Меркаваннi

Хто і як цяпер душыць тых, хто хоча незалежнасці ад Крамля? 35 гадоў як і не было

Пратэстоўцы восьмы дзень запар збіраюцца на масавыя дэманстрацыі супраць адтэрміноўкі ўрадам перамоваў аб уступленні ў Еўразвяз да 2028 года каля будынка парламента ў цэнтры Тбілісі, Грузія. 5 снежня 2024 года. Фота: Karen Minasyan / AFP / East News
Пратэстоўцы восьмы дзень запар збіраюцца на масавыя дэманстрацыі супраць адтэрміноўкі ўрадам перамоваў аб уступленні ў Еўразвяз да 2028 года каля будынка парламента ў цэнтры Тбілісі, Грузія. 5 снежня 2024 года. Фота: Karen Minasyan / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Чаму зноў Грузія і чаму праз 35 гадоў Ноч сапёрных лапатак нагадала пра сябе? Бо менавіта яна сталася той апошняй кропляй, якая прымусіла кіраўніцтва СССР стварыць у некаторых рэспубліках такія падраздзяленні для разгону дэманстрацыяў, якія б не забівалі і не калечылі людзей.

Напярэдадні той страшнай трагедыі 9 красавіка 1989 года таксама праходзілі бестэрміновыя акцыі пратэсту – дэманстранты заклікалі да незалежнасці Грузіі. На разгон паслалі вайскоўцаў, якія дзеялі так, як былі гэтаму навучаныя: білі людзей сапёрнымі лапаткамі і труцілі іх газам.

Дваццаць асобаў былі забітыя, больш за дзвесце шпіталізаваныя і яшчэ тысячы звярнуліся па медычную дапамогу. Усе задаваліся пытаннем: як такое магло здарыцца ў мірны час? Загінулі і пакалечыліся людзі ад рук байцоў сваёй жа арміі. Была створаная дэпутацкая камісія на чале з Анатолем Сабчаком. Камісія апублікавала вынікі правярання: супраць мірнага насельніцтва ўжылі газы хлорацэтафенон і CS. Яны выклікаюць слёзацячэнне, боль у вачах і пухіры на скуры. Акрамя таго, было выяўленае рэчыва задушлівага дзеяння – хлорпікрын. Камісія адзначыла, што адбылося масавае атручэнне людзей з прыкметамі нейратропнага дзеяння.

За пяць месяцаў да гэтай трагедыі ўжо былі створаныя першыя атрады АМАПу ў некаторых саюзных рэспубліках. Але наіўна было меркаваць, што гэтыя структуры будуць дзеяць у інтарэсах карэннага народу. У студзені 1991-га рыжскі АМАП, як толькі Сейм краіны абвясціў незалежнасць Латвіі ад СССР, захапіў будынкі МУС, Дом друку і тэлеграфу. Захопы працягваліся, пакуль міністр унутраных справаў Латвіі Алаіз Вазніс не адправіў у МУС СССР тэлеграму, што загадвае супрацоўнікам МУС адкрываць агонь па амапаўцах, калі тыя наблізяцца да вайсковых аб'ектаў ведамства бліжэй за 50 метраў. Але напады яшчэ працягваліся, у тым ліку на аэрапорт і мытні. Менавіта рыжскі АМАП вінавацяць у нападзе на літоўскіх мытнікаў у Мядзінінкаі. Дзе аказаўся той АМАП пасля правалу путчу ГКЧП? У Цюмені.

А ў Беларусі ў той перыяд АМАП нічым сябе асабліва не праявіў – не было нагоды. Сёння з цяжкасцю верыцца, што ў 1990-ыя амапаўцаў навучалі спецыялісты з Заходняй Еўропы, якія маюць вялікі досвед абыходжання з дэманстрантамі падчас масавых акцыяў. А паводзілі яны сябе там зусім не так, як нашыя рабочыя на дэманстрацыях 7 лістапада і 1 траўня.

З АМАПам беларусам давялося пазнаёміцца ​​пасля рэферэндуму 1996 года, калі набіралі абароты пратэставыя акцыі. Маладзёнам, якія бралі ўдзел у акцыях у 2020-ым, калі ў краіне стала «не да законаў», нават не прысніцца сёння, што пракуратура рэагавала на тое, як паводзяць сябе міліцыянты, а часам нават узбуджала крымінальныя справы супраць іх за незаконнае ўжыванне сілы або перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Калі былі збітыя дэманстранты, то, як правіла, гэта адбывалася тады, калі задзеялі спецназ.

Вядома, бывалі інцыдэнты, як жа без іх, але мы ўжо ведаем, што адбываецца, калі ўвогуле няма ніякага кантролю. Журналісты, якія асвятлялі вулічныя акцыі пратэсту, памятаюць, як амапаўцы пазбягалі на іхных вачах дзеяць брутальна. Ніхто не хацеў трапіць у кадр. Бо і сам кадр мог стацца падставаю для крытыкі рэжыму Лукашэнкі, які тады яшчэ спрабаваў упэўніць свет у сваім гуманізме.

