Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 10 студзеня ў другім чытанні прыняла праект змяненняў у закон у пытаннях крымінальнай адказнасці. Цяпер праект паступіць на разгляд у Савет Рэспублікі, а пазней – на подпіс Аляксандру Лукашэнку.
Праект закону ўносіць змяненні ў Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы Беларусі, Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Прадстаўляла дакумент старшыня Пастаяннай камісіі ў пытаннях заканадаўства Марына Лянчэўская.
Дакумент пашырае кола злачынстваў, за якія грамадзяне Беларусі будуць несці адказнасць пры іх здзяйсненні за межамі краіны. У гэты пералік уключаныя ў тым ліку злачынствы тэрарыстычнай накіраванасці, якая ў разуменні ўладаў краіны мае вельмі шырокае значэнне.
Законапраект таксама прапаноўвае перагледзець санкцыі 97 складаў злачынстваў. Яны дапаўняюцца альтэрнатыўнымі, больш мяккімі відамі пакаранняў, а таксама карэктуюцца ў частцы памеру пакаранняў або ўвядзення на альтэрнатыўнай аснове дадатковых пакаранняў.
Паводле дакументу, пазбаўленне волі не будзе прызначацца жанчынам і самотным мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей, маладзейшых за 14 гадоў, або дзяцей-інвалідаў, інвалідам I групы, што ўпершыню ўчынілі злачынства, якое не стварае вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства. Гэта ж датычыць няпоўнагадовых, якія ўпершыню ўчынілі злачынствы. Гэтае правіла не датычыць злачынстваў, якія пацягнулі з неасцярожнасці смерць чалавека альбо нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, а таксама затрыманых за пратэставую актыўнасць.
Таксама ўводзіцца дыферэнцыяцыя адказнасці за незаконнае абарачэнне сродкаў плацяжу: прапаноўваецца захаваць крымінальную адказнасць для грамадзянаў, якія распаўсюджваюць рэквізіты чужых банкаўскіх картак, і ўвесці адміністратыўную адказнасць для тых, хто падае рэквізіты ўласных картак. Таксама асобныя злачынствы прапаноўваецца перавесці ў справы прыватна-публічнага абвінавачвання: злачынствы аб парушэнні правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула з неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання і ўчыненым блізкімі асобы, якая пацярпела ад злачынства.
Ніжняя мяжа пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы скарочаная з 10 да 8 гадоў пазбаўлення волі.
З 1 студзеня ўрад пашырыў крытэры, паводле якіх сацыяльнае становішча дзіцяці будзе прызнавацца небяспечным. Адпаведную пастанову могуць прыняць, калі бацькоў прыцягвалі да адказнасці паводле палітычных адміністратыўных артыкулаў. У Офісе Святланы Ціханоўскай такую захаду назвалі «культываваннем самацэнзуры».
Якуб Хруст belsat.eu