Грамадзяне Беларусі, нават розных поглядаў на палітычную будучыню краіны, здолелі б знайсці шляхі паразумення паміж сабою. Але ўлады краіны гэтага не дапускаюць, наўмысна нацкоўваючы адных на другіх. Дый з вінаватымі ў забойствах і катаваннях прымірыцца таксама будзе цяжка. Пра гэта і іншае кажуць «Белсату» публіцыст Севярын Квяткоўскі і блогер Андрэй Павук.
На думку публіцыста Севярына Квяткоўскага, для таго, каб зразумець, ці магчымае прымірэнне ў Беларусі, «трэба вельмі дакладна сфармуляваць сегменты грамадства, хто з кім можа прымірыцца». Паводле яго, са звычайнымі выканаўцамі злачынных загадаў, якія не запляміліся ў забойствах і катаваннях, можна знайсці шляхі да замірэння.
«А калі браць тых выканаўцаў зверстваў, якім тысячы сведчанняў задакументаваныя, якое з імі можа быць прымірэнне? Як гэта можа выглядаць? Чалавек цябе збіваў, здзекаваўся з цябе, і ты што, будзеш прымірацца?» – адзначае публіцыст.
Квяткоўскі мяркуе, што праз вязніцы і іншыя віды рэпрэсіяў – як у крымінальных, гэтак і ў адміністратыўных палітычных справах – у Беларусі пасля 2020 года прайшлі да 100 тысячаў асобаў з больш як мільёну тых, хто выходзіў на пратэсты.
,,«Гэты мільён з чымсьці плюс тыя, хто спачываў, яны з кім будуць мірыцца – з [прапагандыстам Рыгорам] Азаронкам, з [былым кіраўніком МУС Юрыем] Караевым, з [дзейным кіраўніком ведамства Іванам] Кубраковым, з іншымі карнікамі?» – задаецца пытаннем публіцыст.
Не ўсе прыхільнікі Лукашэнкі ягоныя прыхільнікі
Паводле Квяткоўскага, беларускае грамадства застаецца дастаткова маналітным. Ён мяркуе, што «шмат хто з людзей, якія дэкларуюць, што яны «ябацькі», проста выжываюць, мімікруюць, каб сябе захаваць». Адданых жа фанатыкаў Аляксандра Лукашэнкі, на яго думку, амаль не засталося. Дый агулам, мяркуе Квяткоўскі, большасць беларусаў, як і жыхароў іншых краінаў, хоча проста «спакойна жыць, ствараць сем’і, гадаваць або не гадаваць дзяцей, вандраваць» – «ніхто не хоча напружвацца». Аднак, на яго думку, пасля 2020 года Лукашэнка пачаў напружваць нават тых, хто не пратэставаў супраць яго.

Блогер Андрэй Павук адзначае, што нават сярод прыхільнікаў Лукашэнкі ёсць людзі, з якімі б можна было размаўляць. Гэта тыя, хто паважае сваіх апанентаў, з імі можна абмяркоўваць у тым ліку вострыя сацыяльна-палітычныя пытанні.
«Такія людзі могуць задумацца пра тое, што нешта не так. І прыслухацца да сваіх апанентаў. Ёсць такія людзі», – кажа Павук.
Рэжым цкуе беларусаў на апанентаў
Разам з тым, паводле яго, «ядроныя «ябацькі» не могуць сябе дазволіць слабіну з «беглымі».
,,«З усімі "ябацькамі" можна было б размаўляць, дамаўляцца. Калі б нам не перашкаджала Лукашэнкаўская сістэма. Бо яна іх цкуе на нас», – мяркуе ён.
На думку Павука, ужо цяпер з прыхільнікамі Лукашэнкі можна знайсці агульныя, хоць і непалітычныя, побытавыя тэмы, як, напрыклад, цэны на прадукты ў крамах.
«Палітыка вельмі моцна раззадорвае і падзяляе. І на гэта ёсць палітычная воля сістэмы, на жаль. Яна прымушае іх быць агрэсіўнымі да нас», – заяўляе Павук.
У сваю чаргу Квяткоўскі мяркуе, што агульнай нацыянальнай ідэяй, якая б магла прымірыць беларусаў, магла б стаць ідэя агульнага дому:
«Якімі б мы ні былі рознымі ў нашых палітычных поглядах (далёка не ўсе беларусы за дэмакратыю, ёсць і манархісты, ёсць левыя, правыя, цэнтрысты), усё роўна наш дом – Беларусь, мы мусім яго вярнуць сабе. Пакуль ён нам не належыць».
Прыхільнікі Лукашэнкі таксама хочуць адлігі
«Беларуская ініцыятыва» інстытуту «Chatham House» прадставіла 17 студзеня вынікі даследавання аб успрыманні беларусамі выбарчай кампаніі. Даследчыкі ацанілі, што выразна падтрымлівае Лукашэнку 33 %. Яны не абавязкова згодныя з усёй ягонай палітыкай, але часам не бачаць альтэрнатывы. Яшчэ 41 % – нейтральныя. 14 % – выразна прадэмакратычныя, 13 % – незадаволеныя Лукашэнкам перадусім з эканамічных прычынаў.

Бальшыня беларусаў хацела б, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася і каб пачалася «адліга» (як то вызваленне палітвязняў і паляпшэнне стасункаў з Захадам). Нават праўладная група гэта падтрымлівае, а праціўнікаў «адлігі» агулам вельмі мала – не больш як 15 %. У тым, што «адліга» будзе, беларусы сумняюцца: лічаць, што ўлады Беларусі ў гэтым не зацікаўленыя, а Захад не гатовы ўзаемадзейнічаць з аўтакратам і саюзнікам Расеі.
З тым, што Лукашэнка робіць усё, каб Беларусь не ўцягнулі ў вайну, цалкам пагадзіліся 36 %, часткова пагадзіліся 32 %, хутчэй не пагадзіліся 5 % і зусім не пагадзіліся 6 %. Выходзіць, Лукашэнка меў адносны поспех у тым, каб пераканаць прынамсі частку беларусаў у сваёй «міралюбнасці».
Стаўленне беларусаў да вайны Расеі супраць Украіны амаль не мяняецца: нават калі Расея наступае, беларусы не «далучаюцца да пераможцы». Падобна, беларусы ўжо зрабілі адносна гэтай вайны каштоўнасны выбар: 27 % не падтрымліваюць дзеянні Расеі, 13 % хутчэй не падтрымліваюць, 15 % хутчэй падтрымліваюць, 17 % – падтрымліваюць Расею.
Што да сітуацыі ў Беларусі, бальшыня беларусаў – нават траціна прадэмакратычных – кажа, што мае «сярэднюю задаволенасць» сітуацыяй у Беларусі. І менш за палову праўладных маюць высокую задаволенасць. Найбольшая незадаволенасць – ростам цэнаў, няроўнасцю даходаў і ўзроўнем беднасці, памерам падаткаў.
Віталь Бабін, Макар Мыш belsat.eu