навіны

«BELPOL» пра хапун беларусаў у Расеі: «Такога масавага затрымання яшчэ не было»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі АМАП. Фота: Mihail Tokmakov / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі АМАП. Фота: Mihail Tokmakov / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

На тэрыторыі СНД адбылося масавае затрыманне беларусаў, што знаходзяцца ў вышуку ў нашай краіне. Большасць выявілі ў Расеі. Аблаву зладзілі ў межах міждзяржаўнага вышуку краінаў СНД. У «BELPOL» адзначаюць нетыпова вялікую колькасць затрыманых – 140 асобаў. Чаму не варта хавацца ад рэжыму ў Расеі і якія краіны лічацца небяспечнымі для беларусаў, распавялі прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар і адвакат Алесь Міхалевіч.

«Наколькі нам вядома, бывалі такія адзінкавыя выпадкі. Звычайна гэта датычыла прадстаўнікоў крымінальнага свету. Але такога масавага выезду, масавага затрымання, масавай працы карнікаў, што маскоўскіх, што менскіх, яшчэ не было», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Сярод затрыманых – абвінавачаныя паводле крымінальных артыкулаў, а таксама адказчыкі ў грамадзянскіх і эканамічных справах. Гэтак, у Маскве сілавікі выявілі дырэктарку менскага турагенцтва, што нібыта ашукала 30 грамадзянаў і прысвоіла больш за 140 тысяч рублёў.

,,

«Калі чалавек абвяшчаецца ў вышук у Рэспубліцы Беларусь, праз некаторы час ён падаецца ў вышук міждзяржаўны. І, як правіла, гэта датычыць РФ: вельмі шмат злачынцаў было там, асабліва калі мы гаворым пра наркотыкі, махлярства», – адзначае Уладзімір Жыгар.


Ці былі сярод затрыманых асобы, якіх шукаюць паводле палітычных артыкулаў, – невядома. Прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» не выключае такой верагоднасці. Тым больш, што сёлета нядаўні ўпаўнаважаны пасол нашае краіны Дзмітрый Крутой прапаноўваў аб'яднаць базы экстрэмістаў Беларусі і Расеі:

«У грамадзянаў выклікае здзіўленне, калі частка рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, дапусцім, у Расеі, нейкія паведамленні публікуюць у нас, ці наадварот – тыя, якія прызнаныя экстрэмісцкімі ў нас, публікуюць паведамленні ў Расеі. І ў дачыненні гэтых структураў або людзей, якія, дапусцім, збеглі ў Расею, не заводзяцца крымінальныя справы ў Расейскай Федэрацыі, або наадварот».

Пасля заяваў чыноўніка выданне «Медыязона» заўважыла, што ў расейскі вышук дадалі тры тысячы беларусаў. Сярод іх – палітыкі, журналісты, грамадскія актывісты, беларускія добраахвотнікі, а таксама былыя палітвязні ці людзі, што з'ехалі з Беларусі, не адбыўшы турэмнага тэрміну. Гэтак, у расейскай базе знайшла сваё прозвішча былая палітзняволеная Таццяна Астроўская:

«Яны адно аднаго ўцягваюць ва ўзаемную бяздзейнасць, бездапаможнасць і нікому непатрэбныя целарухі. Ну, у сусветны вышук мяне яшчэ абвясціце... Я адчуваю сябе бяспечна ў гэтай краіне, дзякуй Польшчы, якая мяне прыняла».

Тым часам Расея – краіна, з якой найчасцей экстрадуюць беларусаў на запыт беларускіх уладаў. Са жніўня 2020-га толькі праз пратэставыя артыкулы ў Беларусь выслалі як мінімум 45 асобаў. Адвакат, чалец Палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч заўважае:

,,

«РФ – краіна, дзе вельмі моцна адсочваюць усе перамяшчэнні грамадзянаў, засяленні ў гатэлі, нават у значнай ступені пачалі рабіць ідэнтыфікацыю твараў з высвятленнем таго, ці адпавядае гэты твар канкрэтна чалавеку, ці ў вышуку гэты чалавек. І ў асноўным паводле такіх прыкметаў ловяць людзей».


Акрамя таго, небяспечнымі для беларусаў Алесь Міхалевіч лічыць краіны Сярэдняй Азіі, а таксама Арменію і Азербайджан.

«Гэтыя краіны, лічу, увогуле павінныя быць забароненыя для людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі. Усё астатняе адбываецца праз Інтэрпол. Калі справы не эканамічныя, а ў чыстым выглядзе палітычныя – падрыхтоўка дзеянняў, экстрэмізм, фінансаванне тэрарызму ці экстрэмізму, – яны да Інтэрполу не дойдуць», – мяркуе адвакат.

Пры гэтым у рэжыму застаюцца іншыя інструменты ціску на беларусаў у замежжы. Днямі стала вядома пра запыт на экстрадыцыю актывіста Дзмітрыя Плескачова, які пасля 2020-га выехаў у Польшчу. Маладзён трапіў у беларускі і расейскі вышук і застаецца абвінавачаным у васьмі крымінальных справах.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:


Наста Печанькова, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10