навіны

«Пасля нашай супольнай перамогі многае стане вядома», – украінскі дэпутат Вадзім Галайчук

Беларуская дыяспара ў Вільні прыняла ўдзел у мітынгу салідарнасці з Украінай у другую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. На акцыю прыйшлі каля 1000 чалавек. Вільня, Літва. 24 лютага 2024 года. Фота: Белсат
Беларуская дыяспара ў Вільні прыняла ўдзел у мітынгу салідарнасці з Украінай у другую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. На акцыю прыйшлі каля 1000 чалавек. Вільня, Літва. 24 лютага 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

На трэцім беларуска-ўкраінскім форуме імя Астрожскіх, які ў мінулыя выходныя адбыўся ў Кіеве, прысутнічалі ўсё тыя ж украінскія палітыкі, якія ўдзельнічалі ў папярэдніх эдыцыях. Ці значыць тое, што кола зацікаўленых у супрацы паміж Украінай і Беларуссю не пашыраецца, а таксама – наколькі складана прасоўваць звязаныя з Беларуссю ініцыятывы ва Украіне? Пра гэта мы спыталі ў сустаршыні дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь” Вадзіма Галайчука.

Васіль Верамейчык у інтэрв’ю «Белсату» у сакавіку 2024 года. Тбілісі, Грузія. Скрыншот: Белсат Life / Youtube
Верамейчыка не ўратавалі. Хто вінаваты? Аналітыка

– Мы размаўляем у нядзелю, у выходны дзень, сёння вы не выступаеце спікерам. Чаму вы ўсё-ткі на форуме?

– З-за цікавых тэмаў і цікавых людзей. Такія форумы карысныя не толькі тым, што мы размаўляем пра агульнае бачанне і плануем супольныя праекты – шмат канкрэтных пытанняў значна больш прыемна абмяркоўваць асабіста. З кожным годам, з кожным форумам у мяне ўсё больш знаёмых беларусаў і ўкраінцаў, якія займаюцца беларускім пытаннем, а каб больш якасна і ўсебакова абмяркоўваць праблемы і варыянты іх развязання, акурат важна выбудаваць сетку людзей – і з, так бы мовіць, дзяржаўных органаў, і з грамадскіх інстытуцыяў.

– Вы згадалі “канкрэтныя пытанні” – можа быць, які-небудзь прыклад?

– Цяпер мы гаворым пра выбудоўванне дзяржаўнай стратэгіі, якую можна было б зафіксаваць калі не ў юрыдычным, то ў палітычным дакуменце, дзе б мы выразна вызначылі пазіцыі ў асноўных пытаннях. Мы – я маю на ўвазе дзяржаву Украіну – вызначыліся, што не прызнаем Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Адпаведна, трэба вызначыцца з пазіцыяй адносна супрацы з прадстаўнікамі беларускага народу, каб мы не страцілі гэтых магчымасцяў.

– Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў на форуме Астрожскіх з году ў год адныя і тыя ж. Ці гэта знак таго, што кола зацікаўленых у супрацы асобаў ва Украіне не пашыраецца?

– Калі не памыляюся, у нашае міжфракцыйнае аб’яднанне ўваходзіць больш за 30 народных дэпутатаў. Гэта прадстаўнікі розных фракцыяў, кіраўнікі камітэтаў, кіраўнікі афіцыйных дэлегацыяў – дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Фармуючы міжфракцыйнае аб’яднанне, мы спецыяльна рабілі так, каб мець кантакты, інструменты, міжнародныя пляцоўкі для прасоўвання агульных ідэяў і агульнага бачання ў пэўных пытаннях. Я б сказаў, гэта добра, што ёсць сталы касцяк тых, хто пастаянна працуе з беларускай тэматыкай. А людзі, якіх мы залучылі ў працу, чакаюць нашых ініцыятываў і запытаў, што мы хацелі б, каб яны ў рамках сваіх паўнамоцтваў транслявалі далей. Тое, што іх няма на форуме, не азначае, што яны ў гэтым рэчышчы не працуюць.

Украінскі дэпутат Вадзім Галайчук выступае на беларуска-ўкраінскім форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Украінскі дэпутат Вадзім Галайчук выступае на беларуска-ўкраінскім форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

– Трыццаць асобаў – гэта шмат?

– Так, гэта багата. Але важней тое, з каго складаецца група: з актыўных удзельнікаў, а таксама тых, каго мы прыцягнулі да працы праз іхны статус, паўнамоцтвы і магчымасці. То бок, тут і колькасць немаленькая, і статус тых, хто ўваходзіць у групу.

– Наколькі проста вам прасоўваць якія-кольвек звязаныя з Беларуссю пытанні ва ўладзе, улічваючы ўспрыманне краіны як суагрэсара?

