Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан заявіў, што спыненне вайны ва Украіне павінна прывесці да адмены санкцыяў Еўразвязу супраць Расеі.
Пра гэта кіраўнік Вугоршчыны паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Будапешце, падводзячы вынікі года, паведамляе ТАСС.
Падчас канферэнцыі Орбан пацвердзіў пазіцыю свайго ўраду, што з пачатку вайны выступае супраць выкарыстання санкцыяў як сродку для вырашэння канфлікту.
На думку прэм’ер-міністра, завяршэнне вайны ва Украіне зрабіцца падставаю для адмены санкцыяў, што наносяць шкоду эканоміцы Еўропы.
«Вугоршчына ўважае, што санкцыі трэба адмяніць як мага хутчэй і ў максімальна поўным аб’ёме», – цытуе словы Віктара Орбана ТАСС.
Пры гэтым Орбан адзначыў, што такую пазіцыю, акрамя Вугоршчыны, падтрымліваюць у Еўразвязе толькі адна-дзве краіны. Пераважная большасць краінаў – сябраў ЕЗ выступаюць за працяг санкцыйнага ціску на Расею.
Нагадаем, што Вугоршчына неаднаразова блакавала еўрапейскую дапамогу Украіне. Так, у 2022 годзе яна выступала супраць вылучэння ёй 18 мільярдаў долараў, у 2024-м яна не давала магчымасці зацвердзіць шматгадовы бюджэт ЕЗ, у якім былі закладзеныя 50 мільярдаў еўраў фінансавай дапамогі Украіне.
У той жа час многія аналітыкі мяркуюць, што Вугоршчына выкарыстоўвае блакаванне такой дапамогі як рычаг у перамовах з Бруселем у іншых пытаннях кшталту вылучэння сродкаў з фондаў ЕЗ для самой Вугоршчыны.
Раман Шавель belsat.eu