Рэпартаж

«Стан узаемаадносінаў паміж вельмі дрэнным і яшчэ горшым» – у Кіеве прайшоў чарговы Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх

Удзельнікі беларуска-ўкраінскага форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Улпдзіслаў Максіменка / Белсат
Удзельнікі беларуска-ўкраінскага форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Масаваная атака, калі Расея выпусціла па Украіне 120 ракетаў і 90 дронаў, суправаджала чарговы Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх. «Як спалася?», – паджартоўвалі адзін з аднаго ўдзельнікі. На фоне поўнамаштабнай вайны, у якой Беларусь выступае суагрэсаркаю, на кіеўскім Хрышчаціку адбыўся ўжо трэці форум, дзе палітыкі, добраахвотнікі, даследнікі і актывісты з абодвух бакоў шукалі перспектывы паляпшэння беларуска-ўкраінскіх узаемаадносінаў. 


Кантакты, блізкія да нуля


«Горш можа быць толькі пры разрыве стасункаў і закрыцці амбасадаў» – эксперты ацанілі стан рэляцыяў паміж Беларуссю і Украінай як «даволі драматычны», нягледзячы на суседства і супольную гісторыю. Аўтары даследавання «Індэкс беларуска-ўкраінскіх стасункаў» бралі пад увагу як афіцыйную Беларусь, так і беларускія дэмакратычныя сілы, і хоць індэкс узаемаадносінаў нязначна адрозніваецца на карысць дэмсілаў, агульнай карціны гэта ўсё ж не мяняе.


У такіх абставінах у Кіеве прайшоў ужо трэці Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх, дзе сярод іншага было прэзентаванае вышэй узгаданае даследаванне. Папярэднія эдыцыі адбываліся ў Львове, форум з’явіўся ў часе поўнамаштабнай вайны два гады таму, калі стасункі паміж Беларуссю і Украінай рэзка пагоршыліся праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай ваеннай агрэсіі. Тады выявілася патрэба паразмаўляць пра магчымыя пункты адліку для аднаўлення рэляцыяў і знайшлася магчымасць нават у самы эмацыйны перыяд сабраць для гэтага разам беларусаў і ўкраінцаў. Форум праходзіць паводле правілаў «Chatham House» для больш адкрытай размовы, што застанецца ананімнай у публічнай прасторы.


Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх у Кіеве. На здымку (злева направа) – Франак Вячорка, Вадзім Кабанчук, Аляксей Ганчарэнка, Сяргей Собалеў, Анжаліка Мельнікава, Ігар Кізім. Кіеў, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх у Кіеве. На здымку (злева направа) – Франак Вячорка, Вадзім Кабанчук, Аляксей Ганчарэнка, Сяргей Собалеў, Анжаліка Мельнікава, Ігар Кізім. Кіеў, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Украінскі бок сёлета па-ранейшаму рэпрэзентавалі дэпутаты з міжфракцыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь» Вадзім Галайчук, Аляксей Ганчарэнка і Сяргей Собалеў. Быў прысутны амбасадар у асобых даручэннях Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Гэтым разам меўся браць удзел і дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк, але з канчатковай праграмы палітык знік.


Спіс удзельнікаў, добра гэта ці не, ад форуму да форуму шмат у чым падобны: ва Украіне ёсць пэўнае кола людзей, якія з розных прычынаў сістэматычна працуюць з беларускай тэмаю і ўважаюць гэта стратэгічна мэтазгодным. Гэта не заўсёды гарантуе добрую дасведчанасць пра беларускі кантэкст: на адной з дыскусіяў, напрыклад, украінскі спікер прапанаваў вылучаць апазіцыйных кандыдатаў на так званыя выбары, каб дэманстраваць, што іх не дапускаюць да прэзідэнцкай гонкі: маўляў, такім чынам у іншых краінаў будуць падставы не прызнаць вынікі. Які лёс чакае і кандыдатаў, і тых, хто паставіць за іх подпіс, эксперт, імаверна, не ўяўляў дакладна.


Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Агульнае ўзаемапаразуменне на самім форуме ўсё ж хіба паляпшаецца: сёлета беларускаму боку ўжо не трэба было адказваць на пытанне, чаму пратэст 2020 года не перамог. У той жа час прэзентаванае даследаванне «Індэкс беларуска-ўкраінскіх стасункаў» канстатуе: палітычныя кантакты, дачыненні ў сферы бяспекі, эканамічнае ўзаемадзеянне альбо супраца ў медыях, культуры і адукацыі блізкія да нуля.


Да чаго заклікаюць дэмсілы?


Найлепшыя стасункі, як прадказальна выявіла даследаванне, Украіна мае з беларускімі добраахвотнікамі, што ваююць на яе баку. Форум не абышоўся без палка Каліноўскага: у падзеі ўзялі ўдзел былы камандзір Дзяніс «Кіт» Прохараў, Вадзім Кабанчук, які цяпер уваходзіць у Аб’яднаны пераходны кабінет, прадстаўнік палка Зміцер Шчыгельскі.


Дзяніс Прохараў на беларуска-ўкраінскім форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Дзяніс Прохараў на беларуска-ўкраінскім форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Пры гэтым аўтары даследавання – ім займаліся Роза Турарбекава, Андрэй Ягораў і Яўген Магда – заўважаюць, што ў палітычных кантактах паміж афіцыйным Кіевам і дэмакратычнымі сіламі ёсць пазітыўныя змены. Прыкладам служыць прызначэнне Ігара Кізіма спецпрадстаўніком Украіны ў Беларусі. Зрэшты афіцыйных фарматаў узаемадзеяння па-ранейшаму няма. З беларускага боку на форуме выступілі таксама першы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава, палітык Анатоль Лябедзька.



,,

«Чаго ў нас няма, дык стратэгіі беларуска-ўкраінскіх стасункаў, таму што ў некаторых пытаннях маем рознае бачанне, – прагучала ад беларускіх дэмсілаў. – Паводле ўкраінскага боку, супольная стратэгія з дэмакратычнымі сіламі можа нашкодзіць, справакаваць Лукашэнку. З нашай жа перспектывы на яго трэба наадварот максімальна ціснуць, ён несамастойны, гэта марыянетка Пуціна. Першае, у чым мы павінны пагадзіцца, – усё, што Лукашэнка мог зрабіць супраць Украіны, ён ужо робіць, мы не адцягнем яго ад Пуціна і ён не зробіцца саюзнікам Украіны. Калі мы прымем за аснову гэтую лінію, нам будзе прасцей дзейнічаць далей».



Сярод украінскіх дэпутатаў ёсць тыя, хто падзяляе катэгарычнае стаўленне да Лукашэнкі, нават гіпербалізавана катэгарычнае: «Я не чуў, а ці ёсць заклік беларускіх дэмакратычных сілаў знішчыць Лукашэнку? Проста знішчыць фізічна». Трывала першая і самая канкрэтная панэль форуму, на якой мадэратар папрасіў спікераў – прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і ўкраінскай улады – ды іншых удзельнікаў прапанаваць канкрэтныя дзеянні, што беларусы і ўкраінцы маглі б рэалізоўваць супольна.


Хтосьці тут жа прапанаваў, каб беларускія дэмсілы абвясцілі збор грошай для палка Каліноўскага на знішчэнне Лукашэнкі. «У нас няма мэты распачаць грамадзянскую вайну ў Беларусі», – пракаментаваў прадстаўнік дэмсілаў рэпліку, маўляў, без сілавога кампаненту мы нікуды не прыйдзем. «Мне гэтыя словы незразумелыя», – адрэагаваў украінскі дэпутат у сваім спічы. Сапраўды, «у некаторых пытаннях рознае бачанне».


«Дэмакратычныя сілы могуць звяртацца да ўкраінскіх уладаў з просьбаю разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю, прызнаць Беларусь акупаванай дзяржаваю, дамагацца выключэння Беларусі, пакуль ёй кіруе Лукашэнка, з міжнародных інстытуцыяў – вы можаце дапамагчы нам прасоўваць гэтыя рэчы публічна і дыпламатычна, – агучыў сваё бачанне канкрэтыкі ўкраінскі дэпутат. – Адпаведна і з нашага боку. Мы не зробім за вас стратэгію зрынання рэжыму Лукашэнкі, ініцыятыва мусіць ісці ад вас, але калі ў гэтай стратэгіі ёсць месца для нас, то, канешне, мы можам выканаць канкрэтныя пункты – звароты, заявы, міжнародныя пляцоўкі».


