Праваабаронцы ініцыятывы «dissidentby» даведаліся пра смерць актывісткі Святланы Круцікавай. Магчыма, яна не вытрымала няспыннага пераследу з боку ўладаў.
Як паведамляецца, Святлана Круцікава скончыла жыццё самагубствам 10 снежня. Яна кінулася пад цягнік.
Жанчына жыла ў Пінскім раёне і некалькі разоў была пакараная арыштам паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Апошні суд адбыўся 6 лістапада ў Пінску за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
На думку знаёмых жанчыны, яна не вытрымала ператрусаў, пазбаўлення волі, правяранняў і рэгулярнага псіхалагічнага ціску з боку міліцыі. Паводле знаёмых, іншых абставінаў для такога ўчынку ў жанчыны быць не магло: яна была вельмі актыўнай і жыццярадаснай.
Нагадаем, што за апошнія гады гэта не першы выпадак суіцыду беларусаў, якіх пераследуюць улады. Гэтак, Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам 26 траўня 2021 года. 18-гадовы сірата ў сваёй смерці вінаваціў Следчы камітэт, які пераследаваў яго за ўдзел у мірных пратэстах. Справы аб давядзенні да самагубства нават не пачыналі.
У 2022 годзе пакончыў з сабой 43-гадовы Дзмітрый Дудойць, прысуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пра міліцыянта. А 31 кастрычніка 2024 года сталася вядома пра смерць у калоніі № 15 у Магілёве ад «механічнай асфіксіі» палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра. Праўда, ягоная сям’я заяўляе, што палітвязень не планаваў здзейсніць суіцыд, іншыя абставіны трагедыі невядомыя.
Якуб Хруст belsat.eu