Напярэдадні выбараў у Беларусі рэпрэсіі не спыняюцца. 4 лістапада стала вядома пра паўторныя суды над палітвязнямі, а таксама шмат рэпрэсіяў так ці інакш звязаныя з Украінай і вайной. Пра гэта падрабязней у штодзённым аглядзе «Белсату».
Палітвязня, фігуранта «справы Ціханоўскага» Аляксандра Арановіча будуць судзіць па новай крымінальнай справе. Мужчына знаходзіцца ў зняволенні амаль 4,5 гады. Апошнія пяць месяцаў палітвязня ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».
У 2021 годзе яго пакаралі 6 гадамі калоніі паводле двух крымінальных артыкулаў. Пазней Аляксандру ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму. А 14 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачнуць разглядаць новую крымінальную справу супраць палітвязня нібыта за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы (ч. 2 арт. 411 КК). Працэс будзе весці суддзя Вікторыя Палякова.
Гродненца Дзмітрыя Колабава судзяць за ўдзел у пратэстах і каментары. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Дзмітрыю пагражае да шасці гадоў зняволення. Справу разглядае суддзя Аляксандр Козел.
21-гадовага курсанта МУС Іллю Нарышкіна асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама ён мусіць выплаціць 600 базавых велічынь штрафу (24 тысячы рублёў).
Іллю прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-3 КК («Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы», ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Справу разглядаў суддзя Юрый Казакевіч.
Ілля родам са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Гродне. Ягоны бацька – украінец, нарадзіўся ў Крывым Рогу.
25-гадовага Аскера Аллахвярдзіева асудзілі да прымусовага лячэння паводле ч. 1 арт. 361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»).
Аскеру прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем. Рашэнне вынесла Святлана Чарапанава.
У Берасці 55-гадовага ўраджэнца Украіны Мікалая Клока будуць судзіць нібыта за «Здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «Прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу» (ч. 2 арт. 216 КК). Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Працэс будзе весці Андрэй Лешчанка.
Як «Вясне» паведамілі ў «BELPOL», мужчына працаваў на пасадзе намесніка дырэктара прадпрыемства па вытворчасці кандытарскіх вырабаў ПГУП «Універсал-люкс». Вядома, што Мікалай нарадзіўся ва Украіне, але мае беларускае грамадзянства. Сутнасць абвінавачвання супраць Мікалая невядомая.
52-гадовага палітвязня, «рэйкавага партызана» з Віцебску Сяргея Канавалава зноў будуць судзіць. Яго вінавацяць паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Мужчыне могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Працэс будзе весці суддзя Павел Карцінін.
У верасні 2022 года Сяргея асудзілі па крымінальнай справе аб «Распальванні нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК) і аб «Падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 КК). Яму прызначылі 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічыняў.
Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Паводле МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 чалавекі — цяпер у ім 4618 прозвішчаў. Сярод іншых у спіс трапілі палітычныя дзеячы Вольга Карач, Анатоль Котаў і Вераніка Цапкала.
КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» шэраг дваровых чатаў: «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи» і «Солигорск Чат».
Арсен Рудэнка belsat.eu