Аляксей Ганчарэнка на беларуска-ўкраінскім форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Аляксей Ганчарэнка на беларуска-ўкраінскім форуму імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

На панэлі прагучала прапанова сістэмна вывозіць ва Украіну беларусаў, якім пагражае палітычны пераслед, бо «рэжым трымаецца на людзях». Таксама былі прапанаваная ідэі стварэння офісу для беларускіх ваяроў і рэкрутынгу ў Кіеве ды правядзення супольнай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі ва Украіне. Прагучала пажаданне развязаць пытанне з легалізацыяй добраахвотнікаў ва Украіне і дазволіць беларусам вучыцца ва ўкраінскіх вайсковых вучэбных установах, «бо хто потым у Беларусі будзе займаць вайсковыя пасады».


Беларусы з’язджаюць з Украіны


Акурат пытанне становішча беларусаў, у прыватнасці беларускіх добраахвотнікаў, ва Украіне які год не змяняецца. На другі дзень форума місія Ігара Вітэнкі з Бельгіі, куды ўваходзяць беларусы, урачыста перадала каліноўцам гуманітарную дапамогу – аўтамабіль, старлінкі і каробкі тушонкі. Тут жа беларусы Украіны, якія стала дапамагаюць ваярам, былі запрошаныя пагаварыць пра інтэнсіфікацыю беларуска-ўкраінскай супрацы.


Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

«Ніякага патэнцыялу для гэтага няма, бо беларусаў тут хутка не застанецца, – прагучала на дыскусіі. – Як толькі ў беларусаў заканчваецца пашпарт, у іх выбар альбо з’язджаць у Польшчу і жыць нармальным жыццём, альбо заставацца ва Украіне на няпэўны тэрмін без магчымасці куды-кольвек выехаць».


Прыняты Вярхоўнай Радаю ў жніўні закон, паводле якога замежныя добраахвотнікі могуць атрымаць украінскае грамадзянства, тут назвалі здзекам: для легалізацыі ваяр мусіць адслужыць на вайне тры гады без разрыву кантракту. «На сёння вайна нават не доўжыцца тры гады, а разрываць кантракт – звычайная практыка для іншаземцаў, каб, напрыклад, перавесціся ў іншае падраздзяленне». Калі добраахвотнік-іншаземец разрывае кантракт, ён больш не мае сацыяльных гарантыяў лекавання і рэабілітацыі.


Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

«Пакуль Украіна не вызначыць сваё стаўленне да іншаземцаў – яны проста наёмнікі, якім плацяць грошы, і яны з голай дупай з’язджаюць у Польшчу, ці абаронцы, – ніякіх перспектываў не будзе. Калі яны абаронцы, тады ў іх мусяць быць гарантыі і стаўленне да іх мусіць быць як да абаронцаў».


Пры ўсім комплексе ўзаемных расчараванняў магчымасць аднавіць стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі быццам бы – калі верыць настроям форуму – ёсць. У даследаванні «Індэкс беларуска-ўкраінскіх стасункаў» умовамі для гэтага называецца заканчэнне вайны ды захаванне цэласнасці тэрыторыі Украіны, пажаданы і адыход Лукашэнкі ад улады. Паспрыяць дыялогу могуць супольныя наратывы Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну і карыстанне беларускім бокам досведам Украіны ў справах, напрыклад, дэкамунізацыі і мясцовага самакіравання.


Для пазітыўных працэсаў будзе мала аднаго форуму Астрожскіх, то бок кантакт грамадзянскіх супольнасцяў мусіць быць больш шырокім, але арганізатары паабяцалі падсумаваць праз год, на наступнай эдыцыі, што з агучанай на панэлі «канкрэтыкі» было рэалізаванае – прапановы занатаваныя ў пратаколе і ўзятыя да ўвагі.


Ірэна Кацяловіч belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10