У Паўднёвай Карэі разбіўся самалёт, на борце якога быў 181 пасажыр. Дваіх удалося выратаваць.
Самалёт «Boeing 737-800» авіякампаніі «Jeju Air», што выконваў рэйс з Бангкоку ў горад Муан, разбіўся пры заходзе на пасадку. На борце былі 175 пасажыраў і 6 членаў экіпажу.
Паводле папярэдніх звестак, самалёт заходзіў на пасадку без выпушчанага шасі. Ён выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы, урэзаўся ў агароджу і загарэўся. Прычына здарэння пакуль невядомая. Разглядаюцца дзве асноўныя версіі: магчыма, самалёт страціў кіраванне праз сутыкненне з птушкамі, што прывяло да адмовы сістэмы кіравання шасі. Другая версія – неспрыяльныя ўмовы надвор'я.
На гэты момант афіцыйна гаворыцца пра гібель 120 чалавек. Дваіх удалося выратаваць – гэта пасажыр і сцюардэса, якія былі ў хваставой частцы самалёта. Пра іхны стан пакуль няма дакладнай інфармацыі, цяпер яны ў лякарні. Паводле звестак CNN, сярод загінулых – 47 мужчынаў, 48 жанчын і адно дзіця.
Амаль усе, хто быў на борце, – грамадзяне Паўднёвай Карэі, за выключэннем двух грамадзянаў Тайланду.
Улады і спецыялісты працягваюць расследаваць прычыны трагедыі.
Нагадаем, 25 снежня каля гораду Актаў у Казахстане разбіўся самалёт «Embraer 190», што выконваў рэйс J28243 з Баку ў Грозны. На яго борце былі 67 чалавек – 62 пасажыры і пяць членаў экіпажу. Пасля ўзнікнення пазаштатнай сітуацыі на борце дыспетчары адмовілі яму ў пасадцы ў Грозным і Махачкале. Лайнер некалькі разоў спрабаваў здзейсніць вымушаную пасадку і быў перанакіраваны праз Каспійскае мора ў Казахстан.
Не даляцеўшы да аэрапорту Актаў некалькі кіламетраў, самалёт упаў пасярод стэпу і выбухнуў. Насавая частка цалкам згарэла, хваставая адвалілася і ацалела. Менавіта ў ёй былі 29 пасажыраў, якія выжылі. Іх даставілі ў шпіталь Актаў. Пазней сталася вядома, што прычына непаладак у самалёце – вонкавае ўздзеянне, а менавіта абстрэл з расейскіх сістэмаў СПА. Уладзімір Пуцін выказаў прабачэнні прэзідэнту Азербайджану Ільхаму Аліеву ў сувязі з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі.
Раман Шавель belsat.eu