Урад пашырыў крытэры, паводле якіх сацыяльнае становішча дзіцяці будзе прызнавацца небяспечным. Адпаведную пастанову могуць прыняць, калі бацькоў прыцягвалі да адказнасці паводле палітычных адміністратыўных артыкулаў. У Офісе Ціханоўскай такую захаду назвалі «культываваннем самацэнзуры».
Сярод іх – «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (караюць, напрыклад, за рэпост паведамленняў медыяў, прызнаных «экстрэмісцкімі фармаваннямі»), «Уцягванне няпоўнагадовага ў антыграмадскія паводзіны» (калі абвінавацяць у тым, што прывёў дзіця на несанкцыянаваны мітынг), «Дробнае хуліганства» (гэты артыкул часта даюць палітычным вязням з фармулёўкаю ў пратаколе «размахваў рукамі, лаяўся, на просьбы спыніцца не рэагаваў»).
Пашырэнне крытэраў, паводле якіх становішча дзіцяці будуць прызнаваць небяспечным, прадугледжвае пастанова, падпісаная прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. Дакумент прынялі 30 снежня, ён набыў моц 1 студзеня.
«Інтарэс да палітыкі прыраўнавалі да сацыяльнай заганы», – сказала «Белсату» Аліна Харысава, паліталагіня, экспертка аддзелу аналізу і стратэгіі Офісу Святланы Ціханоўскай, каментуючы пастанову ўраду.
,,«Такія захады робяцца адмыслова перад гэтак званымі выбарамі, каб проста заціснуць ціскі ў грамадстве, каб ніхто не асмеліўся нешта сказаць супраць рэжыму. І найперш гэта цісне на сямейных людзей, бо яны баяцца за свае сем'і, за сваіх дзяцей. Гэта вельмі ўразлівыя групы».
Харысава пры гэтым нагадала, што і да новай пастановы становішча дзяцей «нядобранадзейных» грамадзянаў прызнавалі небяспечным, аднак цяпер чыноўнікам будзе прасцей гэта рабіць:
«Гэта проста замацавала практыку, што ўжо існавала. Людзям, якія ёсць часткаю сістэмы і якія выконваюць гэтыя ўказанні, будзе прасцей, калі ўсё гэта зарэгулявана на паперы. Вельмі часта людзі апраўдваюцца: „Я проста працую, выконваю сваю працу і за гэта атрымоўваю грошы. За межамі працы я магу быць не з усім згодны, аднак тут я проста выконваю сваю функцыю“».
Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што пастанову прынялі, каб забраць з сем'яў як мага болей дзяцей, хаця такіх выпадкаў, падобна, паболее:
,,«Мэта – прымусіць усіх замоўкнуць. Гэта проста культываванне самацэнзуры».
Тым часам каманда Офісу Ціханоўскай павіншавала дзяцей палітычных вязняў з Новым годам і Калядамі, далучыўшыся да штогадовай ініцыятывы «Калядная пошта» фонду «Краіна для жыцця».
Абраная прэзідэнтка Беларусі напісала ў сацыяльнай сетцы X.com: «Ніводнае дзіця не мае пакутаваць праз тое, што ягоныя бацькі мараць пра свабоду. Аднак тысячы дзяцей у Беларусі разлучаныя са сваімі бацькамі праз палітычныя рэпрэсіі».
Ірына Дарафейчук, Сцяпан Кубік belsat.eu