За 2024 год продаж беларускіх аўтобусаў МАЗ у Расею знізіўся на 45,5 % у параўнанні з 2023 годам. Таксама знізіўся і продаж беларускіх цяжкавікоў.
Паводле звестак «АСМ-холдинг», агулам летась Беларусь паставіла ў Расею 504 аўтобусы МАЗ супраць 923 за 2023 год. У снежні было пастаўлена 111 аўтобусаў МАЗ, гэта на 11,9 % менш, чым за аналагічны перыяд 2023 года.
Таксама летась у Расеі было зарэгістравана 27 электробусаў «Белкамунмашу» і 13 аўтобусаў «Нёман». За 2023 год з такіх марак у РФ паставілі толькі адзін аўтобус.
Агулам расейскі рынак аўтобусаў у 2024 годзе вырас на 15,4 % да 19,7 тыс. адзінак. Лідарамі застаюцца чатыры расейскія маркі і адна кітайская.
Упалі летась і пастаўкі ў Расею беларускіх цяжкавікоў МАЗ – на 10,7 %, хоць у снежні яны і выраслі на 3,2 %. У 2024 годзе ў РФ прадалі 5719 цяжкавікоў Менскага аўтамабільнага заводу супраць 6406 годам раней.
Агулам летась у РФ было прададзена 126 165 цяжкавікоў (на 12,5 % менш). Сярод лідараў – зноў жа расейскія і кітайскія маркі.
Беларускія аўтобусы «МАЗ» рэгулярна загараюцца, асабліва часта – у Расеі. Прадстаўнік камітэту транспарту адміністрацыі расейскага Санкт-Пецярбургу Валянцін Енакаеў расказаў, што ў горадзе выявілі магчымыя прычыны пажараў у аўтобусах. Прычынаў узгарання нібыта дзве: кароткае замыканне і прылада гідрапрываду радыятара. Але галоўная прычына ў тым, што кампаноўка аўтобусаў шмат гадоў не мянялася, а патрэбы змяніліся.
Якуб Хруст belsat.eu