Паведамленне пра тое, што прэзідэнт ЗША Доналд Трамп 21 студзеня падпісаў указ аб часовым прыпыненні праграмаў дапамогі на 90 дзён, выклікаў шквал крытыкі ў самых розных краінах. Не ўсё было зразумела з дакументу і не ўсе, хто прысутнічаў на абмеркаванні, здолелі адкрыта назваць свае імёны медыям, каментуючы артыкулы ўказу. Але адна з крыніцаў «Reuters» паведаміла: «Замарожванне гэтых міжнародных інвестыцыяў прымусіць нашых міжнародных саюзнікаў шукаць іншых партнёраў у фінансаванні – імаверных канкурэнтаў і супернікаў ЗША, – каб запоўніць гэтую дзірку».
Размова ідзе аб праграмах для замежных дзяржаваў, НДА і міжнародных арганізацыяў. Ва ўказе гаворыцца, што за гэтыя тры месяцы трэба будзе ацаніць іх «эфектыўнасць і адпаведнасць вонкавай палітыцы Злучаных Штатаў». Акрамя таго, адзначаецца, што ў шмат якіх выпадках аказанне гэтае дапамогі ў некаторых дзяржавах «дэстабілізуе мір ва ўсім свеце, прасоўваючы ў замежных краінах ідэі, што проста супрацьлеглыя гарманічным і стабільным адносінам унутры краінаў і паміж імі».
Дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб’ёў забараніў Дзярждэпартаменту і Агенцтву ЗША ў міжнародным развіцці (USAID) надаваць замежную дапамогу, пакуль праграмы не будуць перагледжаныя. А на гэтыя два ведамствы прыпадае 90 % дапамогі. Лічбы ўражваюць: у 2023 годзе паводле лініі USAID было выдаткавана $ 42,5 мільярда, а паводле лініі Дзярждэпу — $ 18,9 мільярда.
Выглядае, што ўзяліся сур'ёзна. Крыніца «The Wall Street Journal» паведаміла, што праз падазрэнні ў спробе абысці ўказы новага прэзідэнта кіраўнік USAID адправіў 57 высокапастаўленых работнікаў агенцтва ў неаплатны водпуск. А супрацоўнікаў, якіх наймалі праз кампаніі-падрадчыкі, увогуле звольнілі. А гэта каля 400 чалавек. Гаворка ідзе не толькі аб прыпыненні фінансавання, але і аб расходаванні сродкаў. Рэцыпіентам дапамогі ЗША загадана спыніць працу. «The New York Times» піша, што арганізацыі, якія бяруць удзел у праграме барацьбы са СНІДам (PEPFAR), мусяць спыніць выдачу тых лекаў, што ўжо былі набытыя на амерыканскія грошы. Газета апублікавала лічбы з даследавання пра тое, што пад пагрозаю смерці апынуліся амаль 600 тысячаў чалавек у ПАР і каля паўтара мільёна ВІЧ-інфікаваных ва Угандзе. У некаторых бедных дзяржавах усе лекі закупляліся толькі на грошы ЗША. Некаторыя міжнародныя гуманітарныя арганізацыі паспяшаліся заявіць, што больш не будуць размяркоўваць дзіцячыя вакцыны, сеткі ад камароў, пратэзы, харчаванне і ваду ў лагеры ўцекачоў па ўсім свеце.

Але Маркаў Руб’ёў зрабіў выключэнне, дазволіўшы падтрыманне для «жыццёва неабходнай гуманітарнай дапамогі», гэта значыць, на тыя самыя «жыццёва неабходныя лекі, медычныя паслугі, харчаванне, прытулак і сродкі да існавання, а таксама расходныя матэрыялы і разумныя адміністратыўныя выдаткі, неабходныя для надання такой дапамогі».
Старшыня ААН Антонью Гутэрыш таксама паспеў выказаць сваю заклапочанасць. І гэта зразумела: на грошы ЗША фінансаваліся шматлікія праграмы. Летась толькі ў Конга 70 % дапамогі было на амерыканскія грошы, а ў Судане – 47 %. Гэтак жа і 22 % ад усяго бюджэту ААН – гэта амерыканскія грошы. Акрамя таго, больш за чвэрць, а менавіта 27 % выдаткаў на міратворчыя місіі таксама фінансуе ЗША. Упраўленне Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў загадала скараціць выдаткі і не наймаць новых работнікаў.
А якая сітуацыя на медыйным рынку? Ва Украіне дырэктар Інстытуту масавай інфармацыі Аксана Раманюк сказала, што 80 %, калі не больш, украінскіх медыяў супрацоўнічалі з USAID. Што ж тады казаць пра недзяржаўныя беларускія СМІ, якія і так амаль 4 гады на мяжы выжывання. Невядома, што будзе пасля таго, як скончацца 90 дзён, адведзеныя на правяранне эфектыўнасці тых ці іншых праграмаў. Ужо цяпер гавораць пра магчымае закрыццё некаторых арганізацыяў у шмат якіх краінах. Але што датычыць беларускіх медыяў, то тут асаблівай яснасці няма.
Указ толькі пачаў дзеяць, і пра рэальныя наступствы казаць яшчэ рана. Але адно ўжо зразумела: на міжнароднай арэне ЗША праявілі сябе як непрадказальны партнёр. Парадокс: з аднаго боку, увесь свет атрымаў магчымасць яшчэ раз пераканацца, наколькі ўплывоваю і багатаю краінаю ёсць ЗША, а з другога - гэтая краіна праз сваю ж ініцыятыву адмовілася, хоць і на час, ад вялізнай часткі свайго ўплыву на гэты свет. Што да ўнутранай палітыкі, то некаторыя аналітыкі мяркуюць, што ўказы Доналда Трампа дазволяць скарачаць дзяржаўных службоўцаў, і прадказваюць, што застануцца ў асноўным тыя, хто аддае перавагу кансерватыўнаму курсу развіцця. А гэтая ідэалогія не любіць крытычных выказванняў і ўважае за лепшае весці размову з пазіцыі сілы. Ці будзе яна панаваць у асяроддзі амерыканскага істэблішменту, сказаць пакуль цяжка. Але тэндэнцыя, здаецца, відавочна акрэслілася.
Любоў Лунёва