навіны

Зяленскі: Пуцін у любым выпадку зацягне Беларусь у вайну

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з міністрам замежных справаў Злучанага Каралеўства. Кіеў, Украіна. 5 лютага 2025 года. Фота: President.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Паводле Зяленскага, сёлета Расея размесціць у Беларусі новыя сілы, будзе правакаваць Польшчу і Літву, а ўрэшце зацягне Беларусь у вайну, у якой краіна саўдзельнічала пакуль толькі часткова.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 5 лютага сустрэўся ў Кіеве з міністрам замежных справаў Злучанага Каралеўства Дэйвідам Лэмі. На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы Зяленскі згадаў Беларусь: ён упэўнены, што Уладзімір Пуцін зацягне яе ў вайну супраць Украіны напоўніцу.

«З амбіцыямі Пуціна тое, што сёння мы бачым, што ён робіць усё, каб не спыніць гэтую вайну, – казаў Зяленскі. – І гэта факт: ён будзе ісці далей у гэтым. Будзе думаць пра іншыя краіны, я ў гэтым упэўнены. Я папярэджваю пра гэта абсалютна адкрыта, шчыра. Я разумею, што будзе, вы пабачыце. Ён будзе правакаваць іншыя краіны. Можа быць, Польшча наступная або балтыйскія краіны. І гэта не проста, ведаеце, нейкая рыторыка чарговая».

,,

«Вы пабачыце: вясной, летам ці восенню ён будзе разгортваць сілы на тэрыторыі Беларусі. І шмат еўрапейцаў і, можа, і Злучаныя Штаты, што гэта… Ай, гэта запалохванне. Гэта запалохванне Польшчы, запалохванне Літвы і іншых нашых балтыйскіх партнёраў. Але вы пабачыце: ён будзе рабіць усё, каб уцягнуць іх, ён будзе думаць, як іх справакаваць».


На мяжы Украіны. 5 лютага 2025 года. Фота: Володимир Зеленський / Facebook

Абмен палоннымі, колькасць ахвяраў, працяг ваеннага становішча. Што адбываецца на вайне ва Украіне

Вайна

Зяленскі дадаў, што не ведае дакладна, ці будзе новае ўварванне з тэрыторыі Беларусі, але ўпэўнены, што Пуцін «у любым выпадку такім чынам зацягне Беларусь у гэтую вайну».


Ён адзначыў, што хоць беларускае войска не брала ўдзелу ў нападзе на Украіну, а толькі дапамагала, Беларусь ужо ўдзельнічае ў гэтай вайне пасля таго, як «яны атакавалі Украіну ракетамі».


Гэта не да канца дакладнае апісанне таго, што адбылося. Расея сапраўды запусціла па Украіне больш як сем сотняў ракетаў з тэрыторыі Беларусі, а беларускія войскі гэтаму не перашкаджалі, а нават дапамагалі расейскім войскам з забеспячэннем і лекаваннем. Але не было сведчанняў таго, што Беларусь атакавала Украіну сваімі ракетамі або расейскімі, ды з удзелам беларускіх вайскоўцаў.


Зяленскі заклікаў рабіць усё, каб спыніць Пуціна, а значыць, дапамагаць Украіне.


Абноўлена. Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў заяву Зяленскага. Ён згадаў, што ў Беларусі анансавалі на 2025 год супольныя беларуска-расейскія вучэнні – і што яны будуць «самымі маштабнымі». Латушка ацэньвае, што ў вучэннях могуць быць задзейнічаныя не менш як 40 тысяч чалавек. Разам з тым, Латушка нагадвае, што Расея ратыфікуе дамову аб «гарантыях бяспекі» Беларусі, а ў тым дакуменце Расея пагражае ядравай зброяй тым, хто атакуе Беларусь. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка надаў «усебеларускаму сходу» права скіроўваць беларускіх вайскоўцаў у трэція краіны. А значыць, заяву Зяленскага варта трактаваць сур’ёзна: сапраўды можа быць створаная пагроза Украіне і Беларусі, трэба ўважліва сачыць за дзеяннямі Лукашэнкі.



Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10