За тыдзень толькі ў Берасцейскай вобласці адбылося мінімум 42 суды па адміністрацыйных палітычных справах. А па крымінальных артыкулах у краіне таксама працягваюць судзіць самых розных людзей – настаўніцу, працаўніцу «Пеленга», мытніка, былога міліцыянера. Падрабязней пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.
Мінімум 42 чалавека за мінулы тыдзень пакаралі па палітычных адміністрацыйных справах толькі ў Берасцейскай вобласці, паведамляе «Берасцейская Вясна». Кожны тыдзень у вобласці судзяць па некалькі дзясяткаў чалавек за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). У папярэднія тыдні было па 20 – 30 выпадкаў на тыдзень.
Другі раз судзяць дальнабойшчыка Арцёма Ліцевіча, які раней працаваў міліцыянерам, піша «Вясна». Ліцевічу 42 гады. У 2003 годзе ён пайшоў працаваць у міліцыю, а ў 2008 годзе яго звольнілі ў званні старшага сяржанта за «парушэнне ўмоваў кантракта», паведамляе «Наша Ніва».
Пасля мужчына працаваў дальнабойшчыкам. Яго затрымалі пасля вяртання ў Беларусь. Першы суд над ім адбыўся 24 кастрычніка 2024 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і «закліках да нанясення шкоды Беларусі». Прысуд невядомы, але ў снежні 2024 года ён набыў моц, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».
31 студзеня над палітвязнем пачаўся новы суд у Мінскім гарадскім судзе. Ліцевіча абвінавачваюць яшчэ па двух артыкулах — «Удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).
Эканаміста, адміністрацыйнага дырэктара даследчага цэнтра BEROC Паўла Данэйку завочна асудзілі на 12 гадоў калоніі па справе «Каардынацыйнай рады», паведамляе «Вясна». Яшчэ суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла Данэйку штраф у памеры 13 000 базавых велічыняў (546 тысяч рублёў).
Эканаміста прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 4 арт. 16 і ч. 4 арт. 233 («Арганізацыя і кіраўніцтва прадпрымальніцкай дзейнасцю, якая ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі)»), ч. 1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).
Паводле абвінавачання, Данэйка ў жніўні 2020 года ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і «здзяйсняў актыўныя дзеянні для дасягнення мэт неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады».
Супрацоўніцу «Пеленга» Карыну Праташчык пачынаюць судзіць нібыта за «заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), піша «Вясна».
Карыне 29 гадоў, яна з Менска. Мяркуючы па сацсетках, у яе ёсць муж і непаўналетняе дзіця. Паводле BELPOL, з 2017 года Праташчык працавала на «Пеленгу». Апошнім часам – кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яна займалася праверкай якасці аптычных вырабаў.
Суд над Карынай пачынаецца 3 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Справу будзе разглядаць Любоў Сімахіна.
Яшчэ адну маладую жанчыну будуць судзіць нібыта за «Распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «Заклікі да нанясення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Гаворка пра выкладчыцу англійскай мовы 29-гадовую Алену Бадзяка, піша «Вясна».
Жанчыну пачалі судзіць 31 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Справу вядзе суддзя Вера Галаўкова.
У «здрадзе дзяржаве» і яшчэ шэрагу нібыта злачынстваў вінавацяць 29-гадовага мытніка Віктара Вараб'ёва, паведамляе «Вясна». Яго пачнуць судзіць у Менскім гарадскім судзе 14 лютага. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме пад старшынствам Сяргея Хрыпача.
Віктару ставяць у віну «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў» (ч. 1 арт. 426 КК), «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК), «Удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «Арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК). Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
На старонцы Віктара ў «Linkedin» пазначана, што з 2018-га года ён працаваў старэйшым інжынерам сувязі на мытні.
Краўндфандынгавы праект «Gronka» прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прыняў КДБ 27 студзеня. Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць Павел Лібер і Крысціна Дробыш.
Яшчэ ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» шэраг украінскіх Telegram-каналаў. Гаворка пра Telegram-каналы і чаты «✙ Київ Оперативний | Kyiv Operative ✙», «Левый Берег Киев», «Київ ІНФО | Новини Україна», «ХК Київ», «Україна Сейчас | УС: новини, політика, війна», а таксама YouTube-канал «Рadzei», старонку ў TikTok «doroga.v.аd», старонкі ў Facebook «Игорь Суглоб» і «Avi Aries», старонку ў Instagram «cyan.waw».
Арсен Рудэнка belsat.eu