Меркаваннi

Пратэсты ў Сакартвэла: бела-чырвоныя колеры нацыянальнага сцяга і еўрапейскі выбар. Усё як у Беларусі?

У Грузіі трэці дзень запар на фоне адмовы ўрада краіны ад перамоваў з ЕЗ праходзяць пратэсты, якія жорстка душацца паліцыяй і спецназам. Тбілісі, Грузія. 30 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
У Грузіі трэці дзень запар на фоне адмовы ўрада краіны ад перамоваў з ЕЗ праходзяць пратэсты, якія жорстка душацца паліцыяй і спецназам. Тбілісі, Грузія. 30 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Карцінка ў тэлевізары і ў інтэрнэце вельмі падобная на беларускую ўзору 2020 года. Да ступені змешвання: народ супраць АМАПу, бела-чырвоныя колеры нацыянальнага сцяга (яны толькі ўзмацняюць асацыяцыі). І сімпатыі гледача, які падзяляе дэмакратычныя, гуманістычныя каштоўнасці, аўтаматычна на баку пратэстоўцаў.

Аднак, як жа быць з адрозненнямі? У 2020-м беларускі дыктатар прайграў разгромна і вырашыў не сыходзіць, развязаў тэрор супраць уласнага народа, але ў Грузіі сённяшняя кіруючая партыя атрымала на выбарах у парламент амаль 54% галасоў выбаршчыкаў, калі верыць афіцыйным пратаколам. Яе канкурэнты, чатыры палітычныя сілы, якія таксама прайшлі ў парламент, набралі ад 8% да 11%.

Апазіцыя і прэзідэнтка Саломэ Зурабішвілі не прызнаюць вынікаў, кажуць пра істотныя фальсіфікацыі, аднак і на мінулых парламенцкіх выбарах кіруючая «Грузінская мара» набрала больш за 40%, таму можна сцвярджаць, што прапанаваная ёю ідэалогія, сістэма поглядаў карыстаюцца падтрымкай калі не большасці грузінскага народа, то блізкай да большасці часткі.

Што ж гэта за погляды? Прынятыя не так даўно, ужо ў 2024-м, дрымучыя законы аб «иноагентах» і аб забароне «прапаганды ЛГБТ» цалкам відавочна касплэілі аналагічнае расейскае заканадаўства.

Пры гэтым, нягледзячы на відавочную антыеўрапейскасць такіх абмежаванняў, да выбараў 26 кастрычніка лідары партыі не дэкларавалі адмову ад уступлення ў Еўрапейскі звяз і NATO. Імкненне да ўдзелу ў дадзеных структурах усё гэтак жа прапісана ў Канстытуцыі Грузіі, а сцяг ЕЗ актыўна выкарыстоўваўся і «Грузінскай марай» у яе перадвыбарнай агітацыі.

Аднак наступіла 28 лістапада і заява прэм'ер-міністра Грузіі Іраклія Кабахідзэ пра прыпыненне працэсу падачы заяўкі на ўступленне краіны ў ЕЗ да канца 2028 года вывела народ на вуліцы. Грамадзяне адчулі сябе падманутымі.

А вось іншы агітацыйны перадвыбарчы прыём – выкарыстанне фатаграфій разбуранага расейскімі акупантамі Марыупалю ў вонкавай агітацыі, з пасылам «Ну мы ж такога не хочам? Значыць, трэба мець з Пуціным добрыя адносіны» –мабыць, прыйшоўся аўдыторыі да спадобы.

,,

«Моцная аргументацыя і, самае галоўнае, якая мае пад сабой некаторыя падставы. Вельмі падобная на беларускае «Лукашэнка захаваў мір» шляхам поўнага падпарадкавання Пуціну. Вось такі свет, такі выбар. Гэта свет у сагнутым, падпарадкаваным становішчы».


Цікавы атрымліваецца выбар.

Еўропа прапануе пернік: вы (кіраўніцтва краіны) забяспечваеце выкананне набору стандартаў у частцы эканомікі – бюджэтны дэфіцыт, інфляцыя, у частцы выбарнай дэмакратыі, а таксама ў частцы незалежнасці судовай сістэмы і іншыя; мы ж (кіраўніцтва ЕЗ) дапускаем вас на рынкі Еўразвязу – працоўны, фінансавы і іншыя, і, вядома, падтрымліваем вас фінансава, па праграмах, накіраваных на ліквідацыю разрыву паміж сярэднееўрапейскім узроўнем развіцця і тым, які склаўся ў канкрэтным рэгіёне. А падцягваць ёсць што.

На дадзены момант праўленне «Грузінскай мары» не прывяло краіну да росквіту. ВУП (па парытэце пакупніцкай здольнасці) на чалавека там на 20% ніжэй чым у Беларусі, сярэдняя зарплата таксама вельмі падобная, параўноўваць нават з самай адсталай краінай ЕЗ бессэнсоўна.

Што ж прапануе пуцінская Расея? Можа быць, нейкія сучасныя стандарты, якія забяспечваюць высокі ўзровень развіцця эканомікі? Сацыяльнай абароны? Справядлівай судовай сістэмы? Здаецца, што гаворка пра гэта не ідзе. Нават размовы не заходзіць.

Падстомлены, адкрыта агрэсіўны крамлёўскі рэжым перастаў ужо саромецца ўласнай дэградацыі: альбо вы застаяцеся ў васальнай залежнасці ад крамлёўскіх вежаў, альбо мы прыедзем да вас на танках. Гэтак жа, як прыязджалі ў Венгрыю ў 1956-м, у Чэхаславакію ў 1968-м, у тую ж Грузію ў 2008-м. Памяць пра гэта нікуды не дзелася. Абхазія і Паўднёвая Асеція ўсё яшчэ штучна адарваныя ад Грузіі рэгіёны. І, вядома, прыклад Украіны, у якой вайна з Крамлём ідзе ўжо 10 гадоў, не натхняе.

Такі вось прыніжальны нацыю выбар паміж еўрапейскім пернікам і расейскай пугаю. Любую нацыю. Што грузінскую, што ўкраінскую, што малдаўскую, што беларускую. Калі дадаць да гэтага стан яшчэ і армянскага грамадства, то немагчыма не ўбачыць у гэтым апошні акт п'есы, якая пачалася ў снежні 1991-га ў Віскулях, з распадам Савецкага Саюза.

Не думаю, што ў Расеі, як у імперыі, ёсць хоць нейкія перспектывы росту – сама яе мадэль не жыццяздольная, пад ёй няма ўстойлівай канкурэнтаздольнай ідэалогіі, толькі ракеты і танкі, але развод з аб'юзер, які зацягнуўся, праходзіць вельмі балюча.

/ ІР


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10