Вайна

Расейцы блізкія да захопу Тарэцку. Чым гэта пагражае ЗСУ?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 13-я брыгады аператыўнага прызначэння НДУ «Хартыя» страляюць з савецкай гаўбіцы Д-30 у Харкаўскай вобласці, Украіна
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 13-я брыгады аператыўнага прызначэння НДУ «Хартыя» страляюць з савецкай гаўбіцы Д-30 у Харкаўскай вобласці, Украіна. 10 студзеня 2025 года. Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 13 студзеня чытайце ў нашым матэрыяле.

На мінулым тыдні на тэрыторыі Курскай вобласці РФ без істотных поспехаў скончыліся наступальныя дзеянні Збройных сілаў Украіны, пасля чаго пачаўся наступ расейцаў. Украінскае камандаванне адзначыла, што толькі за 6 студзеня праціўнік правёў 98 штурмавых дзеянняў, што склала каля 43% атак за гэты дзень па ўсёй лініі фронту.


Прарасейскія крыніцы пішуць, што войскам РФ удалося цалкам выбіць праціўніка з хутару Бердзін, а таксама прасунуцца каля населеных пунктаў Паграбкі, Новая Сарочына, Кругленькае і Малая Локня. Акрамя гэтага УС РФ ціснуць каля Рускага Папярэчнага, імкнучыся выйсці з паўднёвага захаду да гораду Суджа.


Між тым адзначаецца, што ЗСУ ўсё яшчэ захоўваюць буйную групоўку войскаў на тэрыторыі Сумскай вобласці Украіны, што дазваляе тэрмінова перакідаць рэзервы да лініі сутыкнення і лакалізоўваць прарывы расейцаў.


На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах населенага пункту Дварычна ў Купянскім раёне, дзе расейцам удалося стварыць невялікі плацдарм на правым беразе ракі Аскіл. Цяпер УС РФ намагаюцца насыціць гэты ўчастак сваёй пяхотай, каб замацавацца і развіць поспех. Адначасова з гэтым ажыццяўляецца ціск на суседні населены пункт Западнае.


У гэты ж час у Збройных сілаў назіраецца істотны недахоп у асабовым складзе, што пагражае далейшым пагаршэннем сітуацыі і ў перспектыве выхадам праціўніка з паўночнага захаду да Купянску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабіль едзе па дарозе побач са згарэлай вайсковай машынай каля горада Часаў Яр у Данецкай вобласці, Украіна. 10 студзеня 2025 года. Фота: Handout / 24th Mechanized Brigade of Ukrainian Armed Forces / AFP  / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабіль едзе па дарозе побач са згарэлай вайсковай машынай каля горада Часаў Яр у Данецкай вобласці, Украіна. 10 студзеня 2025 года. Фота: Handout / 24th Mechanized Brigade of Ukrainian Armed Forces / AFP / East News

На суседнім ліманскім кірунку расейцы расшыраюць свой плацдарм на правым беразе ракі Жарабец. Цягам тыдня ім удалося заняць сяло Іванаўка і пачаць рух да населенага пункту Калодзязі. Імаверна такім чынам Узброеныя сілы РФ намагаюцца абысці плацдарм ЗСУ на левабярэжжы паміж сёламі Церны і Торскае, і выйсці да Зарэчнага, ад якога ў далейшым адкрываецца магчымасць рухацца ў кірунку гораду Ліман.


На краматорскім кірунку асноўныя баі па-ранейшаму лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Часаў Яр і ягоных ваколіцаў. Тут расейцы маюць поспех у мікрараёнах «Новы» і «Жоўтневы», таксама яны занялі мясцовы вогнетрывалы камбінат. Адначасова з гэтым назіраецца цяжкая для ЗСУ сітуацыя ў раёне «Паўночны», дзе войскі РФ намагаюцца замацавацца, каб далей пачаць рух да заходніх ускрайкаў гораду.


Акрамя гэтага працягваюцца расейскія штурмы на поўдні ад Часавага Яру ў ваколіцах трасы на суседні горад Канстанцінаўка. Пакуль украінцам удаецца ўтрымліваць гэты стратэгічны ўчастак.



Сітуацыя
на краматорскім кірунку ў значнай ступені залежыць і ад баёў на суседнім тарэцкім, дзе пад кантролем ЗСУ застаецца толькі невялікая частка аднайменнага гораду. У выпадку поўнага захопу Тарэцку перад расейцамі адкрыецца дарога да паўднёвых ускрайкаў Канстанцінаўкі.


Між тым украінскія вайскоўцы пішуць, што за Тарэцкам удалося пабудаваць новую лінію абароны, якая з улікам мясцовых вышыняў дазволіць на нейкі час спыніць праціўніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы збіраюць пашкоджаныя боепрыпасы на дарозе на лініі фронту каля мястэчка Часаў Яр у Данецкай вобласці, Украіна. 10 студзеня 2025 года. Фота: Oleg Petrasiuk / Ukraine's 24th Mechanised Brigade via AP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы збіраюць пашкоджаныя боепрыпасы на дарозе на лініі фронту каля мястэчка Часаў Яр у Данецкай вобласці, Украіна. 10 студзеня 2025 года. Фота: Oleg Petrasiuk / Ukraine's 24th Mechanised Brigade via AP / East News

Агулам па завяршэнні абароны тарэцкай агламерацыі варта адзначыць, што хоць ЗСУ і не ўдалося ўтрымаць пазіцыі, яны ўсё змаглі спыніць флангавыя ўдары праціўніка, што вымусіла расейцаў атакаваць гарадскія кварталы ў лоб. А гэта ў сваю чаргу прывяло да большых стратаў сярод УС РФ, а таксама істотна расцягнула па часе самую аперацыю.


На пакроўскім кірунку расейцы працягваюць атакі з поўдня ад гарадоў Пакроўск і Мірнаград, але сур'ёзны рух на гэтых участках з далейшымі лабавымі штурмамі гэтых населеных пунктаў пакуль бачыцца малаверагодным. У гэты ж час больш лагічным выглядае прасоўванне з паўднёвага захаду ад Пакроўску, што дазволіць пагоршыць лагістыку ўкраінцаў, якая ў асноўным і завязаная на гэтым кірунку. Па гэтай жа прычыне верагодным будзе заход расейцаў і ў суседнюю Днепрапятроўскую вобласць, што дазволіць ахапіць агламерацыю па больш шырокім радыусе.


На курахаўскім кірунку, пасля захопу аднайменнага гораду, расейцы не сталі браць паўзу і працягнулі рух далей на захад у бок населенага пункту Дачнае. Адначасова з гэтым ажыццяўляецца ціск на пазіцыі сілаў абароны на поўначы і поўдні кірунку, што ўказвае на жаданне расейцаў абысці Дачнае з флангаў і атачыць праціўніка па лініі Шаўчэнка – Улаклы – Зялёнаўка.


На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. 


Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.


Наталля Кулыгіна belsat.eu 


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10