Камітэт транспарту Санкт-Пецярбургу мяркуе, што выявіў праблему з беларускімі аўтобусамі: генератар слабы, сістэмы «змагаюцца» за яго, а каб не даходзіла да пажараў, трэба паставіць электрапрывад вентылятараў.
Беларускія аўтобусы «МАЗ» рэгулярна загараюцца, асабліва часта – у Расеі. Прадстаўнік камітэту транспарту адміністрацыі расейскага Санкт-Пецярбургу Валянцін Енакаеў расказаў выданню «Фонтанка», што ў горадзе выявілі магчымыя прычыны пажараў у аўтобусах.
Прычынаў узгарання нібыта дзве: кароткае замыканне і прылада гідрапрываду радыятара. Глыбінная ж прычына – у тым, што кампаноўка аўтобусаў шмат гадоў не мянялася, а патрэбы змяніліся.
«Ёсць генератар з вызначаным аб'ёмам выпрацоўвання электраэнергіі, – тлумачыў Енакаеў. – І ёсць энергаспажыўцы, колькасць якіх за апошнія гады вырасла: медыяэкраны, відэакамеры, плацежныя тэрміналы, навігацыя, кандыцыянеры. Той жа генератар усіх забяспечыць не можа, ідзе барацьба за яго, як у касмічнай станцыі, змаганне за эканомію. Змена кампаноўкі – складаны працяглы працэс. Па сутнасці, гэта канструяванне і выпрабаванне новага аўтобуса, за дзве секунды такога не зрабіць».
Пасля першых здарэнняў абласныя ўлады далі заданне вытворцам аўтобусаў «МАЗ» і падобных да іх расейскім «Volgabus» змяніць канструкцыю машынаў дзеля павышэння пажарнай бяспекі. Цяпер у Санкт-Пецярбург паставілі абноўленыя аўтобусы з электрапрывадам вентылятараў.
Не выклікае сумневаў, што аўтобусы «МАЗ» гараць невыпадкова. Але аб’яднанне «BELPOL» раней выказвала расказвала пра іншую версію прычынаў. Паводле аб’яднання, засакрэчанае расследаванне ўладаў Беларусі паказала, што прычынамі былі вымушаныя канструктыўныя змены праз міжнародныя санкцыі (запраектаваныя рухавікі «Merсedes» замянілі на кітайскія «Weichai»), няякасны мантаж электраабсталявання пры зборы і нізкая эфектыўнасць сістэмы гашэння пажару «Эпотос» расейскай вытворчасці, якую ставілі на патрабаванне расейскіх замоўцаў. Праз усё гэта «МАЗ» быў вымушаны дапрацоўваць каля 700 аўтобусаў, пастаўленых як у Расею, так і ў Беларусь.
Алесь Наваборскі belsat.eu