навіны

Грузінскі прэм’ер прыгразіў прэзідэнтцы турмою і ахвярамі, калі яна не сыдзе з пасады

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі прамаўляе на мітынгу апазіцыі ў Тбілісі, Грузія. 28 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі прамаўляе на мітынгу апазіцыі ў Тбілісі, Грузія. 28 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Прэм’ер-міністр Грузіі ад кіроўнай партыі «Грузінская мара» Іраклі Кабахідзэ падчас брыфінгу 22 снежня выступіў з пагрозамі ў дачыненні прэзідэнткі Саламэ Зурабішвілі, якая падтрымлівае пратэсты ў краіне і чые паўнамоцтвы афіцыйна канчаюцца праз тыдзень.

Сілавікі жорстка затрымліваюць дэманстранта на другі дзень пратэстаў супраць адмовы перамоваў Грузіі з ЕЗ. Фота: Белсат

«Шок ва ўсім грузінскім грамадстве». Збіцці і першыя крыміналкі за пратэсты ў Грузіі

навіны

«Нават тыдня не застаецца Зурабішвілі на гэтай пасадзе. На працягу гэтага тыдня яна ўжо не здолее нічога зрабіць, хоць шмат якія еўрапейскія чыноўнікі заяўляюць пра тое, што да 29 снежня можа адбыцца многае, але хачу вас запэўніць у тым, што нічога шмат чаго не адбудзецца. "Deep state" ў Грузіі не пераможа, радыкальная апазіцыя не пераможа. 29-га ёй давядзецца сысці з пасады. Паглядзім, дзе яна працягне сваё жыццё, за кратамі або на волі. Думаю, ёй хопіць розуму не парушаць нормы Крымінальнага кодэксу», – адзначыў прэм’ер, паведамляе «Грузия online».

Паводле Іраклі Кабахідзэ, саджаць у турму 72-гадовую прэзідэнтку можа ніхто і не захацець, але калі яна ўмацуецца ў рэзідэнцыі, то «прынясе ў ахвяру ўсіх тых людзей, якія будуць побач з ёю пры такім сцэнары».

Прэм’ер таксама заявіў, што ў краіне няма падставы для прызначэння новых выбараў. Ён адзначыў, што ў Крымінальным кодэксе прадугледжанае шматгадовае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за падобныя дзеянні.

«Паўторныя выбары могуць быць прызначаныя толькі ў выпадку, калі ЦВК або суд, у тым ліку Канстытуцыйны, анулююць вынікі папярэдніх выбараў. Вы ведаеце, што ЦВК Грузіі падвяла вынікі выбараў, а ў судзе былі разгледжаныя ўсе скаргі. У Канстытуцыйны суд разам з апазіцыйнымі партыямі і НДА звярнулася сама Саламэ Зурабішвілі. Канстытуцыйны суд пацвердзіў легітымнасць выбараў. Адпаведна, паводле нашае Канстытуцыі і заканадаўства, падставы для прызначэння паўторных выбараў няма», – сказаў ён.

Акрамя таго, Кабахідзэ адзначыў, «што людзі больш не бяруць удзел у мітынгах», а «ў радыкальнай апазіцыі цяжкі эмацыйны фон, свайго кшталту істэрычны стан».

Напярэдадні прэзідэнтка Грузіі на сумесным брыфінгу з прадстаўнікамі апазіцыі і няўрадавых арганізацыяў абвясціла, што неабходна прызначыць новыя выбары, і яна гатовая сустрэцца ў гэтым пытанні з Бідзынам Іванішвілі – лідарам кіроўнай партыі. Як адзначыла Зурабішвілі, выніковае заключэнне АБСЕ / БДІПЧ пацвярджае парушэнні, што негатыўна паўплывалі на вынікі выбараў.

Паводле Саламэ Зурабішвілі, прызначэнне новых выбараў залежыць ад Іванішвілі і на яго неабходна аказаць ціск, каб ён прыняў гэтую пастанову.

Нагадаем, што 14 снежня новым прэзідэнтам краіны стаўся жорсткі крытык Захаду Міхэіл Кавэлашвілі. Інаўгурацыю запланавалі на 29 снежня. Апазіцыя заяўляе, што парламенцкія выбары, на якіх «Грузінская мара» атрымала амаль 54 % галасоў, былі сфальсіфікаваныя. У краіне ідуць пратэсты, што жорстка намагаецца спыніць паліцыя.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10