навіны

Авіякатастрофа ў Паўднёвай Карэі з гібеллю 179 чалавек. Што вядома

Самалёт, які разбіўся ў Паўднёвай Карэі 29 снежня. Фота: Yonhap
Самалёт, які разбіўся ў Паўднёвай Карэі 29 снежня. Фота: Yonhap
podpis źródła zdjęcia

У выніку авіяткатастрофы 29 снежня самалёту паўднёвакарэйскай авіякампаніі Jeju Air загінулі 179 асобаў. Яшчэ два чалавекі выжылі. У Паўднёвай Карэі абвешчаная сямідзённая жалоба па ахвярах авіякатастрофы, якая сталася найбуйнейшай у гісторыі ў межах краіны.

Пасажырскі самалёт Boeing 737-800 авіякампаніі Jeju Air, які перавозіў 175 пасажыраў і шэсць чальцоў экіпажу, вылецеў з Бангкоку (Тайланд) а 01:30 паводле мясцовага часу. Ён павінен быў прыбыць у Муан, што за 288 кіламетраў ад Сеула, каля 08:30. Усе пасажыры былі карэйцамі, акрамя двух грамадзянаў Тайланду, адзначае Yonhap.

У аэрапорце Муану самалёт выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы. Ён слізгаў па зямлі без выпушчаных шасі, урэзаўся ў бетонную сцяну, а затым загарэўся з аглушальным выбухам. У пажарнай службе заявілі, што пасля сутыкнення самалёту са сцяной пасажыраў выкінула з самалёта. Сам лайнер амаль цалкам разбураны.

У выніку авіякатастрофы выжылі толькі двое бортправаднікоў, якія знаходзіліся ў хвасце самалёта. Яны былі шпіталізаваныя. Рэшта – 179 асобаў – загінулі.

Гэта самая смяротная авіякатастрофа на тэрыторыі Рэспублікі Карэя і трэцяя паводле колькасці ахвяраў з удзелам паўднёвакарэйскай авіякампаніі. Выконваючы абавязкі прэзідэнта Чхвэ Сан Мак абвясціў сямідзённую нацыянальную жалобу.

Генеральны дырэктар Jeju Air Кім Э Бэ ўзяў на сябе поўную адказнасць «незалежна ад прычыны». Кампанія паабяцала прыкласці ўсе намаганні для падтрымання тых, хто выжыў, і сем’яў ахвяраў, як у фінансавым, так і ў іншым плане.

Што сталася прычынай

Чыноўнікі мяркуюць, што прычынай аварыі магла стаць адмова шасі, магчыма, праз сутыкненне з птушкай. Яны вынялі з абломкаў як самапісец палётных дадзеных, так і бартавы маўленчы самапісец, хоць на вызначэнне дакладнай прычыны могуць сысці месяцы.

Дыспетчарская вышка аэрапорта папярэдзіла аб сутыкненні з птушкамі а 08:54. Пілот абвясціў сігнал бедства а 08:59 раніцы і пасадзіў самалёт у 09:03 без выпушчаных шасі.

Некаторыя эксперты ў авіяцыіў каментарах Yonhap прапануюць дадатковыя прычыны авіякатастрофы. Яны ў асноўным пагадзіліся, што няспраўнае шасі стала непасрэднай прычынай крушэння. Яны таксама вызначылі сутыкненне з птушкай як найбольш верагодную прычыну няспраўнасці шасі, бо яно магло паўплываць як на рухавік, так і на гідраўлічную сістэму.

Аднак некаторыя сцвярджаюць, што адмова аднаго рухавіка пасля сутыкнення з птушкай наўрад ці прывяла б да такога катастрафічнага выніку. Яны адзначаюць, што нават калі адзін рухавік выйшаў з ладу праз сутыкненне з птушкай, другі рухавік мог бы прывесці ў дзеянне шасі, што прадугледжвае магчымасць дадатковых сістэмных праблемаў. Эксперты не выключаюць, што маглі не працаваць адразу два рухавікі.

,,

«Вельмі незвычайна, каб усе тры шасі не раскрыліся», – сказаў Кім Ін Гю, дырэктар Цэнтру лётнага навучання карэйскага аэракасмічнага ўніверсітэту. На яго думку, у самалёту маглі быць і іншыя дэфекты.


Адна з дзвюх чорных скрынь, вынятых з самалёта Jeju Air, атрымала частковыя пашкоджанні, што, верагодна, яшчэ больш затрымае аналіз для вызначэння прычыны аварыі, заявілі прадстаўнікі карэйскіх уладаў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10