«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 20 студзеня чытайце ў нашым матэрыяле.
Цягам апошняга тыдня найбольш актыўным заставаўся фронт на тэрыторыі Данецкай вобласці Украіны, дзе ініцыятыва па-ранейшаму захоўваецца за расейскімі вайскоўцамі.
Так, на краматорскім кірунку Узброеныя сілы РФ працягваюць штурмаваць горад Часаў Яр і ягоныя ваколіцы. Паводле наяўнай інфармацыі, цяпер найцяжэйшыя баі лакалізуюцца ў шматпавярховай забудове ў ваколіцах мясцовага стадыёну «Авангард», адкуль расейцы намагаюцца прабіцца ў мікрараёны Новапаўночны і Шаўчэнка. Пры гэтым украінскія вайскоўцы адзначаюць, што праціўнік мае істотную перавагу ў пяхоце, якая на гэтым участку фронту адзначаецца добрай падрыхтоўкай.
Агулам, пад кантролем войскаў РФ ужо знаходзіцца каля паловы гарадской забудовы Часавага Яру.
Адначасова з гэтым расейцы спрабуюць прарваць абарону Збройных сілаў на поўдні ад гораду, што ў перспектыве дазволіць выйсці да суседняй Канстанцінаўкі, але пакуль лінія сутыкнення на гэтым участку фронту застаецца нязменнай.
На суседнім тарэцкім кірунку расейцы блізкія да поўнага захопу аднайменнай агламерацыі. Тут кантроль ЗСУ фіксуецца толькі на поўначы гораду ў ваколіцах мясцовых тэрыконаў, а таксама на тэрыторыі шахты «Тарэцкая».
Адначасова з гэтым назіраюцца спробы расейцаў прабіцца на захадзе каля населеных пунктаў Шчарбінаўка і Леанідаўка, аднак тут ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка. Імаверна, пасля поўнага захопу Тарэцку, войскі РФ будуць абыходзіць гэтыя пазіцыі праціўніка з поўначы.
На захадзе Данбасу найбольш складаная сітуацыя для ЗСУ назіраецца ў ваколіцах Пакроўску. Тут асноўны ціск расейцаў ажыццяўляецца на паўднёвым захадзе ад населенага пункту, адкуль расейцы намагаюцца атачыць горад, а таксама перарэзаць ягоную асноўную лагістычную артэрыю – трасу на Паўлаград. Ужо цяпер гэты шлях знаходзіцца пад поўным агнявым кантролем БпЛА УС РФ, што робіць перасоўванні па ім небяспечнымі.

Акрамя гэтага фіксуецца актыўнасць расейцаў у заходнім кірунку, у чым бачыцца жаданне прабіцца да суседняй Днепрапятроўскай вобласці, да мяжы з якой застаецца каля пяці кіламетраў.
Пры гэтым штрумавыя дзеянні расейцы праводзяць з мінімальнай колькасцю тэхнікі, робячы стаўку на татальную перавагу ў жывой сіле. У гэты ж час вайскоўцы ЗСУ паведамляюць, што з іхнага боку пазіцыі фактычна паўпустыя, а стрымліванне ворага ажыццяўляецца за кошт прымянення ўдарных БпЛА.
Складанае становішча ЗСУ і на курахаўскім кірунку, дзе пасля захопу аднайменнага гораду расейцы спрабуюць рухацца далей на захад. Цяпер баявыя дзеянні ідуць за населены пункт Дачнае, пры гэтым паралельна расейцы намагаюцца прасунуцца сюды з поўдня, што пагражае заходам у тыл Сілам абароны Украіны. Агулам на гэтым кірунку ідзе выпрастоўванне лініі фронту з паступовым рухам на захад у бок Днепрапятроўскай вобласці.
На ўрэмаўскім кірунку (на мяжы Данецкай, Запарожскай і Днепрапятроўскай вобласцяў) баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах Вялікай Навасёлкі. Фактычна расейцам удалося заняць прылеглыя да яе з поўначы, усходу і поўдня населеныя пункты, што прывяло да паўатачэння, і ўжо ў такім становішчы яны перайшлі да штурму ўскрайкаў самога пасёлку. З улікам канфігурацыі фронту, можна меркаваць, што неўзабаве ЗСУ давядзецца адысці са сваіх пазіцый.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu