У Віцебскай вобласці – масавы пераслед за «распаўсюд экстрэмізму». У Горадні і Менску – суды за «распальванне варожасці». Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі ў панядзелак, 11 лістапада – у нашым аглядзе.
Стала вядома, што 9 лістапада за «экстрэмізм» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ) у судзе Лепельскага раёну судзілі Ганаровага грамадзяніна Чашніцкага раёну Віцебскай вобласці, ляснічага Красналуцкага лясніцтва Лепельскага лясгасу Віталя Вонсіка. Па выніках 2015 года ягонае імя было занесенае на Дошку гонару Чашніцкага раёну.
Вынікі судовага паседжання невядомыя.
У судзе Чашніцкага раёну 10 лістапада асудзілі супрацоўніка «Віцебскэнерга» 38-гадовага Івана Харкевіча. Яго таксама абвінавацілі ў распаўсюдзе «экстрэмізму» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ).

11 лістапада за «экстрэмізм» у судзе Першамайскага раёну Віцебску судзілі інваліда па слыху з Віцебску 65-гадовага Генадзя Ісмакаева.
14 лістапада за «здраду дзяржаве» пачнуць судзіць былога палітвязня Паўла Чуркіна, якога затрымалі па падазрэнні ў супрацоўніцтве з Галоўным упраўленнем выведкі Міністэрства абароны Украіны. У 2021 годзе мужчына быў асуджаны да году калоніі за «абразу Лукашэнкі», выйшаў на волю 24 траўня 2022 года.
У Гарадзенскім абласным судзе 11 лістапада пачалі разгляд крымінальнай справы супраць майстра ААТ «Горадняжылбуд» Дзмітрыя Голуба паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

У Менскім гарадскім судзе 11 лістапада пачалі судзіць 37-гадовага менчука Яна Карліёнава паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»).
Палітзняволены настаўнік геаграфіі Руслан Садоўнічы, верагодна, выйшаў на волю. Чалавек, падобны да яго, з'явіўся ў акаўнце аднаго з гарадзенскіх блогераў. Руслан выйшаў раней за тэрмін — магчыма, пасля нядаўняга памілавання.
Садоўнічы выкладаў геаграфію ў школе. У 2020 годзе ён быў ва ўчастковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, дзе адмовіўся ставіць свой подпіс у пратаколе.
За «абразу прадстаўніка ўлады», «распальванне варожасці» і «гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да службовай асобы» яго асудзілі да 3,5 гадоў калоніі. У студзені 2023 года супраць Руслана распачалі новую крымінальную справу — за «абразу прадстаўніка ўлады» і «гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да службовай асобы».
Руслан Садоўнічы мае інваліднасць па зроку.
Марыя Міхалевіч belsat.eu