«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў з боку ўладаў Беларусі ў дачыненні беларусаў, якія выступаюць супраць фальсіфікацыяў, гвалту і вайны.
Як паведамілі «Вясне», у Менску былым палітзняволеным пасля вызвалення крымінальна-выканаўчыя інспекцыі ставяць забароны на выезд з краіны. Пасля вызвалення на тэрмін прафілактычнага ўліку – судзімасці – выезд з Беларусі чалавеку можа часова абмежаваць орган дзяржаўнай бяспекі. Таксама ў абыход суда прымаць такія пастановы на больш доўгі тэрмін можа КДБ «у інтарэсах нацыянальнай бяспекі». У такіх выпадках пастанову дзяржаўнага органу можна абскардзіць у вышэйшым органе, а потым – у судзе.
Кіраўніка аўдытарскай кампаніі «Ernst&Young» Паўла Лашчанку арыштавалі «за палітыку». Ён ужо два месяцы ў СІЗА за ліст да сілавікоў у 2020 годзе з заклікам адумацца і вярнуцца да законнасці.
На 4 лютага судом Жлобінскага раёну запланаваны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні навучэнца Жлобінскага металургічнага каледжу Канстанціна Ціхамірава. Яго вінавацяць паводле артыкулу 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Суддзя Святлана Андрэева правядзе паседжанне ў каледжы, дзе вучыцца хлопец. Год таму яго там урачыста віншавалі і ўзнагароджвалі за выратаванне пенсіянера з вады.
Затрыманага ў лютым 2023 года Сяргея Белага пачалі судзіць трэці раз. Яго асудзілі ў кастрычніку 2023 года за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Наступны суд адбыўся 27 верасня 2024 года ў Менгарсудзе. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў – «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «знявага прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «знявага Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). 4 лютага ў судзе Заводскага раёну Менску распачаўся разгляд ужо трэцяй справы – зноў паводле арт. 369 КК. Працэс будзе весці суддзя Жанна Хвайніцкая.
Былому вайскоўцу Дзмітрыю Пазнякову, які працаваў намеснікам каменданта ў Берасцейскай вайсковай камендатуры, а таксама выкладаў на вайсковым факультэце БДУ, хочуць узмацніць пакаранне. Яго затрымалі 9 жніўня 2023 года. Паводле прапагандыстаў, Пазнякоў быў завербаваны польскімі спецслужбамі. У лістападзе 2023-га палітвязня асудзілі за «здраду дзяржаве» да 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў наваполацкую калонію № 1. У калоніі палітвязня катавалі, неаднаразова адпраўлялі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). 14 лютага ў Наваполацку адбудзецца суд датычна замены Пазнякову рэжыму на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.
Менскі гарадскі суд 4 лютага працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні былых супрацоўніц TUT.ВY Вольгі Лойкі, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнкі. Першае пасяджэнне ў гэтай справе прайшло 15 ліпеня, пасля чаго быў абвешчаны вялікі перапынак. Абвінавачванне выстаўленае паводле чатырох артыкулаў КК: ч. 3 арт. 130, ч. 2 арт. 243 КК, ч. 1 арт. 342 КК, ч. 3 арт. 361 КК. Весці працэс прызначаная суддзя Алена Шылько.
У Віцебскім абласным судзе за «агентурную дзейнасць» судзяць грамадзяніна іншай дзяржавы Аляксандра Барысава. Паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу яму пагражае да сямі гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачання невядомая, працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Справу Барысава разглядае суддзя Яўген Буруноў.
4 лютага ў Гомельскім абласным судзе распачаўся разгляд справы прадпрымальніка з Петрыкава Аляксандра Яворскага. Яму інкрымінуюць распальванне варожасці і знявагу Лукашэнкі. Судовы працэс узначальвае суддзя Яўген Ерафееў. У кастрычніку 2020 года мужчына далучыўся да агульнанацыянальнага страйку.
Завочную справу Сяргея Бяспалава – блогера, журналіста, актывіста і ўдзельніка масавых пратэстаў, кіраўніка грамадзянскага штабу «Паспалітага рушэння» – скіравалі ў суд. Мужчыну інкрымінуюць ч. 3 арт. 130 КК, арт. 188 КК, ч. 1 арт. 293 КК, ч. 1 арт. 342 КК, ч. 1 арт. 357 КК, ч. 3 арт. 361 КК, ч. 1 арт. 361-1 КК, ч. 2 арт. 367 КК, ч. 2 арт. 368 КК, арт. 369-1 КК. Генпракуратура лічыць, што ягонымі дзеяннямі была нанесеная шкода памерам звыш 30,9 мільёна рублёў.
У Шаркаўшчыне судзілі мясцовага журналіста Андрэя Буку. Супраць яго склалі пратакол паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне, здзейсненае паўторна цягам года»). Справу разглядала суддзя Аксана Табола. Вынік суда пакуль невядомы.
Былога памежніка Сяргея Цераховіча будуць судзіць за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Суд пачынаецца 17 лютага ў Гарадзенскім абласным судзе. Суддзя – Юрый Казакевіч.
Полацкага бізнесмена Уладзіміра Захарава судзяць завочна ўжо сёмы месяц. Суд распачаўся 23 ліпеня 2024 года. У межах спецвядзення яго абвінавачвалі паводле эканамічных і палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Справу спачатку разглядаў Андрэй Прэйс. Але прысуд ён так і вынес, было змеркавана вярнуць справу пракурору. Пасяджэнні ў справе аднавіліся толькі праз пяць месяцаў – 11 студзеня 2025 года. Цяпер яе разглядае суддзя Юрый Урбан.
Пасля пагрозаў прапагандыста Рыгора Азаронка быў затрыманы брат палітычнага эмігранта з Гомля Мікалая Стагурскага Дзмітрый. Раніцаю 4 лютага ён быў дастаўлены ў Навабеліцкае аддзяленне міліцыі – у яго нібыта былі знойдзеныя «экстрэмісцкія» падпіскі. У дачыненні да хлопца склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго сярод іншых цяпер улучаны беларускі комік Вячаслаў Камісаранка. Таксама ў спіс трапілі: Армэн Арзуманян, Дзмітрый Асіюк, Барыс Крыцкі, Валеры Мефадзіенка, Анастасія Жыльская. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1234 чалавекі, з іх больш як 500 – беларусы.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» альбом «БНР-100 сьвяткаванне 100-гадовага юбiлею ў Беларусi i ў замежжы» і выданне «НКВД забiваў у Курапатах…». Акрамя таго, у «экстрэмісцкі» спіс дадалі часопіс «Абажур № 3 (124), які выдаваўся ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", 2018», Telegram-каналы і чаты «Приобрети ячмень в глазу», «Беларусы Анталии», «Гномоборея�», Instagram старонкі «vyraj.рl», «belarusfreetheatre», «stachkombelaruskalii», «chajkouskaya», старонкі ў Facebook «Dżmitry Hurniević», «Белорусы Страсбурга», TikTok-старонкі «andronchik8», «bezumniibelarus», «belnel», «politzaklyhenibelarus».
Якуб Хруст belsat.eu