Прэзідэнцкія выбары ў Злучаных Штатах адбываюцца паводле незвычайнай працэдуры – і ў надзвычай напружанай атмасферы. «Белсат» расказвае, чым гэтыя выбары вылучаюцца сярод іншых.
Злучаныя Штаты – найбуйнейшая эканоміка свету, краіна з наймацнейшым войскам і наймагутнейшаю «мяккаю сілаю», таму за выбарамі ў ЗША сочыць цэлы свет. Калі вы ўжо лічыце сябе экспертам у амерыканскіх выбарах, можаце не чытаць тэкст ніжэй, а прайсці наш тэст пра выбары ў ЗША >>
1. У ЗША 5 лістапада не толькі прэзідэнцкія выбары
У аўторак, 5 лістапада ў ЗША асноўны дзень народнага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Гэты дзень не выходны (гэта ў аграрныя часы было зручна выпраўляцца з фермаў на галасаванне ў панядзелак – не ў нядзелю ж ехаць замест царквы). Каля траціны выбарнікаў (звыш 76 млн чалавек) ужо прагаласавала датэрмінова ці па пошце. Яўка на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША вагаецца ад паловы да дзвюх трацінаў выбарнікаў, таму можна лічыць, што прагаласавала ўжо палова ад тых, хто збіраўся.
Адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі адбываюцца выбары ў парламент: двухпалатны Кангрэс ЗША. Выбіраюць усю Палату прадстаўнікоў (ніжнюю палату) і траціну Сенату (верхняй палаты). Таксама выбіраюць 13 губернатараў (у 11 штатах, у Амерыканскім Самоа і Пуэрта-Рыка) і яшчэ паўтары сотні мясцовых чыноўнікаў, больш як 5800 мясцовых заканадаўцаў. А яшчэ ў бальшыні штатаў пройдуць мясцовыя рэферэндумы: дзесьці спытаюць пра легальнасць абортаў або марыхуаны, дзесьці пра правы працоўных, дзесьці пра сам працэс выбараў (гэта ўсё завецца ballot measures). Усё гэта важна, бо хоць ЗША – прэзідэнцкая рэспубліка, гэта не аўтакратыя з адным прэзідэнтам-«манархам». І гэта федэрацыя штатаў, у шмат чым самастойных ад цэнтру.
Пуэрта-Рыка – не штат, а залежная тэрыторыя. Тамтэйшыя жыхары – грамадзяне ЗША, але яны не маюць голасу на прэзідэнцкіх выбарах, а іхны дэпутат не мае голасу ў Палаце прадстаўнікоў. 5 лістапада жыхары Пуэрта-Рыка прагаласуюць (ужо сёмы раз) на рэферэндуме за ці супраць ператварэння тэрыторыі ў штат, але вынікі рэферэндуму не абавязковыя да выканання.
2. Кандыдатаў у прэзідэнты – з два дзясяткі, але рэальныя шанцы толькі ў двух
Выбарчая сістэма ў ЗША такая, што дамінуюць дзве партыі. Ужо паўтара стагоддзі гэта Дэмакратычная і Рэспубліканская (з 2000 года першую традыцыйна пазначаюць сінім колерам, другую чырвоным). Ад Дэмакратычнай сёлета балатуюцца: на прэзідэнта – дзейная віцэ-прэзідэнтка Камала Гэрыс, на віцэ-прэзідэнта – губернатар Мінэсоты Тым Ўолз. Ад Рэспубліканскай: на прэзідэнта – папярэдні прэзідэнт Доналд Трамп, на віцэ-прэзідэнта – сенатар ад Агаё Джэймз Дэйвід Вэнс (ягонае імя часта скарачаюць да Джэй-Дзі).
У бальшыні штатаў у бюлетэнях будуць кандыдаты ў прэзідэнты ад партыі «Зялёныя» і Лібертарыянскай партыі. Яшчэ 15 кандыдатаў будуць у бюлетэнях асобных штатаў, а 4 з іх тэарэтычна могуць перамагчы, калі ў пэўных штатах іхныя імёны ўпішуць у бюлетэні выбарнікі (write-in access).
Але праз сістэму выбараў (мажарытарная адноснай бальшыні – winner-take-all) ў кандыдатаў «трэціх партыяў» практычна няма шанцаў: апошні раз такі кандыдат перамагаў хаця б у адным штаце ў 1968-м, апошні раз займаў другое месца ў 1912-м. Апошні раз на прэзідэнцкіх выбарах кандыдат не ад Рэспубліканскай ці Дэмакратычнай партыі перамагаў у 1850-м, але тое быў Мілард Філмар з партыі Вігаў – часткі дзвюхпартыйнай сістэмы, месца якой пазней заняла Рэспубліканская партыя.
