Беларуса Яўгена Муравіцкага, якога пасля затрымання на дэманстрацыі ў Грузіі абавязалі з'явіцца ў міграцыйную службу, дэпартаваць у Беларусь не сталі. Але пры гэтым яму параілі добраахвотна пакінуць Грузію і адначасова дазволілі падаць заяву на статус уцекача. Пра гэта Муравіцкі паведаміў «Белсату» адразу пасля таго, як ён пакінуў Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі.
Цяпер вырашаецца лёс беларуса Яўгена Муравіцкага, які быў затрыманы на акцыі пратэстаў у Грузіі. Пасля вызвалення з СІЗА маладому чалавеку далі зразумець, што ў хуткім часе яму давядзецца пакінуць Грузію. Толькі што малады чалавек выйшаў з будынку Дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі, куды яго выклікалі пасля затрымання. Адразу пасля выхаду Яўген даў інтэрв'ю «Белсату».
З'явіцца ў Дэпартамент міграцыі Яўгену Муравіцкаму было прызначана 3 снежня аб 11-й раніцы. Разам з прадстаўніком беларускай дыяспары ў Грузіі праваабаронцам Раманам Кісляком Яўген прыйшоў загадзя.
«Падалі заяву на прытулак. Я падаў заяву, каб яго не дэпартавалі ў Беларусь. Аддалі іх разам з пашпартам Яўгена. Гэта было напачатку адзінаццатай раніцы. Але аб адзінаццатай нам аддалі дакументы і сказалі, што нам у іншыя дзверы. Мы пачалі спрачацца, бо гэта парушэнне правоў Яўгена. Але нам патлумачылі, што яго выклікалі і трэба ўсё ж спачатку трапіць у іншыя дзверы. Заява на прытулак у Яўгена цяпер пры сабе. На ўсялякі выпадак мы выслалі яе ж і на электронную пошту Дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі. Мяне ўнутр не пусцілі. Цяпер мы проста яго чакаем», – распавёў праваабаронца Раман Кісляк, пакуль Яўген Муравіцкі быў у будынку Дэпартаменту міграцыі.
Былі асцярогі, што маладога чалавека могуць не выпусціць або ўзнікнуць дадатковыя праблемы. Калі Яўгена Муравіцкага вызвалілі з СІЗА пасля содняў (гэта адбылося раніцай 2 снежня), яму далі зразумець, што так ці інакш у найбліжэйшы час ён мусіць пакінуць краіну. Праўда, гаворкі, што яго вымушана дэпартуюць у Беларусь, не было. Таму як будуць развівацца падзеі, ніхто не разумеў.
Пасля вызвалення з СІЗА на месца жыхарства Яўгена прыходзілі людзі ў цывільным. Стукалі ў вокны (малады чалавек жыве на першым паверсе – заўв. рэд.), апытвалі суседзяў, цікавіліся, чым ён жыве, як паводзіцца, распавядаў Яўген. Гэта было напярэдадні паходу ў Дэпартамент міграцыі, у панядзелак 2 снежня.
Пра людзей у цывільным хлопцу распавядалі суседзі. Яўгена Муравіцкага ў той момант дома не было. Сам ён распавёў, што ў добрых адносінах з мясцовымі, жыве ў Грузіі ўжо два гады, прыехаў сюды з Санкт-Пецярбургу пасля пачатку вайны ва Украіне. У Беларусі малады чалавек не жыве ўжо 5 гадоў.

«Паводзіліся карэктна, рэкамендавалі выехаць з краіны»
Праз крыху больш як гадзіну Яўген выйшаў з будынку Дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі.
«Са мной размаўлялі цалкам карэктна. У асноўным цікавіліся, колькі гадоў жыву ў Грузіі, чаму жыву тут. Вельмі добразычліва, на мой погляд, параілі выехаць з краіны з опцыяй вярнуцца назад пасля візарану, каб нібыта абнуліць пастанову аб маёй дэпартацыі. Ці дазволяць мне вярнуцца пасля гэтага ў Грузію, пакуль для мяне застаецца загадкай. Цяпер у мяне няма ніякай візы, таму, калі так адбудзецца, трэба будзе тэрмінова развязваць гэтае пытанне. На сувязь са мной ужо выйшлі беларускія арганізацыі, якія могуць дапамагчы з пытаннем выезду і нават эвакуацыі з Грузіі», – распавёў «Белсату» Яўген.
Са словаў беларуса, таксама ў Дэпартаменце міграцыі МУС Грузіі яму дазволілі падаць заяву на атрыманне прытулку ў Грузіі. Пасля абеду ён мае намер скарыстацца сваім правам.
Вядома, што прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Грузіі з Яўгенам не звязваліся.

«Мне яшчэ пашанцавала»
Нагадаем, 25-гадовага беларуса Яўгена Муравіцкага затрымалі 30 лістапада на акцыі пратэсту а 6:20 раніцы. Хлопец апынуўся ў ліку тых, каго паліцыя спрабавала выцесніць з праспекту Руставэлі. Як правіла, апошнімі днямі такія зачысткі ў горадзе пасля акцыяў пратэсту пачынаюцца раніцай. Сілавікі разганяюць пратэстоўцаў, якія засталіся, каб яны не змаглі перакрыць вуліцы ў горадзе, у тым ліку для руху грамадскага транспарту.
,,«Падчас затрымання некалькі разоў ударылі, у тым ліку па шыі, распылілі ў твар пярцовы газ, працягнулі прыкладна 50 метраў па зямлі, паклалі тварам у асфальт, пасля чаго затрымалі. У аўтазаку, у якім везлі яшчэ прыкладна 10 затрыманых, не білі. Агулам мне пашанцавала, бо на акцыях пратэсту бачыў сур'ёзна збітых грузінаў», – кажа Яўген Муравіцкі.
У пастарунку, як ён сам распавёў, да яго ставіліся здавальняльна. Склалі пратакол, агледзелі медыкі. Амаль 48 гадзінаў беларуса пратрымалі ў «прыстойнай» двухмясцовай камеры, давалі ежу і ў цэлым ставіліся добра. Аднак медычную дапамогу, якую беларус мусіў атрымліваць з увагі на стан здароўя, ён усе гэтыя дні атрымліваць не змог.
«Калі даведаліся пра затрыманне Яўгена, адразу ж сталі яго шукаць. Ён знайшоўся ў СІЗА ў горадзе Сігнагі, – распавёў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк. – Нам стала вядома, што на Яўгена быў складзены пратакол, за нібыта абразу спецназаўца. Суд над Яўгенам прайшоў без ягонага ўдзелу. Ніякіх адпаведных дакументаў яму выдадзена не было, у тым ліку не назвалі артыкулаў, што яму ставяць у віну. Гэтага, дарэчы, мы не даведаліся дагэтуль. Калі Яўгена выпусцілі з содняў, уручылі толькі паперу, дзе было пазначана, што 3 снежня ён мусіць з'явіцца ў Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі».
Беларуса ўжо падтрымлівае дыяспара, ёсць сувязь з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі, робіцца ўсё магчымае, каб Яўген змог атрымаць візу ў адну з дружалюбных краінаў. Адкрыты збор на аплату адваката для беларуса.
Нагадаем, у Грузіі некалькі дзён працягваюцца пратэсты супраць пастановы ўраду адкласці перамовы пра ўваход Грузіі ў Еўразвяз. Напал, як і колькасць пратэстоўцаў, нарастае з кожным днём.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная / АБ belsat.eu