Праваабаронцам цэнтру «Вясна» сталіся вядомыя падрабязнасці затрыманняў і ператрусаў на мінулым тыдні. Разам з тым, колькасць пацярпелых не называецца.
Як паведамляецца, у межах зачысткі 31 кастрычніка і 1 лістапада да шэрага людзей па ўсёй краіне прыходзілі супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы, пачатай паводле арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
Частка людзей застаецца за кратамі, частка – выйшла на волю ў якасці сведак у крымінальнай справе. Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытанні наконт дваровых чатаў, якія былі асабліва папулярныя ў паслявыбарчы час.
Раней заяўлялася пра ўзмоцненыя рэйды сілавікоў у Маладзечанскім раёне, Смаргоні і Ваўкавыску, а таксама пра затрыманні ў Менску, Гомлі, Хойніках і Магілёве. У Ялізаве каля Асіповічаў сілавікі затрымалі прынамсі 14 чалавек з прыкладна 2000 жыхароў населенага пункту. У Наваградку некаторых затрымлівалі цэлымі сем’ямі.
У Гомельскай вобласці сілавікі прыходзілі да асобаў, звязаных з палітычнай актыўнасцю ў 2020 годзе, і родных палітвязняў, якія эмігравалі. Ім пагражалі і высвятлялі месцазнаходжанне блізкіх. Адзначаліся выпадкі, калі сілавікі прымусова падпісвалі ўладальнікаў тэлефонаў на «экстрэмісцкія» каналы. Ёсць выпадкі ператрусаў і пагрозаў на падставе падазрэння ў здрадзе дзяржаве з далейшым штрафам.
Улады нібыта склалі два спісы: першы ‒ для тых, хто раней прыцягваўся да адказнасці паводле палітычных артыкулаў; і другі ‒ для патэнцыйна нелаяльных. Інтэнсіўныя прэвентыўныя захады плануюцца на снежань – студзень, каб перадухіліць магчымыя пратэсты падчас выбараў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Макар Мыш belsat.eu