навіны

«Свае людзі ёсць». Інтэрв'ю з дзейным сілавіком напярэдадні выбараў

міліцыя
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: mvd.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі журналістам «Зеркало» ўдалося пагаварыць з сілавіком, які ўсё яшчэ працуе ў краіне, пра заробкі, рэпрэсіі і чысткі ў міліцыі.

Пры дапамозе «BELPOL» журналісты звязаліся з оперупаўнаважаным у адным з гарадоў краіны. Выданне адзначае, што атрымала пісьмовыя адказы на пытанні, што «BELPOL» перадаў герою інтэрв'ю. У мэтах бяспекі ягонае імя, падраздзяленне і горад, дзе ён працуе, не называюцца.

«Дэстабілізацыя прывядзе да таго, што Беларусь уцягнуць у вайну»

– Беларускія сілавікі ўжо пачалі рыхтавацца да выбараў 2025 года? Як даўно і якія сілавыя структуры задзейнічаныя?

– Нейкіх новаўвядзенняў няма. Усё ідзе паводле ўжо неаднаразова абкатанай схемы. Праводзяцца заняткі тактычна-спецыяльнай падрыхтоўкі, але пакуль, калі казаць пра простых аператыўных упаўнаважаных, участковых, патрульных і гэтак далей, гэта ўсё.

Паводле чутак, рыхтаванне такіх падраздзяленняў, як АМАП, ідзе поўным ходам, але для іх гэта звыклая справа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Stringer / Anadolu Agency / Getty Images
Трошкі «экстрэмізму» і ніякага досведу працы: каго ў Беларусі гатовыя браць у судовыя эксперты навіны

– Чым гэтае рыхтаванне адрозніваецца ад таго, што было падчас выбараў 2020-га і рэферэндуму 2022-га?

– Мне здаецца, што цяпер усё менш інтэнсіўна. Магчыма, нешта зменіцца ў будучыні.

– Як вам тлумачаць неабходнасць рыхтавання, калі практычна ўсіх нязгодных альбо пасадзілі, альбо прымусілі з'ехаць?

– Як правіла, такія тэмы не падымаюцца ў кантэксце «нязгодных» або «тых, хто з'ехаў». Больш ідзе напампоўванне ў плане: «Дэстабілізацыя прывядзе да таго, што Беларусь уцягнуць у вайну», «Захаду патрэбны плацдарм для атакі на РФ» і ўсё такога кшталту.

– Што большасць супрацоўнікаў думае пра вайну ва Украіне? Чый бок займаюць?

– Тыя, хто супраць, нічога не кажуць. Тыя, хто за, у прамовах карыстаюцца шаблонамі і наўрад да канца разумеюць, пра што кажуць. Але з імі ніхто не спрачаецца.

– Амбасадар Расеі Барыс Грызлоў нядаўна сказаў, што Масква гатовая аказаць Менску «дапамогу» ў выпадку спробаў «дэстабілізацыі» сітуацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе. Як у беларускай міліцыі ставяцца да такой перспектывы?

– Насамрэч ніяк. Цяпер усім відавочна, што пратэставай актыўнасці не можа быць, і прыезд «сяброў» якраз можа гэтую дэстабілізацыю і прынесці. Хоць у сістэме ўсе разумеюць, што гэта палітычныя заявы і не больш.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: @pressmvd / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: @pressmvd / Telegram

– Ці ведаеце вы штосьці пра ўдзел расейскіх сілавікоў у падаўленні пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе? Калі так, то за што менавіта яны адказвалі?

– Гэта любімая тэма для некаторых незалежных медыяў, аднак аніякіх пацверджанняў гэтаму няма і ніколі не было.

«Цікавасць выклікаюць тыя, хто прыязджае ў Беларусь з Еўропы»

– Хто будзе пад увагаю сілавікоў падчас гэтых выбараў? Тыя, хто засвяціўся раней, або рыхтавацца трэба і іншым?

– Ніхто такую інфармацыю не абмяркоўвае з супрацоўнікамі. З досведу скажу, што адназначна будуць прэвентыўныя затрыманні людзей з базы «Беспарадкі». Але такіх спісаў яшчэ ніхто зверху не спускаў.

