Грузія адмовілася ад еўраінтэграцыі, і хоць пратэсты трываюць, не відаць, каб яны маглі змяніць курс ураду. І Еўропа быццам бы не супраць, каб Расея забрала Грузію ў сваю сферу ўплыву. Аналітык Рыгор Ніжнікаў тлумачыць «Белсату», чаму так склалася.
Тое, што адбываецца ў Грузіі, гэта працяг палітычнага крызісу, які пачаўся там яшчэ вясной праз прыняцце закону аб «замежных агентах», сказаў у каментары «Белсату» эксперт Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў. Ён выйшаў на пік пасля парламенцкіх выбараў. Пратэсты, прагназуе ён, будуць трываць да канца года, а мо і працягнуцца ў наступным. Будуць яшчэ пратэсты вакол прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на канец года, і будуць пратэсты супраць імплементавання закону аб «замежных агентах» – закон прынялі, але яшчэ не выкарыстоўвалі. Ды пратэсты наўрад ці прывядуць да падзення ўраду, мяркуе эксперт.
Ва Украіне Рэвалюцыя годнасці пачалася з Еўрамайдану, пратэсту супраць адмовы тагачаснага прэзідэнта Віктара Януковіча ад еўрапейскай інтэграцыі. У Грузіі можа быць так жа? Ніжнікаў сумняецца, бо ў Грузіі іншыя перадумовы: мабілізаваць грузінскае грамадства так, як мабілізавалася грамадства ва Украіне ў 2013 годзе, не выйдзе.
,,«Грузінскае грамадства ў прынцыпе расчараванае Еўразвязам, – кажа Ніжнікаў. – Гэта паказалі выбары гэтага года: выбарнікі „Грузінскай мары“ ведалі, што інтэграцыі з Еўразвязам не будзе. І галоўнае, яны таксама вераць грузінскаму ўраду, што праблема ў Брусэлі, а не ў Тбілісі».
Ці значыць гэта, што Еўразвяз гатовы адпускаць краіны, якія маглі б да яго далучыцца? Ніжнікаў тлумачыць, што Еўразвяз 25 гадоў не меў ніякай дакладнай палітыкі адносна таго, як інтэграваць Грузію, Малдову ці Украіну, былі толькі «паўмеры», якія прыводзілі ў выніку да войнаў у 2008 годзе ў Грузіі і ў 2014-м ва Украіне. Так і цяпер Еўразвяз не хоча парушаць status quo: не хоча казаць, што «Грузінская мара» антыеўрапейская, не хоча накладваць цяжкія санкцыі, бо лічыць, што гэта падштурхне Грузію да Масквы і Пекіну. І Не хоча даваць Украіне, Малдове і Грузіі нешта большае за абстрактную мару еўрапейскай будучыні, не хоча ўкладваць вялікіх палітычных і фінансавых рэсурсаў.
«Еўразвяз не з’яўляецца геапалітычным актарам, – працягвае Ніжнікаў. – Ён аддаваў геапалітыку на водкуп Вашынгтону, ішоў у фарватары амерыканскай палітыкі. Мы бачым, што цяпер Амерыка адыходзіць ад Еўропы. Мы бачым, што асабліва за Трампам будучыня еўраатлантычных стасункаў пад пагрозай. Але Еўропа ўсё роўна не хоча развіваць сваю геапалітычную асобнасць. Таму яна дазваляе Маскве рабіць тое, што яна жадае, у рэгіёне».
,,«Еўропа стамілася ад свайго пашырэння. Мы бачым, што ёсць шмат еўраспектыкаў, ёсць шмат тых, хто не хоча ніякага пашырэння далей. Яны хочуць пашыраць толькі сваю ўнутраную інтэграцыю».

Адносна пагрозы таго, што Пуцін можа не спыніцца, калі Еўропа аддасць яму Грузію, Украіну, Малдову іБеларусь, Ніжнікаў тлумачыць, што да гэтага ёсць розныя падыходы. Адзін з іх: пасля Грузіі і Украіны Пуцін пойдзе далей, але ў Малдову і Беларусь, але ж не ў Польшчу! А калі ўсё ж у Польшчу, дык мо Польшчы трэба пакінуць вайсковыя рэсурсы сабе на будучыню, а не аддаваць Украіне цяпер. Шмат хто не верыць, што Еўропа зможа змагацца з Масквой, і жадае дамовы з Масквой – як у сітуацыі да 2014 года, калі з Расеяй можна было гандляваць і нават супрацоўнічаць у сферы бяспекі. Прыхільнікаў апошняга падыходу ў Еўропе ў апошнія два гады значна паболела як у насельніцтве, так і ў элітах.
«У 2022 годзе Еўропа зрабіла вялікі крок наперад, калі яна паабяцала Украіне, Малдове і Грузіі магчымасць інтэгравацца ў Еўразвяз, што яна адмаўляла 30 гадоў, – згадвае Ніжнікаў. – Былі ўведзеныя вельмі істотныя санкцыі, Еўразвяз пачаў бароцца з Масквой. Але ў апошні год мы бачым толькі адкат: Еўразвяз ці краіны Еўразвязу, можа, спужаліся самі сябе – таго, што яны нарабілі ў апошнія два гады. Яны жадаюць вярнуцца да нейкага status quo, таму і лабіююць так шчыра перамовы між Расеяй і Украінай, якія могуць завершыцца толькі паразай Украіны».
Чаго чакаць далей, ніхто не ведае, тлумачыць Ніжнікаў: невядома, якой будзе палітыка Трампа. Ён можа пашырыць ці цалкам спыніць падтрымку Украіны. Але ў Масквы як мінімум з’яўляецца шанец выйсці з перамогай з палітычнай авантуры, якая вылілася ў поўнамаштабную вайну. Калі ўсё складзецца паводле маскоўскага сцэнару, дык Масква зможа стаць гарантам бяспекі ўсёй Еўропы. Еўропа сабе такога не можа дазволіць – і павінна працаваць на супрацьдзеянне гэтаму сцэнару, перакананы суразмоўца.
Для Масквы цяпер не пытанне, ці хопіць рэсурсаў на кантроль усёй Еўропы, лічыць Ніжнікаў. Галоўнае для Масквы – той кантроль здабыць. Цяпер гэта намагаюцца зрабіць праз пагрозы эскалацыі: «Калі мы будзем прайграваць, усе прайграюць». Менавіта Еўропу, а не Украіну, у Крамлі лічаць слабым месцам у геапалітычнай бітве. Справа не толькі ў тым, што Пуцін «памахаў Арэшнікам» – новую расейскую ракету ўсё ж не ўспрымаюць найбольш істотнай пагрозай. Але ў камплекце з актамі сабатажу і пагрозамі тым, што не «Арэшнік», дык іншая канвенцыйная ці ядравая зброя ўдарыць па еўрапейскіх аб’ектах.
,,«У еўрапейскім грамадстве ніхто не хоча ваяваць сёння, – канстатуе Ніжнікаў. – Гэта тое, на што сёння Пуцін і расейскія эліты разлічваюць».
Цяперашняя сітуацыя толькі дапамагае краінам, якія хочуць паразы Захаду, але галоўным бенефіцыярам выходзіць Кітай, разважае эксперт. Цяпер ён пільна сочыць за дзеяннямі Расеі, дапамагае ёй і рыхтуецца да вайны з Захадам за Тайвань і далей. Таму Кітаю важна, каб Расея працягвала забіраць рэсурсы Захаду.
Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі belsat.eu