навіны

У Грузіі за ўдзел у акцыі пратэсту затрымалі беларуса

img
Затрыманне дэманстранта ў Тбілісі, Грузія. 29 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Грамадзяніна Беларусі затрымалі ў Тбілісі ў ноч на 29 лістапада. Яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве, а таксама ў непадпарадкаванні паліцыі.

Выданне «NEWSGEORGIA» са спасылкаю на тэлекампанію «Imedi» паведамляе, што падчас пратэстаў у ноч на 29 лістапада ў Тбілісі затрымалі дзесяцёх замежнікаў, сярод іх аказаўся 25-гадовы беларус Яўген Муравіцкі. Акрамя таго, за кратамі апынуліся восем грамадзянаў Расеі і адзін грамадзянін ЗША грузінскага паходжання.


Усе яны абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве, а таксама ў непадпарадкаванні паліцыі і аказанні супраціву.

У Тбілісі адбылася другая буйная акцыя пратэсту апазіцыі супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, на якіх, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, перамагла дзейная партыя «Грузінская мара». Тбілісі, Грузія. 4 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Еўразвяз пакінуў Грузію? Ці не здадуць Расеі Малдову, Украіну, Беларусь? навіны

«Медиазона» піша, што, падобна, знайшла беларуса ў сацсетках. Апошнія публікацыі ён рабіў дзень таму, гэта было відэа з салютам, што ляцеў у бок сілавікоў. 


Муравіцкі, імаверна, нарадзінец Салігорску, вучыўся ў БДУ.

У Грузіі трэці дзень не сціхаюць пратэсты, нагодаю якіх сталася заява прэм'ер-міністра Іраклія Кабахідзэ пра спыненне да 2028 года перамоваў аб далучэнні краіны да Еўразвязу. У Тбілісі цяпер перакрытая цэнтральная магістраль – праспект Руставелі. Дэманстранты сабраліся каля будынку парламенту. На месца сцягнутыя сілавікі. Раней яны жорстка разганялі маніфестацыі, ужываючы вадамёты і слезацечны газ. У сацсетках публікуюць сведчанні збіцця пратэстоўцаў, якія аніякага супраціву не аказвалі.

Паводле міністэрства аховы здароўя, у Тбілісі з месцаў, дзе адбыліся сутыкненні паліцыі з дэманстрантамі, напярэдадні былі шпіталізаваныя 40 асобаў: усе, акрамя двух журналістаў і двух сілавікоў, – пратэстоўцы. Днём раней у лякарні трапілі больш за 30 пацярпелых.


Акцыі адбываюцца не толькі ў сталіцы: на вуліцы выходзяць жыхары Кутаісі, Батумі, Зугдзідзі ды іншых гарадоў.

Пратэстовец, абгорнуты ў сцяг ЕЗ, трымае грузінскі сцяг на барыкадах перад шэрагам спецназу на акцыі пратэсту супраць рашэння ўраду Грузіі адкласці перамовы аб уступленні ў Еўразвяз. Тбілісі, Грузія. 29 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Грузінская мара? Спецназ другую ноч разганяе пратэст на вуліцах Тбілісі навіны

Тым часам прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі зноў заявіла, што не прызнае легітымнасці парламенту, а таму дэпутаты не маюць права абраць новага прэзідэнта. Адпаведна, як сказала яна, ейны мандат працягнецца да абрання новага прэзідэнта новым парламентам.


Раней Зурабішвілі адзначала, што толькі яна, паводле Канстытуцыі, магла прызначыць першую сесію парламента, але яна гэтага не зрабіла, таму першае пасля выбараў пасяджэнне было неканстутыцыйным.


Пры гэтым прэм'ер Кабахідзэ на прэс-канферэнцыі абвінаваціў пратэстах грузінскую «пятую калону» і еўрапейскіх палітыкаў. Ён сцвярджае, што Грузію спрабуюць «украінізаваць»:


«Еўрапейскія палітыкі і бюракраты, а таксама мясцовая „пятая калона“, рэпрэзентаваная чатырма палітычнымі партыямі, нясуць галоўную адказнасць за ўчорашні гвалтоўны мітынг. Радыкалы і іх замежныя гаспадары кожны раз спрабуюць разваліць краіну і ўкраінізаваць Грузію. Яны яшчэ не ўсвядомілі, што, у адрозненне ад Украіны 2013 года, Грузія – незалежная дзяржава з моцнымі інстытутамі і, самае галоўнае, дасведчанымі і мудрымі людзьмі. Сцэнар майдану ў Грузіі немагчымы. Грузінская дзяржава гэтага не дапусціць».


Галоўнае патрабаванне дэманстрантаў – новыя парламенцкія выбары. Паводле афіцыйных звестак, галасаванне прынесла перамогу кіроўнай партыі «Грузінская мара», аднак апазіцыя заявіла пра фальсіфікацыі і вынікаў не прызнала.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10