навіны

Якой была знешняя палітыка Беларусі ў 2024 годзе і куды яна прывяла

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: bangkokbook.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: bangkokbook.ru
podpis źródła zdjęcia

2024 год быў асабліва багаты на розныя падзеі ў знешняй палітыцы Беларусі, якія так ці іначай будуць вызначаць яе будучыню. Пералічыць іх усе ў межах аднаго артыкула не ўяўляецца магчымым, але мы выбралі найбольш адметныя з тых, што ўжо сёння аказваюць вялікі ўплыў на лёсы многіх беларусаў. 

Змена рыторыкі ў дачыненні да Украіны


Здавалася б, пасля лютага 2022 году, калі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ішлі расейскія войскі, яшчэ больш пагоршыць стасункі паміж нашымі дзяржавамі было немагчыма. Тым не менш у сакавіку 2023 года Аляксандр Лукашэнка палічыў, што ў яго ёсць сур’ёзныя падставы, каб крыўдзіцца на ўкраінскае кіраўніцтва і персанальна на Уладзіміра Зяленскага. Нагодай стаў падрыў расейскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Лукашэнка тады заявіў, што да гэтай акцыі была датычная СБУ, а таму прэзідэнт Зяленскі – «проста гніда», бо без ведама ўкраінскага кіраўніка падрыў не мог быць здзейснены.

Але ўжо ўвесну 2024 года, калі наперадзе замаячылі будучыя прэзідэнцкія выбары ў ЗША (прайшлі сёлета 5 лістапада) і звязаныя з гэтым перамовы па спыненні вайны ва Украіне, Лукашэнка рэзка змяніў рыторыку. Гэтым разам ён ужо лісліва называў прэзідэнта Украіны Уладзімірам Аляксандравічам або «Валодзем Зяленскім», робячы выгляд, нібыта нічога не адбылося. У цэлым, паводле ацэнак «Media_IQ», падобная змена рыторыкі можа «пацвяржаць магчымае існаванне схаваных працэсаў па непублічным дыялогу паміж афіцыйным Менскам і Кіевам».

У кастрычніку 2024 года Лукашэнка наогул пачаў даваць парады кіраўніцтву Украіны пра тое, што трэба «ўзяць галаву ў рукі» і зразумець, што ім прыйдзецца ўзнаўляць краіну. І дапамагчы тут, паводле Лукашэнкі, могуць блізкія людзі, «перш за ўсё беларусы». Гэтыя словы ўжо ва Украіне ўспрынялі як цынічныя і нахабныя, улічваючы, што падзеі ў Бучы і Ірпені сталі магчымымі менавіта з-за таго, што расейскія войскі атакавалі Украіну з беларускай тэрыторыі. 

Тым не менш гэта не спыняе Лукашэнку, і ён усё часцей і часцей заяўляе, што хоча заняць месца за сталом падчас мірных перамоваў і ўсё яшчэ не губляе надзеі, што гэтыя перамовы адбудуцца ў Беларусі. Праўда, на гэткія ініцыятывы Зяленскі кажа адназначна: «Менска-3 не будзе». 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: UNIAN
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: UNIAN

Сапсаваныя адносіны з Арменіяй


Спрабуючы выправіць сапсаваныя ўшчэнт стасункі з Украінай, Аляксандр Лукашэнка павёў сябе не вельмі абачліва з адным з партнёраў па АДКБ – Арменіяй. У выніку гэта прывяло да некаторых трансфармацыяў ва ўзаемадачынні паміж дзвюма краінамі. 

Пачалося ўсё з таго, што падчас ваеннага супрацьстаяння паміж Азербайджанам і Арменіяй у верасні 2023 года хаўруснікі Арменіі па АДКБ не прыйшлі ёй на дапамогу, фактычна не выканаўшы абавязкі, прапісаныя ў статуце арганізацыі. Гэта стала нагодай для рэзкіх заяваў армянскага прэм’ера Нікола Пашыньяна, які ў лютым 2024 года паведаміў аб прыпыненні сяброўства ягонай краіны ў АДКБ.

Аднак гэтым справа не абмежавалася: у траўні на сустрэчы з кіраўніком Азербайджана і сваім даўнім сябрам Ільхамам Аліевым Аляксандр Лукашэнка быў вельмі неасцярожны ў выказваннях. Сярод іншага ён назваў «контртэрарыстычную аперацыю» Азербайджана ў Нагорным Карабаху «вызваленчай вайной». Рэакцыя Пашыньяна была даволі паказальнай: ён абурыўся, што «адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляў, што браў удзел у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азербайджану». Армянскі прэм’ер падкрэсліў, што больш ніколі не паедзе ў Беларусь, пакуль на чале яе стаіць Аляксандр Лукашэнка. 

