У Грузіі з 28 лістапада працягваюцца пратэсты за еўраінтэграцыю. У апошнія дні затрымана 224 чалавекі за «дробнае хуліганства і супраціў паліцыі», а тры чалавекі – па крымінальных справах, паведамляе МУС Грузіі. Некаторыя дыпламаты пакідаюць пасады, а ў ЕЗ кажуць пра санкцыі.
Збіццё, лаянка і першыя крыміналкі
Вядомы ўзрост двух затрыманых па крымінальных справах – 17 гадоў і 21 год. Ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Аднаго з іх абвінавачваюць у тым, што піратэхнікай нанёс пашкоджанні паліцэйскаму, а другога – у падпале аднаго з пакояў парламента.
МУС адзначае, што за час пратэстаў пацярпела 113 супрацоўнікаў паліцыі і чацвёра дагэтуль знаходзяцца ў медыцынскіх установах.
Пратэстоўцы сапраўды выкарыстоўваюць піратэхніку ў сутыкненнях з паліцыяй. Гэта ўдалося зафіксаваць карэспандэнту «Белсату». Аднак няўрадавая арганізацыя «Асацыяцыя маладых юрыстаў Грузіі» падкрэслівае, што падаўленне пратэстаў было са «звыклай незаконнай і непрапарцыйнай сілай».

Людзей у Тбілісі разганялі вадамётамі, слёзатачывым газам і жорстка білі. «Эхо Кавказа» паведамляла, што сярод пацярпелых ёсць журналісты. Напрыклад, увечары 29 лістапада была збітая здымачная група тэлекампаніі «Пирвели». Пасля пратэстаў 28 лістапада паведамлялася, што сілавікі «дзейнічалі асабліва жорстка» у дачыненні да журналістаў. Тады пацярпелі супрацоўнікі «Эхо Кавказа» і грузінскай службы Радыё Свабода. Людзей затрымлівалі і білі нават у метро.
Не падобна, што ўлады гатовыя аслабіць прэсінг. Прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ заявіў, што не дапусціць «украінізацыі Грузіі», маючы на ўвазе сцэнар, пры якім улада зменіцца праз пратэсты.
,,«Два дні таму, калі паліцэйскі нагой збіваў ляжачага ўдзельніка акцыі, у выніку адправіў яго ў накаўт – гэта выклікала шок ва ўсім грузінскім грамадстве. Мне здавалася, што пасля гэтых кадраў, будзе загад не ўжываць сілу, не раздражняць грамадства.
Але замест гэтага зноў жорсткія затрыманні, мацюкальная лаянка. Чалавека ва ўзросце, які ляжаў на падлозе ў метро білі па твары. Падобна на тое, Іванішвілі [ганаровы старшыня кіруючай партыі, мільярдэр Бідзіна Іванішвілі. – Заўв. рэд.] альбо сарвала дах, альбо на яго ціснуць з Масквы, як у свой час ціснулі на Януковіча [экс-прэзідэнта Украіны – Заўв. рэд.]», – кажа у эфіры «Новости Кавказа» фотажурналіст Зураб Джавахадзэ.
Палітолаг Гела Васадзэ лічыць, што ўлады спецыяльна ідуць на абвастрэнне, каб у выніку зачысціць палітычнае поле і абмежаваць грамадзянскія свабоды.
«Я думаю, што ён [Бідзіна Іванішвілі] сёння вельмі баіцца Расеі. Ён падпарадкоўваўся ва ўсіх кірунках, рабіў усё, пра што яго прасілі», – сказала яшчэ ў кастрычніку 2024 года прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі.
Усё пачалося з «закрытай» Еўропы

Пратэсты ў Грузіі ўспыхнулі пасля заявы прэм'ер-міністра краіны Іраклія Кабахідзэ аб тым, што пытанне аб перамовах аб уступленні ў ЕЗ адкладаецца да 2028 года. Паводле яго, адзінае, што Грузія адпрэчыла – гэта «ганебны і абразлівы» шантаж з боку некаторых еўрапейскіх палітыкаў. Такая заява была пасля таго, як Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб непрызнанні парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка, на якіх большасць мандатаў атрымала кіроўная партыя з прарасейскімі пазіцыямі «Грузінская мара».
Вынікі гэтых выбараў таксама выклікалі пратэсты.
Еўрапарламент заклікаў да санкцый супраць некаторых прадстаўнікоў «Грузінскай мары», у тым ліку супраць Іраклія Кабахідзэ.
Не згодная з выбарамі таксама прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі.
Акрамя незадаволенасці ў краіне, якую выказалі ў тым ліку некаторыя школы, ВНУ, бізнес і іншыя, у знак пратэсту паслы Грузіі ў шэрагу краін падалі ў адстаўку, напрыклад, у ЗША, Італіі, Літве, Балгарыі і Нідэрландах. Прэм'ер Грузіі заявіў пра нібыта ціск на дыпламатаў заходнімі краінамі.
Саламэ Шапакідзэ, якая сышла з пасады амбасадара ў Літве напісала ў «Х»:
«Для мяне было гонарам і прывілеем служыць нацыянальным інтарэсам маёй краіны, Грузіі, больш за дзесяцігоддзе і сціпла ўносіць уклад у яе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, якія ідуць рука аб руку з еўрапейскімі і еўраатлантычнымі імкненнямі! Грузія – гэта Еўропа!».
Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Звязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас і новы еўракамісар у пытаннях пашырэння Марта Кос у супольнай заяве прыгразілі грузінскім уладам санкцыямі:
«Гэтыя дзеянні грузінскага ўрада маюць прамыя наступствы для нашых адносін. Грузінскія ўлады павінны паважаць права на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў і ўстрымлівацца ад прымянення сілы супраць мірных пратэстоўцаў, палітыкаў і прадстаўнікоў СМІ».
Пакуль барацьба ў Грузіі працягваецца. Паводле МУС Грузіі, пратэсты чакаюцца і ўвечары 2 снежня.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Арсен Рудэнка belsat.eu