Праваабаронцы і журналісты паведамляюць пра «палітычныя» затрыманні ў Менску, Гомлі, Смаргоні і Ваўкавыску 31 кастрычніка.
У Смаргоні і Ваўкавыску масавыя ператрусы і затрыманні, паведамляе тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область»:
«Правяраюць інфармацыю на мабільных тэлефонах і геалакацыю тэлефонаў у 2020 годзе (імаверна, глядзяць у сваіх базах архіўныя звесткі пра перасоўванні, зафіксаваныя вышкамі сотавай сувязі). Калі кагосьці не было на працоўным месцы, яшчэ і выклікаюць у аддзяленне».
Тым часам журналісты «Нашай Нівы» атрымліваюць інфармацыю пра затрыманні ў Менску і Гомлі. Магчыма, разгортваецца новая аперацыя зачысткі, мяркуе выданне.
У Беларусі часта адбываюцца «хапуны», але звычайна няма паведамленняў пра затрыманні ў некалькіх гарадах адразу.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», 19 верасня быў «хапун» у Глыбокім – затрымалі 12 чалавек. Усіх абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.
10 верасня сілавікі адсправаздачыліся аб «хапуне» ў Бярозе – затрымалі як мінімум 10 асобаў таксама за пратэсты 2020 года.
У жніўні «хапуны» былі ў Кобрыне і Мазыры, а ў ліпені – у Баранавічах. Усе затрыманні былі звязаныя з палітычнымі абвінавачаннямі.
Арсен Рудэнка belsat.eu