навіны

Тбіліскі гарадскі суд ізноў перанёс разгляд скаргі Рамана Кісляка на адмову прытулку ў Грузіі

Праваабаронца і намеснік старшыні Беларускай дыяспары Аджарыі Раман Кісляк у Тбілісі, Грузія. Фота: Белсат
Праваабаронца і намеснік старшыні Беларускай дыяспары Аджарыі Раман Кісляк у Тбілісі, Грузія. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Чакалася, што будзе прынятая канчатковая пастанова, але суддзя палічыў неабходным вывучыць справу ў сувязі з далучэннем да яе новых дакументаў.

Праваабаронца Раман Кісляк – адзін з беларусаў, каму не далі міжнароднай абароны ў Грузіі і хто мае пратэрмінаваны на гэты момант беларускі пашпарт.


Заяву ў дэпартамент міграцыі МУС Грузіі з просьбай даць яму прытулак у Грузіі Кісляк падаў 24 ліпеня 2023 года. Крыху больш, чым праз год, 7 жніўня 2024 года, праваабаронца атрымаў адказ – адмову даць яму статус уцекача. У пастанове гэта тлумачылася наступным чынам:


«Міністэрства разгледзела вашую заяву наконт надання міжнароднай абароны, у сувязі з чым і паведамляем, што вы адпавядаеце крытэрыям, вызначаным 1(А)2 артыкулам Жэнеўскай канвенцыі «Аб статусе ўцекача» ад 1951 года і артыкулам 15 закону Грузіі «Аб міжнароднай абароне», якія датычаць надання статусу ўцекача, але ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што вы маеце сувязь з абставінамі, вызначанымі п. 2 арт. 69 закону Грузіі «Аб міжнароднай абароне», таму вашае перабыванне ў Грузіі супярэчыць інтарэсам краіны».


Раман Кісляк не згодны з такой пастановай, сцвярджае, што яна незаконная, беспадстаўная і парушае ягоныя грамадзянскія правы.


9 верасня праваабаронца падаў у Тбіліскі гарадскі суд скаргу на адмову Дэпартаменту міграцыі грузінскага МУС надаць яму статус уцекача.


У скарзе праваабаронца звярнуў увагу, што ягоная заява не была разгледжаная своечасова – цягам 6 месяцаў, праз што 24 лютага 2024 года скончыўся тэрмін дзеяння ягонага беларускага пашпарту, замяніць які на новы за межамі Беларусі немагчыма з верасня 2023 года, калі выйшаў «консульскі ўказ» Аляксандра Лукашэнкі.


З тае пары суд у ягонай справе пераносіўся чатыры разы: першы перанос быў з 30 кастрычніка на 11 лістапада, другі – на 25 лістапада, трэці – на 18 снежня. Новы суд прызначаны на 26 лютага 2025 года.


Праваабаронца чакаў, што цяпер будзе прынятая пастанова, але суддзя палічыў неабходным вывучыць справу ў сувязі з далучэннем да яе новых дакументаў.


Дадаткова Кісляк далучыў інфармацыю Камітэту ААН у правах чалавека пра катаванні, парушэнні права на справядлівы судовы разбор і пра смяротныя пакаранні ў Беларусі. У прыватнасці, апісваўся кейс Уладзіслава Кавалёва, расстралянага паводле выраку суда, які абвінаваціў яго ў суўдзеле ў тэракце ў Менскім метро 11 красавіка 2011 года.


«Гэтыя матэрыялы раней былі пададзеныя на англійскай мове, але ў МУС іх не пераклалі, і я прынёс натарыяльна завераны пераклад на грузінскую», – патлумачыў праваабаронца.


Нагадаем, «Белсат» ужо пісаў пра тое, што становішча «палітычных» беларусаў у Грузіі сур'ёзна пагаршаецца. На дадатак да візавых пастак і прыняцця Закону аб замежных агентах цяпер – пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Грузіі – беларусам пачалі масава адмаўляць у прытулку. Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі прызнае, што некаторыя «палітычныя» беларусы адпавядаюць крытэрыям Жэнеўскай канвенцыі і закону Грузіі аб міжнароднай абароне, але пры гэтым адказвае, што перабыванне беларусаў на тэрыторыі Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны» – іх прызнаюць пагрозаю дзяржаўнай бяспецы. Але нават пасля гэтай адмовы шмат якія беларусы, калі б і хацелі з'ехаць, не могуць гэтага зрабіць: у іх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта або ім не даюць візы.


Толькі за апошнія некалькі месяцаў дакладна вядома пра 26 выпадкаў адмовы ў міжнароднай абароне.


Афіцыйная статыстыка гэтую інфармацыю пацвярджае. Паводле МУС Грузіі, па абарону з пачатку з'яўлення беларусаў у гэтай статыстыцы (2019 год) звярнуліся 73 асобы. Характэрна, што 32 з іх зрабілі гэта ў 2024-м. І сапраўды, пакуль ніводзін беларус, чыю справу ўжо разгледзелі, міжнароднай абароны ў Грузіі не атрымаў.


Цікава, што ў 2019–2022 гадах такія выпадкі былі адзінкавыя. У 2023-м і цягам першых двух кварталаў 2024 года адмоваў не было зусім. Затое ў трэцім квартале 2024-га – адразу 26 адмоваў.


«Мы мяркуем, што ва ўрадзе Грузіі пастанавілі адмаўляць у міжнароднай абароне ўсім беларусам. Мы патрабуем спыніць дыскрымінацыю ў дачыненні беларусаў пры атрыманні ўцякацтва», – кажа Раман Кісляк.


У звязку з гэтым беларусы пачалі штотыднёвыя акцыі пратэсту супраць дыскрымінацыі беларусаў у Грузіі, у прыватнасці, супраць адмоваў у палітычным прытулку пры разглядзе хадайніцтваў наконт міжнароднай абароны.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10