3. Дзейны прэзідэнт не балатуецца на другі тэрмін
Пачаткова дэмакраты планавалі выставіць на выбары дзейнага прэзідэнта Джо Байдэна – яго выбралі кандыдатам на ўнутрыпартыйных выбарах (primaries). Пазнейшая адмова Байдэна ад удзелу ў выбарах – даволі рэдкі выпадак. Апошні раз дзейны прэзідэнт не балатаваўся на другі тэрмін у 1968 годзе: Ліндан Джонсан сышоў з гонкі яшчэ падачс праймэрыз, адчуўшы сваю непапулярнасць на тле пратэстаў супраць вайны ў В’етнаме.
Байдэн саступіў месца Гэрыс пасля няўдалых дэбатаў і засцярогаў пра ўзрост. Байдэну 81 год – ён найстарэйшы прэзідэнт у гісторыі. Трампу нязначна менш, 78 гадоў (столькі ж цяпер мінуламу прэзідэнту-рэспубліканцу Джорджу Бушу-малодшаму), але Байдэна ўспрымалі значна старэйшым праз тое, як ён размаўляў і рухаўся. Камале Гэрыс 60 гадоў, столькі ж Тыму Ўолзу, а Вэнсу ўсяго 40.
Байдэн мог прэтэндаваць на другі тэрмін, Трамп жа прэтэндуе на другі. Але на трэці прэзідэнцкі тэрмін у ЗША ісці нельга, Барак Абама ці Буш-малодшы не маглі б балатавацца. Абмежаванне тэрмінаў ад пачатку думалі прапісаць у Канстытуцыі, але ў 1780-х пра гэта не дамовіліся. Ды першы прэзідэнт Джордж Вашынгтон заклаў традыцыю: адмовіўся балатавацца на трэці тэрмін. Пара спробаў парушыць традыцыю скончылася паразамі на выбарах. Толькі дэмакрат Фрэнклін Рузвэлт быў выбраны на чатыры тэрміны: кіраваў з 1933 года да смерці ў 1945-м. Ды трэці і чацвёрты тэрміны былі ў надвычайных абставінах: падчас Другой сусветнай вайны. Неўзабаве пасля гэтага рэспубліканцы атрымалі бальшыню ў Кангрэсе і прасунулі папраўку ў Канстытуцыю.
4. Прэзідэнтам можа стаць кандыдат, які прайграў народнае галасаванне
Грамадзяне ЗША (дакладней, зарэгістраваныя выбарнікі – рэгістрацыя не «аўтаматычная», як у Беларусі) у бюлетэнях галасуюць за пару кандыдатаў у прэзідэнты і віцэ-прэзідэнты, але насамрэч прэзідэнта выбіраюць не яны. Штаты па выніках народнага галасавання (public vote) прызначаюць дэлегатаў – так званых электараў (electors), калегія якіх (Electoral College) пазней галасуе за прэзідэнта.
Працэдуры выбару электараў у штатах розныя, але найчасцей усіх электараў прызначачюць ад партыі, кандыдаты якой перамаглі на выбарах у штаце. Ва ўсіх штатах акрамя Мэйну і Нэбраскі ўсе электары дастаюцца адной партыі, нават калі тая перамагла з адрывам у адзін голас. Колькасць электараў на штат толькі прыблізна прапарцыйная насельніцтву, жыхары меншых штатаў атрымліваюць больш «вагі голасу». Праз гэтую сістэму кандыдат, які атрымаў менш галасоў на народным галасаванні, можа перамагчы ў калегіі электараў: так прэзідэнтамі станавіліся Трамп у 2016-м, Буш-малодшы ў 2000-м і яшчэ тры прэзідэнты ў 1800-х.
Так павялося з 1787 года, калі ўсеагульныя наўпроставыя выбары яшчэ былі сумнеўнай ідэяй. Цяпер бальшыня амерыканцаў падтрымлівае скасаванне калегіі электараў. Сістэму не змянілі на наўпроставыя выбары, бо няма згоды палітыкаў: каб змяніць Канстытуцыю ЗША, трэба згода дзвюх трацінаў абедзвюх палатаў Кангрэсу і трох чвэрцяў штатаў. Ёсць хіба ідэя пакту між штатамі, якія аддавалі б сваіх электараў партыі, якая перамагла на народным галасаванні
5. Вынік непрадказальны, у апытаннях нічыя
Цяперашнія прэзідэнцкія выбары ў ЗША вельмі напружаныя: іх апісваюць фразамі кшталту neck and neck («наздра ў наздру», як на скачках ці гонках) ці nail-biting (такія, што грызеш пазногці ад стрэсу).
У агульнанацыянальных апытаннях разрыў між кандыдатамі – каля 0,9 адсоткавага пункта на карысць Гэрыс, то бок у межах статыстычнай хібнасці. Ды й апытанні ў ЗША апошнім часам істотна памыляюцца: двойчы на прэзідэнцкіх выбарах недаацэньвалі падтрымку Трампа, а на прамежкавых парламенцкіх выбарах 2022 года недаацанілі падтрымку дэмакратаў. Сацыёлагі спрабуюць правільна ўзважыць адказы рэспандэнтаў, але гэта вельмі складана – ды й не выключана, што апытаныя адказваюць непраўдзіва, а вынікі апытанняў карэктуюць праз «статкавы інстынкт» сацыёлагаў.