– Палітыкі чуллівыя да грамадскіх настрояў, таму мы альбо ідзем дакладна ў іх фарватэры, альбо робім усё магчымае, каб іх змяніць. Украінцы дэманструюць усведамленне, што ёсць рэжым Лукашэнкі, а ёсць народ Беларусі, яны іх не атаясамліваюць, – як, напрыклад, адбылося з Расеяй, маўляў, Расея ёсць чыстае зло. Гэта значыць, добры патэнцыял камунікацыі пра неабходнасць падтрымання беларускіх дэмакратычных сілаў, каб змяніць рэжым і перайсці да пабудовы нармальных суседскіх дачыненняў. Вядома, шмат якія ўкраінцы лічаць, што беларусы маглі б займаць больш актыўную пазыцыю, калі не падтрымліваюць рэжым, а яны, за выключэннем вельмі нямногіх, не падтрымліваюць. Варта гэта ўлічваць і думаць, як гэтыя людзі потым павінны заплаціць. З Лукашэнкам, з прадстаўнікамі рэжыму ўсё зразумела, але нельга цалкам здымаць адказнасці з народу Беларусі, які сядзіць і назірае за тым, што адбываецца.

Аналітык Вадзім Мажэйка і дэпутат Вадзім Галайчук на беларуска-ўкраінскім форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Аналітык Вадзім Мажэйка і дэпутат Вадзім Галайчук на беларуска-ўкраінскім форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Да таго ж, вядома, украінцы хацелі б, каб урад Украіны, палітыкі, народныя дэпутаты перш за ўсё займаліся праблемамі ўкраінцаў. Калі ты гаворыш, як праводзіш вечары і нядзелі, часта чуеш адказ: маўляў, спадар народны дэпутат, а вы не хацелі б заняцца праблемамі людзей, якія страцілі маёмасць на акупаванай тэрыторыі? Мы спрабуем патлумачыць, што праблема ў нас комплексная, і рашэнне, адпаведна, таксама павінна быць комплексным – гэта сярод іншага архітэктура бяспекі з нашымі суседзямі, каб дасягнуць перамогі і гарантаваць бяспеку на будучыню. Гэта не тая сітуацыя, у якой мы можам разлічваць, што яно будзе неяк само па сабе. Нясвоечасова, не ў поўнай меры і не якасна прааналізаваўшы пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі, мы атрымалі нечаканы напад на Кіеў з тэрыторыі Беларусі. Каб лепш аналізаваць сітуацыю ў будучыні, нам патрэбная такая супраца.

– Прыкладам якаснай супрацы паміж украінцамі і дэмакратычнай часткай Беларусі ёсць расследаванне вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Ці такіх прыкладаў яшчэ больш?

– Прыклады паспяховай супрацы збольшага раскрываць няправільна. Нават інфармацыя датычна вывазу ўкраінскіх дзяцей часткова застаецца непублічнай, хаця гэты прыклад сапраўды лепш апісаны ў СМІ і больш вядомы за межамі Украіны і Беларусі, бо міжнародная супольнасць займаецца гэтым пытаннем. Ёсць шмат прыкладаў, калі інфармацыя, атрыманая праз беларускіх актывістаў, дапамагала вярнуць дзяцей. Але ў публічнасці таго, над якімі праектамі мы працуем, багата абмежаванняў. Я ўпэўнены, пасля нашай супольнай перамогі шмат што стане вядома, і людзі зразумеюць, што супраца значна шырэйшая, чым было заяўлена афіцыйна.

– Мне падаецца, мы ад форуму да форуму абмяркоўваем адно і тое ж з адных і тых жа пазіцыяў і ў пэўным сэнсе топчамся на месцы. Вы б пацвердзілі ці аспрэчылі такое ўражанне, калі казаць пра стасункі агулам?

,,

– Мы таксама ў пэўнай ступені расчараваныя тым, што яркіх прыкладаў, яркіх поспехаў, на жаль, няшмат. Мы разумеем абмежаванасць магчымасцяў беларускіх дэмакратычных сілаў, але ўкраінцы чакаюць большага. 


Гэта пытанне ў тым ліку і да нас ад выбарнікаў, часта ад калегаў з іншым гледзішчам на стратэгію датычна Беларусі: “А што вы зрабілі?” Праблемныя пытанні, якія ёсць у беларусаў ва Украіне, на наш вялікі жаль, а часам і на сорам, таксама займаюць больш часу, чым належыць. Праблемы добраахвотнікаў – увогуле нездаровая сітуацыя: чаму добраахвотнікі, якія служаць у войску альбо нават гінуць на вайне, не могуць разлічваць на прамую дапамогу дзяржавы?

Безумоўна, для выбудоўвання сістэмнай працы недастаткова форуму раз на год. Таму мы чарговы раз прагаворваем шляхі сістэматызацыі нашых кантактаў і інструментаў кантролю за тым, ці мы рухаемся наперад, асабліва ў справе беларусаў ва Украіне. Для нас вельмі каштоўна, што нашай крыніцай інфармацыі ёсць беларуская апазіцыя, якая лепш арыентуецца ў тым, як сітуацыя развіваецца ўнутры краіны. Разам мы атрымалі дастатковае падтрыманне нашых ініцыятываў з боку міжнародных партнёраў, але каб адбыўся прарыў, каб мы маглі ў поўнай меры скарыстацца напрацоўкамі, павінна адбыцца змена рэжыму ў Беларусі.

Размаўляла Ірэна Кацяловіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10