Пасля было ўзаемнае адкліканне паслоў з Беларусі, сустрэча міністра замежных справаў Арменіі са Святланай Ціханоўскай, абвінавачанні з боку Лукашэнкі ў адрас армянскага кіраўніцтва і ўскладанне адказнасці за падзеі ў Карабаху. Усё гэта толькі пагаршала сітуацыю, а з заяваў Нікола Пашыньяна вынікае, што Арменія ўжо прайшла кропку незвароту і лічыць сябе па-за рамкамі АДКБ. Як будуць развівацца далейшыя стасункі паміж краінамі, застаецца толькі здагадвацца.

Нікол Пашыньян. Крыніца: Зеркало
Нікол Пашыньян. Крыніца: Зеркало

Змены ў характары міграцыйнага крызісу


Адной з найбольшых праблем, якая ўплывае на ўзаемадачыненні паміж Захадам і Беларуссю, застаецца міграцыйны крызіс, які разгарэўся з вясны 2021 года і быў відавочна кіраваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Заходнія палітыкі ўжо прамым тэкстам выстаўлялі патрабаванне спыніць атакі мігрантаў на межы Еўразвязу як адну з асноўных умоваў дыялогу з Менскам.

І верагодна, беларускія афіцыйныя ўлады пачалі рабіць пэўныя высновы. Пасля таго, як у траўні 2024-га быў дасягнуты пік атак на заходнія межы, што нават прывяло да смерці польскага жаўнера, з пачатку лета 2024 года колькасць атак мігрантаў пачала рэзка скарачацца. І калі яшчэ ў сакавіку на беларуска-польскім памежжы колькасць спробаў нелегальнага пераходу цягам адной дэкады перавышала 2 тысячы выпадкаў, то з другой дэкады чэрвеня яна фактычна ўпала ў два разы, а на пачатку ліпеня – ажно ў сем разоў. 

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў звярнуў увагу на тое, што ў 2021–2023 гадах «пікі крызісу на межах прыпадалі на кастрычнік – лістапад», а ў 2024 годзе па першых тыднях лістапада назіраўся «не рост ціску на межы, а, наадварот, зніжэнне актыўнасці мігрантаў». Агулам жа за ўвесь лістапад колькасць спробаў пераходу была меншай, чым у кастрычніку у 1,6 раза (1403 спробы), што сведчыць пра відавочнае зніжэнне тэндэнцыі. Не цяжка заўважыць, што гэта стала назірацца акурат пад лістапад і супала з выбарамі ў ЗША і спробамі беларускіх уладаў наладзіць дыялог з Захадам. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Што думаюць беларусы / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Што думаюць беларусы / Telegram

Новая каманда і мары пра кантакты з Захадам 


Адчуваючы сур’ёзную ізаляцыю, Аляксандр Лукашэнка не кідаў спробаў знайсці кантакты з Захадам: то праз сустрэчы з апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам, то праз міністра замежных справаў Вугоршчыны Петэра Сіярта. Аднак відавочных вынікаў гэта не прыносіла. 

Верагодна, з гэтай нагоды ён вырашыў змяніць каманду гульцоў у сваім атачэнні. На чале сваёй адміністрацыі Аляксандр Лукашэнка паставіў былога амбасадара Беларусі ў Расеі Дзмітрыя Крутога, а яго першай намесніцай зрабіў Наталлю Пяткевіч, якая з 2004 па 2009 ужо займала гэтую пасаду. Адказным за ўзаемадачыненні з Захадам быў прызначаны амбітны Максім Рыжанкоў, якому была пастаўлена задача «разварушыць» МЗС, «каб ён пачаў працаваць». 

І Максім Рыжанкоў паспрабаваў актыўна ўключыцца ў гэтыя працэсы. Ён зрабіў шмат гучных заяваў, паспеў паспрачацца з ААН па пытанні палітвязняў у Беларусі і нават напісаў адкрыты зварот, адрасаваны афіцыйнай Вільні, які чамусьці вырашыў пачаць з абвінавачанняў у тым, што ў 2020-м Літва зрабіла стаўку на «дзяржаўны пераварот» у Беларусі. Не дзіва, што рэакцыя літоўскага МЗС на заклікі Рыжанкова да «перазагрузкі адносінаў» была халоднай, больш за тое – беларускага міністра падлавілі на падмане, заявіўшы, што праз дыпламатычныя каналы не атрымлівалі ніякіх прапановаў ад беларускага боку.

