Уладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму на ратыфікацыю дамову з Беларуссю пра гарантыі бяспекі. Гэтае пагадненне прадугледжвае стварэнне ў нашай краіне расейскіх вайсковых базаў, а таксама дазваляе войску Беларусі ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.
У снежні мінулага года Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпісалі ў Менску дамову наконт гарантыяў бяспекі. Пагадненне маюць ратыфікаваць парламенты абедзвюх краінаў, і надоечы расейскі палітык унёс гэты дакумент у Дзяржаўную думу.
Спікер палаты Вячаслаў Валодзін ужо паабяцаў разгледзець пытанне «ў прыярытэтным парадку». «Прадугледжаныя дамоваю захады дазволяць забяспечыць дадатковую абарону суверэнітэту нашых дзяржаваў і іх тэрытарыяльную цэласнасць», – заявіў Валодзін.
У Палаце прадстаўнікоў парламенту Беларусі пакуль не паведамлялі, калі плануюць ратыфікаваць гэты дакумент.
Дамова прадугледжвае ўзаемнае падтрыманне не толькі ў выпадку агрэсіі, але і пры «мэтанакіраваным стварэнні пагрозы суверэнітэту, незалежнасці ці канстытуцыйнаму ладу бакоў, цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторыі і вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы».
Менск і Масква дамовіліся пра «неабходную вайсковую, вайскова-тэхнічную і іншую дапамогу пасля афіцыйнага звароту боку, які зазнаў агрэсію ці непасрэдную пагрозу агрэсіі».
Згадваюцца ў пагадненні і расейскія вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі:
,,«З мэтаю перадухілення і адбівання актаў агрэсіі ў дачыненні Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь могуць стварацца вайсковыя і іншыя аб'екты Расейскай Федэрацыі, а таксама размяшчацца вайсковыя фармаванні Расейскай Федэрацыі».
Ядравая зброя названая ў гэтай дамове «сродкам стрымлівання, выкарыстанне якога ёсць скрайняй і вымушанай захадай». Прапісана, што такая зброя можа выкарыстоўвацца, калі Беларусь ці Расею атакуюць няядравай зброяй, але будзе створаная «крытычная пагроза суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці» краінаў.
«Пастанова пра выкарыстанне для абароны Рэспублікі Беларусь размешчанай на яе тэрыторыі ядравай зброі Расейскай Федэрацыі прымаецца ў парадку, вызначаным бакамі», – напісана ў пагадненні.
Дамова прымаецца на 10 гадоў з аўтаматычным прадаўжэннем на наступныя 10-гадовыя тэрміны.
Вайна ва Украіне і захоп ЗСУ часткі Курскай вобласці дазваляюць задзейнічаць гэтае пагадненне адразу пасля ратыфікацыі. Расея зможа афіцыйна звярнуцца да Беларусі з просьбаю дапамагчы абараніць тэрытарыяльную цэласнасць як у Курскай вобласці, гэтак і ў анексаваных рэгіёнах Украіны: Крэмль зможа спаслацца на расейскую Канстытуцыю, дзе Данецкая, Луганская, Херсонская і Запарожская вобласці названыя часткамі Расеі, але дасюль не цалкам «вызваленыя».
Акрамя таго, неўзабаве ў Беларусі могуць з'явіцца расейскія вайсковыя базы, бо для гэтага не патрабуецца наўпроставай агрэсіі супраць нашае краіны, а толькі пагроза нападу. Пра такую пагрозу з боку NATO, а таксама Украіны ўсцяж кажуць у Менску.
Пуцін пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне назваў «спецыяльную вайсковую аперацыю» «самаабаронаю ад пагрозаў, што нам ствараюцца».
5 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Пуцін плануе сёлета «разгортваць сілы на тэрыторыі Беларусі» і «ў любым выпадку зацягнуць Беларусь у гэтую вайну».
Сцяпан Кубік belsat.eu