Эксперты ААН у правах чалавека зрабілі заяву адносна становішча жанчын у беларускіх месцах пазбаўлення волі і назвалі ўмовы ўтрымання там жахлівымі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўпраўлення ААН у правах чалавека. «Белсат» даведаўся, што гэта азначае, у былой палітзняволенай, якая адбывала пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі.
Эксперты ААН выказалі «глыбокую занепакоенасць» тым, што адсутнічаюць эфектыўныя расследаванні паводле заяваў аб гендарным гвалце і жорсткім абыходжанні з жанчынамі ў месцах папярэдняга зняволення і папраўчых калоніях Беларусі. Тады як умовы, у якіх перабываюць жанчыны, жудасныя.
Эксперты звяртаюць увагу на перапоўненасць месцаў папярэдняга зняволення, антысанітарыю, цяжкасці з атрыманнем медычнай дапамогі, адсутнасць чыстай або цёплай вопраткі, ператрусы з распрананнем, што праводзяць у тым ліку мужчыны, а таксама на адсутнасць магчымасці адасобіцца пры наведванні прыбіральні.
Эксперты мяркуюць, што работнікі месцаў пазбаўлення волі, Дэпартамент папраўчых установаў і пракуратура могуць быць датычныя да ўтойвання злоўжыванняў.
«Шмат цвілі, усё старое і з непрыемным пахам»

Былая палітзняволеная Алеся Буневіч, якая адбывала пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі, кажа, што праблемы з гігіенаю і туалетам адныя з самых невыносных.
,,«Самае складанае, да чаго немагчыма прызвычаіцца, – паўнавартасная лазня раз на тыдзень. Заўсёды ёсць цяжкія працы ці брудныя – інвентарныя працы, уборка снегу. Натуральна, што жанчына пацее і не можа адчуваць сябе чыстай пасля такіх прац. Вельмі складана мірыцца з тым, што ты не можаш прыйсці ў атрад і зрабіць патрэбныя гігіенічныя працэдуры. Бывалі дні, калі адключалі ваду і проста рукі нельга было памыць», – кажа яна.
Бытавыя ўмовы моцна адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, новы будынак ці стары. Алеся была ў абодвух.
«У новым даволі добрыя ўмовы ўтрымання ў параўнанні са старым. Там ёсць магчымасць рабіць неабходныя дзяўчатам гігіенічныя працэдуры. Рамонт выглядае не так ужо і дрэнна. У старым умовы ўтрымання зусім іншыя. Там вельмі шмат цвілі, старая сантэхніка, усё старое і з непрыемным пахам. Няма ніводнага памяшкання, дзе можна спакойна заняцца сваёй гігіенай. У прыбіральні ўнітазы стаялі амаль адзін насупраць аднаго і толькі маленькая шторка аддзяляла людзей», – расказвае Алеся.
Калонія № 4 у Гомлі для тых, хто ўпершыню адбывае пакаранне, але эксперты ААН адзначаюць, што ім вядома пра выпадкі, калі работнікі калоніі заахвочваюць зняволеных да гвалту ў дачыненні да іншых вязняў.
«Хутчэй правакуюць на нейкія дзеі, што могуць быць ацэненыя як гвалтоўныя», – кажа Алеся.
Напрыклад, адзін зняволены можа імітаваць, што ўпаў з лесвіцы ад штуршка.
«І ў выніку цябе абвінавацяць, што гэта ты штурхнуў. Пакаранне звычайна самае жорсткае – гэта ШІЗА. Часта адміністрацыя правакуе вязняў “на абразу”. Ты пачынаеш падвышаць голас, каб неяк абараніць сябе, а гэта ацэньваецца як абраза работніка. І гэта таксама караецца соднямі ў ШІЗА», – дадае былая палітзняволеная.

Адрозненне ў стаўленні да палітвязняў кідаецца ў вочы адразу, адзначае яна. Ужо на каранціне падчас інструктажу вельмі шмат увагі ад работнікаў, парадаў «сядзець ціха і не высоўвацца».
,,«Самае балючае – такія ўмовы, калі ты не можаш заступіцца за іншага чалавека. Фактычна выхоўваецца нездаровы эгаізм, калі чалавек вымушаны думаць толькі пра сябе, бо кожнае тваё слова ў падтрыманне кагосьці можа быць расцэненае як парушэнне правілаў унутранага распарадку. Гэта можа скончыцца ШІЗА ці пазбаўленнем пасылак, часта спатканняў», – працягвае суразмоўніца.
Сама яна не трапляла ў ШІЗА.
Звычайныя зняволеныя ў калоніі ставяцца да «палітычных» па-рознаму. Хтосьці добра, хтосьці абыякава, а некаторыя варожа. Суразмоўніца мяркуе, што варожасць звязаная з дзеямі адміністрацыі.
«Калі ў нас, у жоўтых [у палітвязняў жоўтыя біркі на вопратцы. – Заўв. рэд.] было нейкае парушэнне, за гэта караўся ўвесь атрад. Вядома, якое можа быць стаўленне, калі замест таго, каб гадзіну папіць кавы ці напісаць ліст, увесь атрад павінен чытаць на вуліцы ў любое надвор’е правілы ўнутранага распарадку або мыць атрад цалкам», – расказвае Алеся.
Пакутуюць нават дзеці

Часам дзяржаўныя камісіі ездзяць па турмах і калоніях і правяраюць нібыта, ці ўсё добра ў гэтых месцах з правамі чалавека. Суразмоўніца кажа, што іх калонія лічылася ўзорнаю, але ўсё выглядала ў дзень правярання інакш. Усё прыводзілі ў ідэальны парадак, і зняволеныя мусілі не паказвацца.
«Такі дысананс: праверка едзе ў калонію і пры гэтым не бачыць і амаль не размаўляе са зняволенымі. Яны ідуць у сталоўку. Безумоўна, у гэты дзень усе будуць прыгожа апранутыя. Калі мы кажам пра медчастку, да якой таксама багата пытанняў, у палаце таксама ніхто не скажа шчыра, якія праблемы ёсць. Усе ж ведаюць, што праверка прыехала і паехала, а нам там заставацца. Усе ведаюць, чым можа скончыцца твой "выступ" – ад прыбірання тэрыторыі да пазбаўлення пасылкі, спаткання і самае жорсткае – гэта ШІЗА.
У доме дзіцяці [там да 3 гадоў перабываюць дзеці, якія нарадзіліся ў калоніі. – Заўв. рэд.] таксама ведаю, што багата праблемаў. З доступам мам да дзяцей, з тым, як да іх ставяцца работнікі. Безумоўна, ніхто з гэтых мам у інтэрв'ю нічога не скажа», – падводзіць рысу Алеся Буневіч.
Арсен Рудэнка belsat.eu