэчан.
Старшыня «WatchDog.MD» Паша таксама мяркуе, што перакрыццём паставак газу Расея спрабуе аказаць дадатковы ціск на Малдову, якая купляла электраэнергію, выпрацаваную з расейскага газу ў Прыднястроўі. Адсутнасць гэтай электраэнергіі, паводле яго, прывядзе да яе падаражэння, што можа адбіцца на настроях малдаўскага грамадства перад парламенцкімі выбарамі, якія маюць прайсці не пазней за 11 ліпеня. Чакае ён і выкарыстання прарасейскай апазіцыяй ідэі таннага расейскага газу.
«Натуральна, што гэта пойдзе на карысць апазіцыйным партыям, якія Масква падтрымлівае», – заяўляе суразмоўца.
Паша не выключае, што дзеянні РФ могуць быць таксама інструментам ціску на сепаратысцкія ўлады ў Тыраспалі, як гэта было нядаўна з пастаўкамі электраэнергіі з Расеі ў грузінскую Абхазію. На яго думку, у Крамлі маглі вырашыць, што «сепаратысцкія проксі-рэжымы трошкі адбіліся ад рук і на іх варта націснуць». Апроч таго, гэтая сітуацыя дапамагае выбудоўваць негатыўны вобраз Украіны, «якая перакрыла транзіт і ўсім ад гэтага кепска».
«Як гэта звычайна бывае, калі Расея ладзіць падобныя гульні ў сваёй гібрыднай вайне, яны пераследуюць некалькі мэтаў адразу», – кажа эксперт.
Пры гэтым Паша быў здзіўлены «мілітарысцкімі» заявамі Масквы пра гатовасць «абараняць» сваіх грамадзянаў у Прыднястроўі.

Як Расея кінула сваіх жа
Прычыны ж адмовы Тыраспалю ад дапамогі з боку Кішынэва Паша бачыць у імкненні з аднаго боку падтрымаць «імідж незалежнага суб’екта, якім яны відавочна не з’яўляюцца», а з другога – спадзевамі на вяртанне бясплатнага газу з Расеі. Пры гэтым, паводле яго, у самім Прыднястроўі людзі «разумеюць, нягледзячы на ўсю прапаганду, дэзінфармацыю, хто вінаваты ў гэтай сітуацыі» – «што Расея кінула іх на волю лёсу». Аднак, дадае ён, расейскія ўлады не вераць у тое, што жыхары Прыднястроўя «агулам нешта значаць».
«І тое, што яны там мерзнуць, сядзяць без святла, вельмі хутка скончацца грошы на заробкі бюджэтнікам, пенсіі, іншыя выплаты. Гэта, у прынцыпе, таксама мала каго ў Расеі хвалюе. Магчыма, яны спрабуюць неяк давесці сітуацыю да пэўнага напалу і ў пэўны момант стаць такімі выратавальнікамі», – мяркуе Паша.
Эксперт спадзяецца, што «падобныя цынічныя паводзіны і тое, як Расея штучна стварыла гэты гуманітарны крызіс у Прыднястроўі», можа паўплываць на людзей, якія «зразумеюць, што Расея – гэта зусім ненадзейны партнёр, які не шануе чалавечае жыццё і тых людзей, якія вераць у Расею». Што з такімі партнёрамі Малдову чакае лёс Прыднястроўя – «шантаж, галеча і адсутнасць элементарных выгодаў цывілізацыі».
Макар Мыш belsat.eu