Маладая бульба з'явіцца ў беларускіх крамах найбліжэйшымі тыднямі, заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, піша БелТА.
Юрый Горлаў апавёў, што праз халодную вясну новы ўраджай бульбы сёлета збіраюць пазней. Ён паабяцаў, што маладую бульбу ў крамах можна будзе знайсці найбліжэйшымі тыднямі.
,,«Праз замаразкі вегетацыя вялася не такімі тэмпамі, як фізіялагічна павінна было быць. Таму мы цяпер чакаем і прыступаем да ўборкі нашай беларускай бульбы, якая задаволіць патрэбы ўсяго нашага ўнутранага рынку», – сказаў Горлаў.
Ён запэўніў, што беларусам хопіць морквы, цыбулі і капусты, але могуць быць праблемы з яблыкамі – будучы ўраджай пацярпеў праз замаразкі.
Увесну 2025 года беларусы сутыкнуліся з сапраўдным бульбяным крызісам – бульба то знікала зусім, то купіць яе можна было толькі дрэннай якасці і за вельмі высокую цану. Затым праблемы былі і з іншаю гароднінаю.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання апавёў, што ў краіне вырошчваецца нават больш бульбы, як трэба.
,,«Летась мы вырасцілі каля 780 тысяч тонаў бульбы. Патрэбы нашай краіны – 78–90 тысяч тонаў за год. Астатняе мы экспартуем», – сказаў Юрый Горлаў.
«Белстат» даведаўся, што за апошнія два гады Беларусь актыўна прадавала бульбу ў Еўропу, асабліва ў 2024-м. Значныя пастаўкі ў Малдову былі нават у студзені і лютым 2025 года, а ў сакавіку беларускі сегмент сацсетак напоўніцу скардзіўся на жудасную якасць бульбы ў Беларусі. Рост экспарту ў Еўропу пачаўся якраз пасля таго, як у Беларусі ўвялі жорсткае цэнавае рэгуляванне ўвосень 2022 года.
Таксама Беларусь сталася самым буйным дастаўцам бульбы ў Расею ў 2024 годзе.
Як апавёў раней «Белсату» спецыяліст у сельскай гаспадарцы, былы кіраўнік калгасу Мікалай Лысянкоў, хутчэй за ўсё Беларусь не прадала ўсёй бульбы, якую мела: частка ўраджаю проста згніла праз праблемы з умовамі захоўвання.
Арсен Рудэнка belsat.eu