Улады Грузіі пачалі працэдуру дэпартацыі грамадзянаў замежных краінаў, якія бралі ўдзел у пратэстах у канцы 2024 года.
Паводле МУС Грузіі, агулам у лістападзе – снежні 2024 года краіну абавязалі пакінуць 91 замежніка, паведамляе «NewsGeorgia». З іх больш за чвэрць – удзельнікі акцыяў пратэсту супраць рашэння грузінскіх уладаў прыпыніць перамовы з нагоды ўступу ў Еўразвяз.
Пастанаўлялі дэпартаваць гэтых асобаў пасля таго, як высвятлялі іхную датычнасць да пратэстаў, бальшыня якіх праходзіла на праспекце Руставэлі ў грузінскай сталіцы.
«Сярод асобаў, у дачыненні якіх дэпартамент міграцыі МУС пачаў працэдуры выправаджэння, ёсць замежныя грамадзяне, якія бралі ўдзел у акцыях, што праходзілі ў Тбілісі ў лістападзе – снежні, і якім суд прызначыў розныя адміністратыўныя пакаранні, – у суме 25 чалавек», – інфармуе МУС.
Паводле грузінскага ведамства, 10 чалавек з гэтых 25 ужо пакінулі тэрыторыю краіны.
Вядома, што замежнікаў, якіх заўважылі на акцыях пратэсту, пачалі выклікаць у дэпартамент міграцыі краіны.
МУС Грузіі не ўдакладняе, грамадзянамі якой краіны яны ёсць. Паводле паведамленняў медыяў, найменей 15 затрыманых на акцыях пратэсту былі грамадзянамі Расеі.
Нагадаем, што масавыя пратэсты ў Грузіі трывалі з перапынкамі з вясны 2023 года – яны пачаліся як пратэсты супраць Закону аб замежных агентах. Новая хваля пратэстаў пачалася пасля парламенцкіх выбараў у кастрычніку 2024-га – гэтыя выбары шмат хто ў Грузіі і за яе межамі палічыў сфальсіфікаванымі. З асабліваю сілаю пратэсты разгарэліся пасля таго, як новы парламент адмяніў курс на інтэграцыю з Еўразвязам.
Улады адказалі на пратэсты гвалтам і рэпрэсіямі.
Вядома, што 30 лістапада падчас пратэстаў у Тбілісі затрымалі 25-гадовага беларуса Яўгена Муравіцкага. Хлопец апынуўся ў ліку тых, каго паліцыя спрабавала выцесніць з праспекту Руставэлі. Падчас затрымання яго некалькі разоў ударылі, у тым ліку па шыі, распылілі ў твар пярцовы газ, працягнулі прыкладна 50 метраў па зямлі, паклалі тварам на асфальт, пасля чаго затрымалі.
Пасля вызвалення з СІЗА маладзёну далі зразумець, што ў хуткім часе яму давядзецца пакінуць Грузію. Яго выклікалі ў Дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі, але дэпартаваць у Беларусь не сталі: параілі добраахвотна пакінуць Грузію і адначасова дазволілі падаць заяву на статус уцекача.
Але, нягледзячы на тое, што беларусу дазволілі падаць дакументы на міжнародную абарону, краіну ён пастанавіў пакінуць з меркаванняў бяспекі.
Раман Шавель belsat.eu