Рэпартаж

«Як выклікаюць людзей у чарзе, ніхто не разумее». Што кажуць людзі, якія падаваліся на міжнародную абарону ў Польшчы

На вуліцы Табарова, 33 у Варшаве чэргі можна заўважыць амаль заўсёды. Фота: Белсат
На вуліцы Табарова, 33 у Варшаве чэргі можна заўважыць амаль заўсёды. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Усё больш беларусаў выбірае міжнародную абарону ў якасці найбольш дасяжнага варыянту легалізацыі ў Польшчы. Прыняўшы такое рашэнне, першае, з чым яны сутыкаюцца, – гэта чэргі ва Упраўленні па справах замежнікаў. Каб дапамагчы суайчыннікам зарыентавацца, «Белсат» наведаў будынак на вуліцы Табарова, 33 у Варшаве і паразмаўляў з тымі, хто падаўся зусім нядаўна.

На вуліцы Табарова, 33 у Варшаве чэргі можна заўважыць амаль заўсёды: а 6-й раніцы людзі ўжо стаяць ля зачыненых дзвярэй. Часам пазяхаюць ці размаўляюць адно з адным, але часцей за ўсё моўчкі глядзяць у тэлефоны. Украінскіх «дапамагатараў», якія яшчэ ўлетку прасоўвалі сваіх кліентаў па-за чэргамі, не было відаць, таму абышлося без спрэчак.

Уваход зачынены да 8-й раніцы, потым брамку адчыняюць, і ўвесь натоўп ідзе ўсярэдзіну, каб узяць талончык. Паступова пачынаюць падцягвацца замежнікі з арабскіх краінаў, шмат хто з іх – з вялізнымі бауламі рэчаў і малымі дзецьмі. Іх праводзяць кудысьці па-за чаргою. Потым прыходзяць людзі, якія запісаліся на абарону іншымі шляхамі, а таксама тыя, каго цікавяць нейкія іншыя пытанні ва Упраўленні.

Неўзабаве выходзіць супрацоўніца ўстановы і пытае ў людзей у чарзе, хто з якога гораду прыехаў, а пасля запісвае ў ліст чакання прозвішчы тых, хто ўзяў талончык. Потым абвяшчае нешта накшталт: «Зараз з кіраўніцтвам будзем вызначаць, хто падаецца сёння, а хто потым, бо вас шмат, а нас мала. У першую чаргу тыя, хто з малымі дзецьмі, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, цяжарныя жанчыны. Мы будзем выклікаць усіх паводле прозвішча, не паводле нумару».

Неўзабаве ўсярэдзіне робіцца спякотна – амаль няма свежага паветра, шмат хто сядзіць на падлозе, бо месцаў не хапае. У асобным пакоі для гульняў плачуць дзеці. Жанчыны ў паранджы сядзяць групкамі з 3-5 чалавек і гучна пра нешта спрачаюцца. Часам падаецца, што гудзе вулей.

А 12-й гадзіне прыходзяць людзі, якія не ведаюць, як падацца на міжнародную абарону, і ідуць спытаць пра гэта ў акенцы № 5.

,,

«Не, сёння ніяк, вы што?! Прыходзьце заўтра а 8-й раніцы, я вас запішу ў ліст чакання, а потым паглядзім!»


Паводле назіранняў, у акенца на падачу дакументаў (а не на кансультацыю, якая таксама праходзіць тут) выклікалі за шэсць гадзінаў толькі пару-тройку чалавек. Людзі кажуць, што ніхто з іх не стаяў у чарзе раніцай.«Дапамагатараў» сёння таксама ніхто не заважыў.

«Я абсалютна не разумею, як працуе гэтая сістэма! Узяла адгул на працы, прыйшла а сёмай раніцы ў надзеі сёння падацца, а цяпер разумею, што за пяць гадзінаў выклікалі пару нейкіх сірыйцаў, якія прыйшлі пазней. І што мне рабіць, хадзіць сюды кожны дзень замест працы?» – скардзіцца дзяўчына з дзявятым нумарком.

Украінцы ў чарзе сядзяць з ночы, але іхныя шанцы падацца сёння ўжо расталі разам з цярплівасцю. Офіс закрываецца праз дзве гадзіны, а іх – першых, хто сёння ўзяў талончык, – яшчэ не выклікалі.

