Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы прапанаваў Орбану стварыць саюз з Расеяй замест ЕЗ і NATO
29.07.2024, 07:01
Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан. (Фота: miniszterelnok.hu)
podpis źródła zdjęcia
«Чаму Вугоршчына хоча заставацца чальцом арганізацыяў, якія ёй так не падабаюцца?»
Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Владыслаў Барташэўскі прапанаваў прэм’ер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану пакінуць ЕЗ і NATO. Гэта сталася рэакцыяй на словы Орбана пра «памылковую палітыку ЕЗ і ўсяго Захаду», а таксама «крывадушнасць Польшчы», паведамляе PAP.
Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан. (Фота: miniszterelnok.hu)
Віктар Орбан таксама заступаўся за Расею і пахваліў Доналда Трампа:
«Палякі праводзяць крывадушную палітыку. Яны крытыкуюць нас за нашыя стасункі з Расеяй і вядуць справы з Расеяй праз пасярэднікаў. Такой крывадушнасці з боку дзяржавы я ніколі не бачыў».
Владыслаў Барташэўскі адказаў, што палітыка Орбана антыеўрапейская, антыўкраінская і антыпольская:
«Мы не вядзём справаў з Расеяй, у адрозненне ад прэмʼер-міністра Орбана, які цяпер на задворках міжнароднай супольнасці – як у Еўразвязе, гэтак і ў NATO».
Палітык падкрэсліў, што выступ Орбана быў таксама негатыўна пракаментаваны амбасадарам ЗША ў Будапэшце:
«Я не вельмі разумею, чаму Вугоршчына хоча заставацца чальцом арганізацыяў, якія ёй так не падабаюцца і якія нібыта дрэнна да яе ставяцца. Чаму б Орбану не стварыць саюзу з Пуціным ды іншымі аўтарытарнымі дзяржавамі такога тыпу? Паводле прынцыпу: калі вы не хочаце быць сябрам нейкага клубу, вы заўсёды можаце выйсці з яго».
Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы нагадаў, што Орбан блакуе 2 млрд злотых, якімі ЕЗ мае пакрыць Польшчы выдаткі за пастаўку вайсковай тэхнікі Украіне.
Віктар Орбан даўно прасоўвае ідэю пра ненадаванне вайсковай дапамогі Украіне, ён адзін з нямногіх еўрапейскіх палітыкаў, якія маюць добрыя стасункі з Уладзімірам Пуціным.