Кіраўнік беларускага МЗС Максім Рыжанкоў выступае ў ААН. Фота: mfa.gov.by
Кіраўнік беларускага МЗС Максім Рыжанкоў выступае ў ААН. Фота: mfa.gov.by

Канферэнцыі па праблемах міграцыі і бяспецы 


Але Максім Рыжанкоў не здаваўся. На фоне рэзкага зніжэння колькасці атак мігрантамі заходніх межаў у Менску загаварылі пра супольнае вырашэнне міграцыйнага крызісу разам з заходнімі дзяржавамі. Для гэтага ў Беларусь паспрабавалі завабіць заходніх палітыкаў, зладзіўшы ў канцы кастрычніка – лістападзе ажно дзве канферэнцыі.

Адна з іх была прысвечаная еўразійскай бяспецы, на якой беларускі МЗС спрабаваў прадставіць Беларусь правадніком гэтай самай бяспекі і перамоўнай пляцоўкаў для абмеркавання звязаных з гэтым пытанняў. Нягледзячы на ўнушальную колькасць гасцей (600 удзельнікаў з 45 краін), з жаданых заходніх дыпламатаў там былі толькі віцэ-прэм’ер Сербіі ды кіраўнік МЗС Вугоршчыны. 

А ўжо праз 15 дзён у Менску прайшла яшчэ адна канферэнцыя з недвухсэнсоўнай назвай: «Меры, якія прымае Беларусь па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі, і найлепшыя практыкі ў прасоўванні рэгіянальнага супрацоўніцтва ў рашэнні гэтай праблемы». Але еўрапейскія дыпламаты яе папросту праігнаравалі, на што панаракаў у сваім выступе падчас канферэнцыі сакратар Рады бяспекі РБ Аляксандр Вальфовіч, абвінаваціўшы іх у тым, што яны нібыта не жадаюць «сумесна вырашаць пытанні, якія накапіліся ў гэтай сферы». 

«Бязвіз» для грамадзян еўрапейскіх краін


Гэты крок беларускіх уладаў быў зроблены ў першую чаргу з прапагандысцкімі мэтамі: паказаць, што гэта не яны вінаватыя ў праблемах беларусаў на пагранічных пераходах, якія пачаліся пасля пачатку міграцыйнага крызісу, а еўрапейскія краіны. 

Упершыню «бязвіз» быў уведзены для жыхароў Латвіі і Літвы з 15 красавіка 2022-га, у ліпені таго ж года ён парышырыўся на грамадзянаў Польшчы. А ўжо праз год яго дзеянне было распаўсюджана на жыхароў яшчэ 35 краінаў Еўропы. 

Дзяржпагранкамітэт Беларусі адзначыў, што з пачатку ўвядзення бязвізавага рэжыму нашу краіну наведалі больш за 1 мільён грамадзянаў з краінаў Еўропы. Але на фоне з’яўлення бязвізу павялічылася колькасць затрыманняў замежных грамадзянаў на тэрыторыі нашай краіны. Напрыклад, МЗС Латвіі паведаміла, што за 6 месяцаў 2024 года ў Беларусі і Расеі былі затрыманыя некалькі дзясяткаў яе грамадзянаў, у сувязі з чым заклікала іх не ездзіць у Беларусь. Аналагічныя заявы рабілі Літва і Польшча

13 снежня Аляксандр Лукашэнка «з улікам папулярнасці беларускага бязвізу» вырашыў працягнуць яго яшчэ на год – да канца 2025 года. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Дзяржпагранкамітэт Рэспублікі Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Дзяржпагранкамітэт Рэспублікі Беларусь

Зварот у гаагскі трыбунал


Была ў 2024 годзе на «заходнім фронце» яшчэ адна падзея, на гэты раз асабліва непрыемная для Аляксандра Лукашэнкі. 30 верасня літоўскі ўрад на падставе матэрыялаў, сабраных Народным антыкрызісным упраўленнем на чале з Паўлам Латушкам, перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) ў Гаазе матэрыялы, датычныя здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні беларусаў.

Сярод здзейсненых злачынстваў – дэпартацыя, пераслед беларусаў у выгнанні і «іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці», а таксама пераслед беларусаў за мяжою. 