«Мы прыйшлі ўначы першымі, але а сёмай раніцы ўжо было чалавек пятнаццаць. Мы ўзялі нумаркі і пачалі чакаць. Але хутка зразумелі, што чарга да нас можа ўвогуле не дайсці: увесь гэты час выклікалі каго заўгодна, акрамя ўкраінцаў. За дзень толькі некалькі чалавек арабскага выгляду забралі памежнікі. Больш ніякага руху. Але мы ведаем, што трэба даседзець да канца дня, каб потым патрабаваць у гэтым акенцы прызначыць нам дакладны тэрмін, калі можна будзе прыйсці на падачу».

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Бяссонная ноч была зусім марнаю». Досвед тых, хто падаваўся на абарону ў апошнія месяцы

У канцы жніўня Антон (усе імёны тут і далей змененыя) правёў у чарзе ва Упраўленне па справах замежнікаў больш за 12 гадзінаў, але падаць дакументы ў той жа дзень так і не паспеў.

«Я напрыканцы жніўня прыехаў а другой гадзіне ночы і быў восьмым у чарзе. Добра, што было вельмі цёпла, інакш пяць гадзінаў там правесці было б увогуле нерэальна. З адкрыццём офісу ўзяў нумарок і падумаў, што павінен сапраўды паспець да 14:30 сёння падацца. Але дзе там! Выявілася, што да 13-й гадзіны прымаюць толькі тых, хто з дзецьмі, цяжарных, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Практычна ўсе з іх былі асобамі ўсходняга выгляду з кучай дзяцей. Паміж імі ўціскаліся тыя, хто толькі што прыехаў на таксі – іх адразу выклікалі. Я спытаў потым хлопца, які прыехаў і адразу падаўся, як ён так прымудрыўся? Ён адказаў, што запісаўся раней праз пошту на 10:00. Я пачаў разумець, што бяссонная ноч была зусім марнаю. Ад 13-й гадзіны пачалі нарэшце выклікаць людзей, якія былі ў чарзе з ночы. Але не паводле нумароў, а ўвогуле паводле нейкай іншай логікі. Нейкі ўкраінец пайшоў лаяцца ў акенца. Наколькі я зразумеў са сваёй кепскай польскай мовай, выклікаюць спачатку тых, у каго каго тэрмін дзеяння візы ці карты побыту пратэрмінаваны. У выніку да закрыцця а 14:30 я не паспеў. Але дзякуй дзяўчыне ў чарзе, якая падказала, што можна потым у гэтым акне папрасіць дакладную дату і потым не перажываць усё гэта нанова. Мяне запісалі праз месяц, у хуткім часе пайду».

Аляксей падаваўся на абарону асобна ад жонкі Ірыны, ён у лютым, яна ў сярэдзіне верасня. У лютым Аляксей падаўся за адзін дзень: прыйшоў а 7-й раніцы, выйшаў а 16-й. Ён працаваў паводле гуманітарнай візы, а жонка Ірына ў гэты час яшчэ была ў Беларусі.

«У лютым чэргі таксама былі, яле калі прыйсці як мага раней, то шанцаў падацца паводле свайго нумарка ў той жа дзень было шмат. Я зрабіў усё вельмі хутка. Але калі мы прыехалі ў верасні раніцай на Табарову, сістэма ўжо змянілася: мы ўвогуле не маглі зразумець, што да чаго.

,,

Зранку там ужо тусавалася «дапамагатарка» – жанчына з тэчкамі паперак і вельмі важным выразам твару. Да яе падыходзілі ўвесь час нейкія людзі, яна ім тлумачыла нешта і перадавала паперкі. Для мяне дагэтуль загадка, чым яна можа дапамагчы, бо сама працэдура вельмі простая: прыходзіш з пашпартам і робіш, што табе кажуць. Там не патрэбныя нейкія спецыяльныя веды, а паўплываць на тое, які нумарок цяпер выклікаюць, яна не можа».


Пасля таго як Ірына атрымала 13-ы нумарок, супрацоўніца ўстановы запісала ўсіх у ліст чакання, спытала, хто з іншага гораду ці з дзецьмі, – і на гэтым знікла. Людзей зноў пачалі выклікаць паводле незразумелай для суразмоўцы логікі.