– Ці будзе павялічвацца ўвага органаў да беларусаў, якія з'ехалі? Завочных судоў, арыштаў і канфіскацыі нерухомасці тых, хто выехаў з краіны, зробіцца больш?

– Нельга сказаць, што ўвага да такіх людзей памяншалася. Па-ранейшаму цікавасць на мяжы выклікаюць тыя, хто прыязджае ў Беларусь з Еўропы, асабліва калі гэтыя людзі даўно не былі ў краіне.

Чалавека здымаюць з аўтобуса, і пачынаецца стандартны працэс: з ім размаўляюць, правяраюць тэлефон. Калі так званых пратэставых маркераў няма, то ў дачыненні да чалавека праводзяць свайго роду аператыўнае апытанне: дзе працуе, за што жыве, чаму з'ехаў, навошта прыехаў.

,,

Гэта трэба ў тым ліку для аналітычных аддзелаў, каб разумець, дзе беларус можа працаваць у ЕЗ і на якія прафесіі трэба звярнуць увагу з пункту гледжання рынку працы Беларусі.


Калі казаць пра завочныя суды, то чакаць іх спынення не варта. Гэта механізм, што дазваляе паказваць «неабходнасць» органаў з пункту гледжання існага ўкладу.

Ёсць справы, іх расследуюць. Павышаецца раскрывальнасць. Можна даваць справаздачу начальству аб праведзенай рабоце. Гэта таксама дазваляе без праблемаў «уключаць» аператыўныя захады ў дачыненні людзей, якія цікавяць. Праводзіць ператрусы, тым самым запалохваючы людзей.

Пакрыццё шкоды – гэта бізун сучаснага Следчага камітэту. Для іх гэта важны паказнік. Такім чынам, канфіскацыя маёмасці і наступны продаж добра закрываюць гэты паказнік.

«Заробкі выраслі, але не моцна»

– Ці ідуць напярэдадні выбараў чысткі ў самой міліцыі?

– Гэтага ўжо менш. Людзей радзей адпраўляюць на паліграф. З 2020-га прайшло шмат часу, і шмат каго паспелі прыбраць. Але не ўсіх, вядома. Свае людзі ёсць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі АМАП. Фота: Mihail Tokmakov / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
«BELPOL» пра хапун беларусаў у Расеі: «Такога масавага затрымання яшчэ не было» навіны

Наша кіраўніцтва больш палохае некамплект. Тут трэба разумець, што «кантора» (КДБ на міліцэйскім слэнгу. – Заўв. рэд.) патрабуе ад начальства чыстак, а вышэйшае начальства патрабуе ад начальства на месцах запаўнення вакантных пасадаў. Вось у такім ключы і існуем.

– Як на чысткі рэагуе асабісты склад? Ці шмат страху?

– Дзіўнае пытанне. Хутчэй за ўсё, яно дзіўнае праз тое, што людзі, якія пытаюцца пра гэта, далёкія ад «мянтоўскіх» будняў.

Ніяк не рэагуюць. Кожны хоча дацягнуць да выслугі [пенсіі. – Заўв. рэд.] і сысці куды-небудзь. Часам усё роўна куды, але абы не ў органы. Людзей не хапае (дзесьці больш, а дзесьці менш), і нагрузкі выраслі. Каго ж гэта задаволіць?!

– Колькі вы цяпер зарабляеце і які ў сярэднім заробак у вашых калегаў?

– У розных службаў па-рознаму. Усё залежыць ад акладу, выслугі і гэтак далей. У сярэднім афіцэрскі склад (не на кіруючых пасадах) атрымлівае дзесьці 1900 рублёў. Хтосьці больш, хтосьці менш.

– Як змяніліся заробкі за апошні год?

– Яны выраслі, але не моцна. З улікам цэнаў можна сказаць, што засталіся на тым жа ўзроўні. А калі ўлічыць яшчэ і спагнанні (часам прэміі пазбаўляюць на пару месяцаў, а то і на год), гэтыя павышэнні ніяк не адчуваюцца.

– Ці ёсць цяпер даплаты за «палітычныя» справы?

– А яны былі? Наўпрост іх няма і не было. Лішнія 5 % да прэміі могуць намаляваць. А могуць і не намаляваць.


belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10