З 1 да 25 снежня штодзень адкрывайце новыя цікавінкі пра вядомых беларусаў і беларусак у адвэнт-календары «Белсату».
Нагадваем, кожнага з іх чакае тузін традыцыйных пытанняў і адно пытанне-неспадзяванка. Кім бы хацелі апрануцца на святы нашыя госці? Што за песня часцей за ўсе грала ў іхных слухаўках і якая іхная галоўная мара?
Цікава? Тады глядзіце святочную анкету і атрымлівайце добры настрой ужо зараз!
У акенцы № 14 нашага святочнага календара – кампазітар і музыка ў трэцім пакаленні, а таксама выкладчык англійскай мовы Сяргей Пукст. Выпускае альбомы з 1997 года пад рознымі музычнымі альтэр-эга: Сяргей Пукст, Георгій Дабро, «True Litwin Beat» і «Pukstband». Пераехаў з Беларусі ў Польшчу ў сярэдзіне 2023 года.
13 шчырых адказаў Сяргея глядзіце ніжэй.

1. Галоўная падзея гэтага года для вас: Выйшаў супольны з бубначом альбом «Jawfish»
2. Апішыце гэты год адным словам: Самаспазнаваўчы
3. Якім персанажам на Каляды вы б апрануліся? Снягуркай (таму што Дзедам Марозам я ўжо быў)
4. Самы шчаслівы момант 2024 года: Выступ у байк-клубе «2 kola» – быў рэальна натоўп і стэйдж-дайвінг. На маіх выступах такога ніколі дагэтуль не было
5. А галоўны фэйл? Не памятаю :) Можа, недзе нахуліганіў, таму і не памятаю
6. Якая беларуская навіна ўразіла вас больш за ўсё ў гэтым годзе? Канцэрт Ягора Забелава. Мой сын атрымаў добрую адзнаку па матэматыцы. Адносіны беларусаў у Варшаве – гэта пастаянная і вельмі натхняльная для мяне беларуская навіна
7. З кім з беларусаў вы хацелі б пазнаёміцца? З удзельнікамі гурта «Молчат дома»
8. Якая песня ў вас гучала часцей за ўсё ў гэтым годзе? Акрамя сваіх уласных песень, «This Town Ain’t Big Enough for Both of Us» (Sparks)
9. Хто з беларусаў стаў для вас асабістым адкрыццём года? Кампазітар Вольга Падгайская. Я яе ведаў і дагэтуль, але ж асабіста пазнаёміўся з ёй і ейнаю творчасцю толькі цяпер, у Варшаве
10. Ваш улюбёны калядны фільм: «Набярэжная Арфэўр» Анры-Жоржа Клюзо
11. Якія галоўныя крыніцы вашага натхнення? Мастакі Паўль Клеэ, Здзіслаў Бэксіньскі і Ралян Тапор. Кампазітары Эрык Саці і Святлана Бень
12. Вашая мара на наступны год: Не страціць здароўя і ўсё паспець зрабіць
13. Што б вы пажадалі беларусам у новым годзе? Натхнення і шчасця.
Паглядзець папярэднія адказы можна тут, а заўтра вас ізноў чакаюць новае акенца адвэнт-календара і новы герой. Не пераключайцеся!
Тэса Анэйда belsat.eu