навіны

«Рыжанкоў забыўся, дзе знаходзіцца». Чаго дасягнуў новы кіраўнік МЗС за першы тыдзень?

Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў дае каментар дзяржаўным СМІ ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: БелТА)
Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў дае каментар дзяржаўным СМІ ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: БелТА)
podpis źródła zdjęcia

Лукашэнка падчас саміту ШАС у Астане правёў перамовы з генеральным сакратаром ААН.

Аляксандр Лукашэнка падчас саміту ШАС у Астане правёў перамовы з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам. Разбіраліся, ці для Менску гэтая сустрэча стала дыпламатычным прарывам, ці правалам.
Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы з Генеральным сакратаром Арганізацыі аб’яднаных нацыяў (ААН) Антонью Гутэрышам ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: president.gov.by)
Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы з Генеральным сакратаром Арганізацыі аб’яднаных нацыяў (ААН) Антонью Гутэрышам ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: president.gov.by)
Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі 4 ліпеня на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Астане сустрэўся з Генеральным сакратаром Арганізацыі аб’яднаных нацыяў (ААН) Антонью Гутэрышам. У прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі падрабязнасцяў размовы не раскрылі. Там толькі адзначылі, што супраца з ААН з’яўляецца адным з найважнейшых вектараў вонкавай палітыкі Беларусі, што ў арганізацыі прасоўваецца ініцыятыва Лукашэнкі аб неабходнасці пачатку шырокага міжнароднага дыялога для аднаўлення даверу і ўмацавання бяспекі, а сама Беларусь «актыўна выступае з трыбуны ААН» супраць санкцыяў.
Але дэталі сустрэчы раскрыла прэс-служба ААН. Паводле яе, падчас размовы Гутэрыш заявіў аб неабходнасці спыніць вайну ва Украіне на падставе прынцыпаў Статута ААН, міжнароднага права і павагі тэрытарыяльнай цэласці.
«Генеральны сакратар ААН таксама выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён адзначыў, што амністыя, абʼяўленая ў Беларусі напярэдадні, гэта крок у напрамку поўнай павагі правоў чалавека і забеспячэння асноўных свабодаў у гэтай краіне», – паведамляе «Центр новостей ООН».
У прэс-службе самога Гутэрыша таксама адзначылі, што размова адбылася на просьбу Лукашэнкі.
Каментуючы сустрэчу, дарадца абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсліў, што такім чынам Гутэрыш заклікаў Лукашэнку спыніць саўдзел у вайне супраць Украіны, спыніць рэпрэсіі і працягваць вызваляць людзей з турмаў.


,,

«Усе мэсіджы правільныя», – сказаў Вячорка.


