Раніцаю 16 снежня ў Валожынскім раёне адбылося ДТЗ з удзелам маршруткі, у якім пацярпелі васьмёра чалавек.
Здарэнне адбылося каля 9:00 на 27-м кіламетры дарогі Пяршаі – Івянец – Нясвіж, што пралягае ў Валожынскім раёне, паведамляе МУС Беларусі.
ДТЗ адбылося з прычыны таго, што 66-гадовы кіроўца маршрутнага таксі не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. У выніку аварыі мікрааўтобус перакуліўся.

У выніку васьмёра чалавек з рознымі траўмамі былі дастаўленыя ў шпіталь.
Як паведамляюць у тэлеграм-канале МУС, на задняй восі маршруткі былі ўсталяваныя апоны, вышыня пратэктара якіх была ніжэйшая за дапушчальную.
Нагадаем, што ДТЗ з удзелам маршрутак – нярэдкая з’ява на беларускіх дарогах. Гэтак, 24 чэрвеня ў Гарадзенскай вобласці перакулілася маршрутка, у якой былі занятыя ўсе пасажырскія месцы. Пасля аварыі адну пасажырку шпіталізавалі з рознымі траўмамі.
21 чэрвеня на 107-м кіламетры трасы Р-3 (Лагойск – Глыбокае – мяжа Латвіі) у выніку сутыкнення «Volkswagen Passat» і мікрааўтобус «Iveco Daily» вылецелі ў кювет. Кіроўца «Volkswagen Passat» і 36-гадовая пасажырка загінулі на месцы, пацярпелі 11 пасажыраў мікрааўтобуса.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Раман Шавель belsat.eu