Вынік выбараў маюць вырашыць штаты, якія вагаюцца (swing states) і за якія ідзе асноўная барацьба (battleground states). Сёлета гэта Пенсільванія, Паўночная Караліна, Мічыган, Джорджыя, Арызона, Ўісконсін і Нэвада. Большая частка штатаў даўно галасуе нязменна за кандыдатаў ад адной партыі, а толькі ў шасці названых штатах разрыў між асноўнымі кандыдатамі невялікі, меншы за 5 адсоткавых пунктаў. Разам гэтыя штаты даюць 93 з 570 электараў.
Ды магчымыя ўсялякія неспадзяванкі. Напрыклад, нічыя 269:269 у калегіі электараў (ёсць тры такія рэалістычныя камбінацыі па штатах), пры якой прэзідэнта будзе выбіраць Палата прадстаўнікоў. Або нечаканая параза фаварыта ў штаце, які лічыўся вызначаным: напрыклад, нядаўна апытанне раптоўна паказала магчымую перамогу Гэрыс у Аёве, калі іншыя апытанні давалі Трампу значны адрыў.
6. Асноўныя кандыдаты вельмі жорстка крытыкуюць адно аднаго
ЗША вельмі палярызаваныя гэтымі выбарамі: многія дэмакраты і рэспубліканцы лічаць перамогу апанента катастрофай. У Трампа падчас перадвыбарчай кампаніі стралялі – хіба цудам куля толькі падрапала яму вуха. У базе амерыканскіх выбарнікаў стралок быў зарэгістраваны як прыхільнік рэспубліканцаў.
Трамп называе Гэрыс «радыкальна левай» і «розумава непаўнавартаснай», дэмакратаў – «партыяй зла і гвалту». Гэрыс называе Трампа «фашыстам» (так яго называе і шэраг былых паплечнікаў, Трамп гэта адмаўляе), з Трампам ягоныя праціўнікі звязваюць скандальны «Project 2025» – «метадычку» для прэзідэнта-кансерватара, праз якую можна зрабіць прэзідэнта ледзь не дыктатарам (а Трамп абяцаў стаць дыктатарам на першы дзень другога тэрміну). Пасля мінулых выбараў прыхільнікі Трампа ажно штурмавалі Капітолій.
Ці праўда ўсё будзе жахліва для прыхільнікаў партыі, якая прайграе? Гэта невядома, ды можна прагназаваць, што пасля перамогі кандыдат адмовіцца ад мноства сумнеўных абяцанняў або не зможа іх прасунуць праз Кангрэс.
Напрыклад, ідэі Трампа і ягонага прыхільніка, мільярдэра Ілана Маска пра эканоміку і тарыфы моцна непакояць эканамістаў, ды за мінулы тэрмін ён не абваліў эканоміку ЗША. Трамп вінаваціць дэмакратаў у ігнараванні міграцыйнага крызісу на мяжы (нават заяўляе, што нелегальныя мігранты нібыта «ядуць катоў і сабак у Агаё»), але палітыка Байдэна і Гэрыс прывяла да істотнага зніжэння нелегальнай міграцыі. Ды й жыццё амерыканцаў моцна залежыць ад вырашэння мноства менш «скандальных» праблемаў: напрыклад, ад таго, што наступны прэзідэнт зробіць з крызісам цэнаў на жытло.
7. Пераможцу мае назваць 6 студзеня Камала Гэрыс – нават калі яна прайграе
Папярэднія вынікі народнага галасавання маюць з’явіцца ўжо ў ноч пасля дня выбараў – то бок днём 6 лістапада ў Еўропе. У асобных штатах падлік (або пералік) галасоў можа зацягнуцца. У 2000 годзе вынік народнага галасавання вырашыўся ажно ў снежні і праз Вярхоўны суд. Дэмакраты непакояцца, што рэспубліканцы заваляць суды заявамі аб фальсіфікацыях і парушэннях на выбарах, а рэспубліканцы сапраўды менш вераць у справядлівы падлік галасоў.
Так ці інакш, прэзідэнта выбіраюць электары. Яны галасуюць у снежні, а вынікі іхнага выбару зацвярджаюцца ў студзені. Асобныя электары нярэдка галасуюць няправільна – памылкова ці наўмысна (у 2016 годзе такіх было аж 10 з 570). Галасы такіх электараў (faithless electors) у розных штатах залічваюць ці не залічваюць, але за няправільнае галасаванне электараў у бальшыні штатаў не караюць.
Афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў-2024 маюць быць вядомыя толькі 6 студзеня 2025 года. І гэтыя вынікі абвесціць Камала Гэрыс: вынікі галасавання калегіі электараў зацвярджае і абвяшчае старшыня Сенату, а гэта віцэ-прэзідэнт. Нават калі яна прайграе, то мае зацвердзіць паразу. Так давялося рабіць Рычарду Ніксану ў 1961 годзе – і ён скарыстаўся нагодай, каб пахваліць амерыканскую дэмакратыю і мірную змену ўлады.
Алесь Наваборскі belsat.eu