Але з крытыкай прэс-рэлізу ААН нечакана выступіў міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў, які быў прызначаны на сваю пасаду толькі тыдзень таму. У эфіры дзяржаўнага тэлебачання кіраўнік МЗС заявіў, што Гутэрыш наадварот пахваліў Беларусь «за працу ў дасягненні мэтаў устойлівага развіцця», што ў ААН «прэтэнзіяў да Беларусі няма ніякіх, вы ідзяце правільным шляхам».
«Гутэрыш вельмі падрабязна спыняўся на тым, што Беларусь – надзейны партнёр у рэалізацыі ўсіх мэтаў і задачаў, якія ставіць перад сабой ААН», – сказаў міністр.
Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў дае каментар дзяржаўным СМІ ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: БелТА)
Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў дае каментар дзяржаўным СМІ ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: БелТА)
Паводле яго, практычна ўся сустрэча была прысвечаная дзейнасці ААН у Беларусі, а не правам чалавека, як «хтосьці там напісаў, што нібыта нас у чымсьці хтосьці папракаў і пра нейкія правы чалавека». Ён заявіў, што асобныя пытанні «гучалі толькі мімаходзь і выключна ў плане парады».
«Ніякага адмысловага кейсу адносна Беларусі ў ААН няма, які б сёння даваў права Гутэрышу казаць нешта, [выстаўляць. – рэд. belsat.eu] прэтэнзіі», – адзначыў Рыжанкоў.
У каментары «Белсату» былы беларускі дыпламат Валер Кавалеўскі адзначыў, што ў дыпламатычнай практыцы па выніках сустрэчаў прынята пераказваць у публічных паведамленнях толькі свае словы і не цытаваць іншы бок.
«Гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць нейкіх інтэрпрэтацый, няправільных акцэнтаў, словаў, што пасля можа прыводзіць да напружання паміж бакамі», – сказаў ён.
У гэтым плане, паводле яго, паведамленне прэс-службы ААН з’яўляецца вельмі вывераным, бо паказвае толькі тое, што казаў Гутэрыш і не згадвае словаў Лукашэнкі.
«Ніхто ніколі не практыкуе такога, каб упіхнуць у прэс-рэліз штосьці, што не падымалася. Гэта недапушчальная практыка», – падкрэсліў былы дыпламат, заявіўшы, што сваімі заявамі кіраўнік МЗС уцягваецца ў спрэчку з прафесіяналамі з ААН, для якіх падобныя паведамленні – руцінная справа.
На думку Кавалеўскага, Рыжанкоў, які «18 гадоў кіраваў прыгоннымі чыноўнікамі», а не займаўся дыпламатыяй, «проста страціў элементарныя навыкі ў дыпламатычнай дзейнасці».
«Проста забыўся, дзе ён знаходзіцца, што ён не сярод сваіх падначаленых, дзе ён можа дыктаваць рэальна сваю волю. Тут людзі, якія абсалютна ад яго незалежныя, ён залежыць ад іх, насамрэч. Ад таго, якая ў яго будзе рэпутацыя, якое ў яго будзе дзелавое рэнамэ», – сказаў дыпламат.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Stringer / AFP / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Stringer / AFP / East News)
І на такі старт кар’еры міністра замежных справаў, мяркуе Кавалеўскі, абавязкова звернуць увагі за мяжой: «Будуць асцярожнымі ў кантактах, у камунікацыях, будуць правяраць, пераправяраць, хто што сказаў, як сказаў, будуць больш абачлівымі».
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка ў сваю чаргу адзначыў, што Рыжанкоў сваім каментаром, накіраваным перш за ўсё для ўнутранай аўдыторыі, спрабаваў «аспрэчыць бясспрэчнае». Але забыў пра тое, што словы міністраў замежных справаў звяртаюць на сябе ўвагу за мяжой.
Кавалеўскі таксама зняпраўдзіў словы Рыжанкова пра тое, што «адмысловага кейсу адносна Беларусі ў ААН няма». Ён нагадаў, што ў Радзе правоў чалавека ААН яшчэ ў 2012 годзе прызначаны адмысловы дакладчык адносна сітуацыі ў Беларусі, мандат якога ўвесь час падаўжаецца. Таксама адмысловая група расследуе парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне. Цяпер жа, сказаў Кавалеўскі, Гутэрыш яшчэ і акрэсліў Беларусь як «месца, адкуль сыходзіць пагроза».
Больш за тое, як адзначыў Латушка, нават перад самым самітам ШАС, 3 ліпеня, у Радзе правоў чалавека ААН была прадстаўленая справаздача пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
«Не ведаць пра тое, што ў Радзе правоў чалавека разглядаўся кейс Беларусі, калі ўсе спікеры ад імя сваіх краін, аб’яднанняў ці арганізацыяў у той ці іншай форме асудзілі парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, паспрабаваць зняпраўдзіць афіцыйнае камюніке прэс-службы генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў, у якім чорным па белым напісаныя ўсе прэтэнзіі да рэжыму Лукашэнкі – гэта першы дыпламатычны пракол Рыжанкова», – падкрэсліў Латушка.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Stringer / AFP / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Stringer / AFP / East News)
Палітык адзначыў, што сустрэчы падобнага ўзроўню рыхтуюцца службамі пратаколу, таксама абмяркоўваюцца магчымыя тэзісы для размовы. Таму, мяркуе ён, сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў, які з’яўляецца мужам прызначанай у адзін дзень з Рыжанковым першай намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч, няякасна падрыхтаваў сустрэчу. А няякасна, бо гэтая сустрэча «пайшла ў вялікі мінус асабіста Лукашэнку», сказаў Латушка. За падобныя памылкі ў МЗС звычайна «надыходзяць наступствы», дадаў ён.
Латушка таксама назваў надзвычайнай рэдкасцю ў дыпламатычнай працы тое, калі паведамляецца, які бок ініцыяваў сустрэчу:


,,

«У прэс-рэлізе прэс-службы ААН указана, што менавіта Лукашэнка сам напрасіўся на сустрэчу, калі ні сказаць наўпрост – нарваўся».


Кавалеўскі адзначыў вялікую важнасць таго, што ўпершыню генеральны сакратар ААН публічна прызнаў, што ў Беларусі «вельмі складаны крызіс, які ўключае ў сябе і праваабарончую праблематыку, і пагрозу міру і бяспецы, што ўнутраныя рэпрэсіі працягваюцца, што гэта стварае такое асяроддзе, якое ўплывае таксама на дзеянні рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне, што прывяло да саўдзелу ў вайне супраць Украіны».
Сцягі краінаў-удзельніцаў саміту ШАС на ўваходзе ў Палац міру і прымірэння ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Utku Ucrak / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Піяр, грошы і гарантыі супраць Расеі? Навошта Лукашэнка зацягнуў Беларусь у ШАС навіны
Паводле Кавалеўскага, гэта сталася вынікам працяглага інфармавання кіраўніцтва ААН пра сітуацыю ў Беларусі і няспынных заклікаў зрабіць крокі ў яе развязанні. Цяпер жа, на яго думку, «на перадзе будзе больш прадметная размова паміж Нью-Ёркам [дзе знаходзіцца штаб-кватэра ААН. – рэд. belsat.eu] і рэжымам Лукашэнкі, якім чынам трэба рэагаваць на гэтую сітуацыю».
Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10