Так, да журналістаў увесь час у гэтых уладаў было асаблівае стаўленне – журналістаў улады ненавідзелі. Загад не дапусціць жорсткіх кадраў пасля 2008 года сталі выконваць па-іншаму – проста не давалі здымаць. Маглі зрабіць падсечку, пхнуць, закрыць спінамі агляд аператару, дый проста выбіць камеру з рук.

Былыя рэспублікі былі ўжо дзесяцігоддзі як незалежныя ад Крамля, але давайце ўспомнім дзеянні «Беркута» ва Украіне ў 2014-ым. Давайце ўспомнім, як міністр МУС Расеі Уладзімір Калакольцаў 24 сакавіка 2014-га ў Крыме дзякаваў беркутаўцам «за праяўленую мужнасць», а міністр абароны Шайгу асабіста ўручыў ім медалькі «За вяртанне Крыму». А некаторыя беркутаўцы нават у Беларусі папоўнілі шэрагі сілавікоў.

Мужчына кідае камень у бок паліцыі каля будынку парламенту падчас мітынгу ў Тбілісі, Грузія. 5 снежня 2024 года. Фота: Pavel Bednyakov / AP Photo / East News
Мужчына кідае камень у бок паліцыі каля будынку парламенту падчас мітынгу ў Тбілісі, Грузія. 5 снежня 2024 года. Фота: Pavel Bednyakov / AP Photo / East News

Усе мы пыталіся: як магло адбыцца тое, што ўчынілі сілавікі ў дзень выбараў і пасля ў 2020-ым? Адкуль такія зверствы?

Вось тут самы час згадаць адну вельмі цікавую структуру, створаную ў Расеі за 4 гады да тых падзеяў. 5 красавіка 2016-га там з'яўляецца Нацыянальная гвардыя. Дэкларатыўна яна выконвае тыя ж функцыі, што і АМАП, але падпарадкоўваецца беспасярэдне прэзідэнту. Гэтае сілавое дзейнае ведамства не ёсць вайсковым рэзервам, як у іншых краінах. Спіс паўнамоцтваў такі ж, як у паліцыянтаў: правяраць дакументы, урывацца ў дамы, страляць без папярэджання. Дык дзеля чаго тады яе стварылі?

Памятаеце, як у 1991–1993-м асобы ў пагонах у Расеі адмаўляліся выконваць загады страляць па сваіх суайчынніках? А што, калі не па сваіх? А калі не ў Расеі? Бо не раз улады казалі, што каляровыя рэвалюцыі ёй пагражаюць. І вось з'явілася прылада, якая з імі будзе змагацца.

А цяпер давайце вернемся ў 2020-ы і ўспомнім сілавікоў у чорным ды «алівак» без знакаў адрознення. Давайце ўспомнім, як раптам у Беларусі сілавікі сталі звяртацца з затрыманымі, як расейскія захопнікі ва Украіне з украінскім ваеннапалоннымі. Ніколі да гэтага не выстаўляліся відэа на дзяржаўных тэлеканалах, на якіх збітыя людзі стаялі нагамі на нацыянальным сцягу. Ніколі раней не кідаліся на людзей за нацыянальную сімволіку з такою лютасцю. Ніколі раней не збівалі людзей да паўсмерці. Ніколі раней я не чула ад сілавіка ў форме беларускай міліцыі своеасаблівы акцэнт у гутарцы: «Подвиньс-ка чутка». Мясцовы жыхар так не скажа, нават калі ён гаворыць толькі па-расейску. Хто аддаваў загад ірваць нацыянальныя сцягі, хто патрабаваў кідаць у аўтазак чалавека за красоўкі «не таго колеру»?

Хто сёння ў Крыме за жоўта-блакітны манікюр вінаваціць дзяўчыну ў шпіянажы ды адпраўляе яе за краты? Хто на акупаванай тэрыторыі Украіны за ўкраінскую мову і песні на нацыянальнай мове чыніць пагромы ў кватэрах і штрафуе людзей? Калі за апошні час у Грузіі падчас разгону дэманстрацыі некалькі сілавікоў збівалі аднаго чалавека, які ляжыць на зямлі?

Дык хто ж гэтыя сілавікі, якія з такою жорсткасцю распраўляюцца са сваймі суграмадзянамі? А можа, усё ж не са сваймі?..

Падзеі 35-гадовай даўніны ў Грузіі прымусілі свет уздрыгнуць. Менавіта яны сталіся адпраўным пунктам у справе спынення злачыннага і бессэнсоўнага гвалту ў дачыненні бяззбройных дэманстрантаў у былой савецкай рэспубліцы. Усё вярнулася ў зыходны пункт. Гэтак жорстка абыходзіліся з грузінамі толькі тады, калі яны запатрабавалі незалежнасці ад Крамля і выхаду са складу СССР. Што ж будзе з імі цяпер? Што будзе з беларусамі, малдаванамі, армянамі, казахамі, кіргізамі, узбекамі… СССР няма, але лапы Крамля яшчэ засталіся. Учэпістыя лапы.

Любой Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10