Спрошчаны парадак выдачы польскіх праязных дакументаў замежніка для грамадзянаў Беларусі будзе працягнуты да 30 чэрвеня 2025 года. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Душчык на сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў.
Сустрэча адбылася 6 снежня. З беларускага боку ў ёй удзельнічалі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка, кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская і дэлегатка Каардынацыйнай Рады Вольга Карпушонак, паведамілі ў АПК.
Намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Душчык праінфармаваў, што спрошчаны парадак выдачы польскіх праязных дакументаў для грамадзянаў Беларусі будзе працягнуты да 30 чэрвеня 2025 года.
Каментуючы новую міграцыйную палітыку Польшчы, намеснік міністра падкрэсліў, што яна не накіраваная супраць беларусаў, а мае на мэце ўзмацніць супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі. Пры гэтым Душчык адзначыў, што адносна ўжывання Дублінскага рэгламенту Польшча будзе прытрымлівацца яго нормаў у пытаннях, што датычаць правілаў уезду на тэрыторыю краіны: пытанні легалізацыі замежных грамадзянаў павінны разглядацца на тэрыторыі краіны першага ўезду.
Асобна абмяркоўвалася прызнанне праязнога дакумента замежніка ў якасці дакумента, які сведчыць асобу на тэрыторыі Польшчы. МУС Польшчы плануе прааналізаваць практычнае ўжыванне гэтага і пры неабходнасці ініцыюе ўнясенне адпаведных змяненняў у закон аб замежніках.
Абмяркоўвалася пытанне аб тэрміне дзеяння праязнога дакумента замежніка, які цяпер выдаецца на адзін год. Цяпер МУС Польшчы аналізуе тэхнічныя і прававыя магчымасці прадаўжэння тэрміну дзеяння праязнога дакумента, напрыклад, да двух ці трох гадоў. Аднак рэалізацыя гэтага падыходу запатрабуе захавання стандартаў біяметрыі.
Акрамя таго, Латушка ініцыяваў абмеркаванне пытанняў легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў у Польшчы. Асобна разглядалася пытанне аднаўлення працы рабочай групы ў пытаннях, звязаных са знаходжаннем грамадзянаў Беларусі ў Польшчы.
Польскі праязны дакумент выдаецца замежніку, які страціў свой праязны дакумент, або ён быў пашкоджаны, або скончыўся тэрмін дзеяння.
Якуб Хруст belsat.eu