Аналітыка

Міжнародная абарона абнуляе тэрмін перабывання на ВНЖ? Разбіраемся

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Белсат
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У шмат якіх беларусаў, якія выехалі ў Польшчу праз пераслед пасля пратэстаў 2020 года, неўзабаве скончыцца гуманітарны від на жыхарства. Падоўжыць яго немагчыма, але можна падацца на міжнародную абарону. І вось тут шмат у каго паўстае пытанне: ці сапраўды падача на абарону абнуляе папярэдні тэрмін перабывання ў Польшчы? «Белсат» тлумачыць, што напісана ў польскіх законах на гэты конт.

На які тып сталага віду на жыхарства ў Польшчы можна прэтэндаваць?


Адрозна ад часовага ВНЖ, сталы від на жыхарства дае права пражываць у краіне ўвесь час, без пацверджання і падаўжэння гэтага статусу. Сталы від на жыхарства ў Польшчы бывае двух тыпаў: сталы побыт альбо карта рэзідэнта Еўразвязу.


1. Stały pobyt (сталы побыт)


На гэты від дакументаў могуць падавацца замежнікі, якія адпавядаюць крытэрам арт. 195 Закону аб іншаземцах. Напрыклад, гэта наяўнасць польскіх каранёў, карта паляка, шлюб з грамадзянінам Польшчы не менш як 3 гады запар ці 5 гадоў жыцця ў краіне на падставе міжнароднай абароны


Асобы, якія атрымалі міжнародную абарону, могуць прэтэндаваць на сталы побыт, калі непасрэдна перад падачаю заявы пражывалі на тэрыторыі Польшчы не менш як 5 гадоў у сувязі з прадастаўленнем такога статусу


З гэтага вынікае, што ўладальніку карты часовага побыту паводле міжнароднай абароны можна прэтэндаваць на сталы побыт толькі праз 5 гадоў з моманту яго атрымання.


2. Pobyt rezydenta długoterminowego UE (карта рэзідэнта ЕЗ)


Атрымаць карту рэзідэнта ЕЗ больш складана, таму што яна прызначана для тых, у каго няма шчыльнай сувязі з Польшчай. Для атрымання прыйдзецца выканаць дадатковыя ўмовы, вызначаныя ў арт. 211 Закону аб іншаземцах. Сярод іх – стабільны заробак, валоданне польскай мовай на ўзроўні, не ніжэйшым за В1, наяўнасць медычнай страхоўкі не менш яктры апошнія гады, ды іншыя.

Людзі ідуць на фоне хмарачосаў у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 8 красавіка 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Людзі ідуць на фоне хмарачосаў у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 8 красавіка 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Каб атрымаць карту рэзідэнта Еўразвязу, трэба выканаць усе пералічаныя ўмовы, а таксама легальна і бесперапынна пражыць на тэрыторыі Польшчы не менш за 5 гадоў перад падачаю заявы. Але ў гэтыя 5 гадоў залічваюцца не ўсе перыяды.


Што залічваецца цалкам: працоўная віза, віза «Poland.Business Harbour», чаканне ВНЖ, ВНЖ на падставе працы, ВНЖ для ўз’яднання і бізнесу, чаканне статусу міжнароднай абароны цягам больш як 18 месяцаў.


Залічваецца палова часу: студэнцкая віза, ВНЖ для вучобы ў ВНУ, чаканне статусу міжнароднай абароны менш за 18 месяцаў.


Не залічваецца ўвогуле: адукацыйная віза D11, ВНЖ для вучобы ў паліцыяльнай школе.

Таксама важна ведаць, што гуманітарны від на жыхарства (арт. 186 Закону аб іншаземцах) і згода на гуманітарнае перабыванне (арт. 348 Закону аб іншаземцах) – розныя рэчы, якія часта блытаюць. Грамадзяне Беларусі, якія маюць гуманітарны від на жыхарства, таксама маюць права на атрыманне карты рэзідэнта Еўразвязу.

На вуліцы Табарова, 33 у Варшаве, дзе замежнікі падаюцца на абарону, чэргі можна заўважыць амаль заўсёды. Фота: Белсат
На вуліцы Табарова, 33 у Варшаве, дзе замежнікі падаюцца на абарону, чэргі можна заўважыць амаль заўсёды. Фота: Белсат

Які варыянт атрымання сталага віду на жыхарства самы хуткі?