«Нам сказалі нешта накшталт: «Калі на табло засвеціцца ваш нумар, вы не павінны падыходзіць да акенца, а проста сядзець і чакаць, пакуль назавуць вашае прозвішча». Праз некалькі хвілінаў паказаліся ўсе выдадзеныя 20 нумаркоў, і пачалося доўгае чаканне. За ўвесь дзень мы пачулі прыкладна тры прозвішчы. Прынцыпу, паводле якога выклікаюць людзей, ніхто не разумее – некаторыя прышлі пазней за нас. Потым нам падалося, што паклікалі жонку. У выніку выявілася, што не яе, але пані сказала, што сёння нас дакладна не выклічуць, бо праз паўтары гадзіны яны закрываюцца. Але ёсць два шляхі: даслаць заяву поштай у камендатуру, каб прызначылі канкрэтны час для падачы дакументаў, і потым чакаць, пакуль вам прызначаць тэрмін на Табаровай. Калі зрабіць так, то амаль праз месяц можна будзе дакладна падацца. Таксама нам патлумачылі, што нават калі за час чакання скончыцца пашпарт ці віза, мы ўсё роўна павінны будзем прыйсці. Другі варыянт – кожны дзень прыходзіць на Табарову і чакаць, але надзеі мала. Я быў абураны: ну чаму адразу гэтага не сказаць, каб людзі не марнавалі свайго працоўнага дня, а адразу даслалі гэтыя лісты ў камендатуру? Добра, што хоць выпадкова пра гэта даведаліся. Зараз будзем пісаць у камендатуру».

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Глеб спрабаваў падаць дакументы ў чэрвені, але паглядзеўшы на тое, што адбываецца на Табаровай, пастанавіў шукаць іншых шляхоў.

«Упершыню я прыйшоў падаваць дакументы 15 чэрвеня, людзей было шмат, але а 8:30 яны ўсе запісаліся і сядзелі чакалі, пакуль іх выклічуць. Я падышоў да акенца спытаць, і мне сказалі, што сёння ўжо ніяк – прыходзьце заўтра раней. Дагэтуль я чытаў артыкулы ў інтэрнэце і ўжо зразумеў, што так марнаваць час можна вельмі доўга. Пачаў шукаць іншых магчымасцяў падацца. Напісаў ліст у вольнай форме і даслаў яго праз «Profil zaufany» ў Галоўную камендатуру Памежнай аховы. Профіль можна зрабіць цалкам онлайн, калі ёсць рахунак у банку, а калі не, то можна схадзіць у падаткавую адміністрацыю і зрабіць яго там за пяць хвілінаў. Ужо праз тры дні мне далі дакладны тэрмін і час, калі трэба прыйсці ў офіс на Табаровай, 33. Праз месяц я прыйшоў, і мяне адразу выклікалі да акенца. Падалося, што мае дакументы ўжо былі напалову гатовыя, бо мяне вельмі хутка апыталі і сфатаграфавалі, узялі адбіткі пальцаў. Пакуль я чакаю рашэння».

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Беларуска Юлія распавядае, што падалася толькі з трэцяй спробы.

«Упершыню я спрабавала падацца на абарону ў ліпені, гэта было вельмі нервова. У мяне быў 12-ы талончык, хаця я прыйшла вельмі рана. Проста наперадзе быў вялікі такі дзядзька – «дапамагатар», які прыцягнуў яшчэ чалавек шэсць, і ўвесь час чарга спрачалася. Скарга ва Упраўленне не дапамагла – там сказалі: «Усё, што адбываецца па-за офісам, не нашая справа, а паліцыі». Потым увесь час выклікалі «левых» людзей, нават тых, хто быў не з «дапамагатарам», прывозілі затрыманых нелегалаў з торбамі. На вушы мне «прысеў» нейкі п’яны грузін. Пасля 15-й гадзіны ўсім проста далі зразумець: працоўны дзень скончыўся, так што «спердаляйце». Ужо потым я даведалася, што трэба было патрабаваць запісаць цябе на канкрэтную дату. У жніўні я прыйшла а сёмай гадзіне раніцы, атрымала свой талончык, пачакала, пакуль мяне запішуць у таблічку «Excel», а потым пайшла па сваіх справах. Вярнулася а 14:20, каб даведацца, што прайшло толькі тры чалавекі з чаргі. Я адразу пайшла ў пятае акенца, каб мяне запісалі. Праз тры тыдні я нарэшце змагла падацца на абарону. З улікам таго часу, які я там правяла, было відавочна: пры ўсім жаданні адзін супрацоўнік за дзень можа прыняць максімум некалькі чалавек».

Чытайце таксама: Папулярныя пытанні пра міжнародную абарону ў Польшчы

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10