Зварот уладаў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд цалкам падтрымалі Польшча і Латвія

Рэакцыя Менска была даволі нервовай: хутчэй за ўсё, адкрыты ліст міністра замежных справаў Максіма Рыжанкова да літоўскіх уладаў з заклікамі да сяброўства быў спробай «адгаварыць» Літву ад звароту ў гаагскі трыбунал. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Крыніца: europarabct.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Крыніца: europarabct.com

Новая жалезная заслона 


Нягледзячы на ўсе старанні дэмакратычных сілаў давесці заходнім партнёрам, што нельга асацыяваць беларусаў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, суседскія краіны ўсё часцей праяўляюць занепакоенасць пытаннямі ўласнай бяспекі і спрабуюць адгарадзіцца ад Беларусі жалезнай заслонай. 

Так, з 1 сакавіка 2024 года Літва перакрыла два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю. Латвія і Польшча яшчэ ў 2023-м пакінулі толькі па адным пераходзе, а ў чэрвені Польшча прыгразіла перакрыць і апошні. Усё гэта спарадзіла ўтварэнне вялікіх чэргаў на заходніх межах Беларусі, прымушаючы людзей соднямі чакаць магчымасці патрапіць з Беларусі ў краіны ЕЗ і назад. 

У мэтах бяспекі 10 чэрвеня Рада міністраў Польшчы прыняла пастанову аб увядзенні праграмы «Усходні шчыт», якая прадугледжвала стварэнне на польска-беларускай мяжы абарончай інфраструктуры і буфернай зоны, уключна з міннымі палямі, бетоннымі супрацьтанкавымі рагачамі і бетоннымі блокамі.

Літва, якая пасля 2020 году шырока раскрыла дзверы для ўцекачоў ад палітычнага пераследу, усё часцей стала адмаўляць у прытулку некаторым беларусам, аргументуючы гэта пытаннямі нацыянальнай бяспекі. Паказальным тут стаў выпадак з былым каліноўцам Васілём Верамейчыкам, які пасля адмовы ў легалізацыі ў Літве шукаў прытулку ў іншых краінах, але ў выніку быў затрыманы ў В’етнаме і дэпартаваны ў Беларусь. 

Пытанні з легалізацыяй у беларусаў пачалі ўзнікаць не толькі ў Літве, але і ў Грузіі, якая апошнім часам усё часцей стала адмаўляць ім у прытулку. На сённяшні дзень вядома пра 26 такіх выпадкаў.  

Пакуль найбольш паслядоўна працягвае падтрымку беларускіх уцекачоў Польшча: МЗС краіны адрэагаваў на праблемы, якія ўзнікаюць у беларусаў у Грузіі, і заявіў, што прадэмакратычна настроеным грамадзянам нашай краіны выдаюць гуманітарныя візы ў Польшчу ў паскораным парадку. Акрамя таго, нядаўна польскі ўрад працягнуў яшчэ на паўгода спрошчанае атрыманне беларусамі польскіх праязных дакументаў замежніка. 

Пікет беларусаў у Грузіі супраць расізму. Фота: Ян Шміт-Уітлі
Пікет беларусаў у Грузіі супраць расізму. Фота: Ян Шміт-Уітлі

У расейскіх абдымках


На гэтым фоне ўсё больш відавочнай становіцца залежнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ад Масквы. Цягам 2024 года ён афіцыйна сустракаўся з кіраўніком РФ найменей шэсць разоў, абмяркоўваючы самыя розныя тэмы: ад усё больш моцнай інтэграцы ў рамках Саюзнай дзяржавы да будучых перамоваў аб спыненні вайны ва Украіне, якія павінны адбывацца на ўмовах Расеі.  

Так, падчас апошняй сустрэчы ў Менску 6 снежня былі падпісаныя знакавыя дакументы: дамова аб фармаванні аб'яднанага рынку электраэнергіі, а таксама дамова аб «Аб гарантыях бяспекі Саюзнай дзяржавы». 

З нагоды падпісання апошняй Уладзімір Пуцін заявіў, што Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі павінна разам абараняць суверэнітэт, канстытуцыйны лад, знешнія межы і, калі спатрэбіцца, рабіць гэта з ужываннем ядравай зброі. На гэтай жа сустрэчы Аляксандр Лукашэнка папрасіў кіраўніка Расеі размясціць балістычную ракету «Орешник», якой атакавалі Днепр, у Беларусі. Пуцін паабяцаў ажыццявіць гэта ў другой палове 2025 года. Паводле ацэнак аналітыкаў, усё гэта можа прывесці да найгоршых сцэнароў для Беларусі і будзе абазначаць знішчэнне беларускай незалежнасці. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10