Калі вы выконваеце неабходныя правілы, патрэбныя для падачы на абодва тыпы сталага віду, то можаце выбраць той, які вам зручнейшы. Каб зразумець, што лепш, разгледзім некалькі прыкладаў.


1. Пераезд у Польшчу з шэнгенскай візаю і адразу зварот па міжнародную абарону.


У гэтым выпадку для атрымання сталага побыту трэба будзе 5 гадоў пражыць у Польшчы менавіта на падставе міжнароднай абароны. Час перабывання на візе не залічваецца ў гэты тэрмін, а час чакання абароны залічваецца толькі ў тым выпадку, калі ён склаў больш за 18 месяцаў.


2. Пераезд на падставе гуманітарнай візы, потым атрыманне гуманітарнага ВНЖ, а потым міжнароднай абароны.


Калі вы пражылі год у Польшчы з гуманітарнай візай, потым яшчэ тры з гуманітарным ВНЖ і пасля звярнуліся па міжнародную абарону, то ў залік перабывання ў краіне для наступнага атрымання сталага побыту пойдзе толькі час з моманту выдачы рашэння аб міжнароднай абароне.


Але ў гэтым выпадку пасля года жыцця на міжнароднай абароне ў Польшчы можна будзе звярнуцца па карту рэзідэнта Еўразвязу (калі выконваюцца астатнія неабходныя ўмовы). 


3. Пераезд на падставе гуманітарнай візы альбо візы «Poland. Business Harbour», потым ВНЖ і зварот па міжнародную абарону.


Калі вы пераехалі ў Польшчу і год пражылі па доўгатэрміновай візе, потым тры гады жылі ў краіне з ВНЖ, а потым звярнуліся па абарону, вынік будзе не вельмі прыемны: усе чатыры гады вашага знаходжання не будуць улічвацца для сталага побыту. Адлік пяці гадоў пачнецца толькі з моманту атрымання міжнароднай абароны.


Але пры выкананні неабходных умоваў з арт. 211 Закону аб іншаземцах вам можна будзе звярнуцца па карту рэзідэнта ЕЗ, і гэта будзе максімальна кароткі час чакання сталага віду на жыхарства. 


Калі вы год пражылі на падставе візы, потым тры гады з працоўным ВНЖ, потым чакалі год рашэння аб абароне і год з ёй пражылі, выходзіць, што вам да атрымання карты рэзідэнта застаецца толькі паўгода. Арт. 212 Закону аб замежніках не прадугледжвае абмежаванняў для гуманітарнага ВНЖ, ён уключаецца цалкам, а вось час чакання абароны – толькі на палову.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Белсат
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Белсат

А што з грамадзянствам?


Атрымальнікі міжнароднай абароны, а таксама карты рэзідэнта Еўразвязу маюць права прэтэндаваць на грамадзянства Польшчы пры выкананні пэўных умоваў.


Напрыклад, праз 2 гады жыцця ў Польшчы асобы, якія маюць статус уцекача і сталы побыт, могуць атрымаць польскае грамадзянства.


Астатнія могуць прэтэндаваць на грамадзянства праз 3 гады, але пры наяўнасці стабільнага і рэгулярнага даходу і месца пражывання на тэрыторыі Польшчы.


Увага! Каб максімальна спрасціць разуменне, мы апусцілі некаторыя выключэнні з правілаў і рэдкія выпадкі. Калі ваш выпадак не ўпісваецца ў агульныя, можна пашукаць афіцыйныя адказы ў законах ці звярнуцца ва Управу па справах замежнікаў.

Беларускія пашпарты. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Беларускія пашпарты. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Чытайце таксама: 


Як звярнуцца па міжнародную абарону ў Польшчы? Пакрокавая інструкцыя і складанасці


8 папулярных пытанняў пра міжнародную абарону ў Польшчы


«Як выклікаюць людзей у чарзе, ніхто не разумее». Што кажуць людзі, якія падаваліся на міжнародную абарону ў Польшчы


Выязджаць з Польшчы і працаваць пасля падачы на міжнародную абарону можна. Тлумачым


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10