Авіякампанія «Белавія» эвакуявала з Ірану грамадзянаў Беларусі і Расеі, неабходнасць чаго паўстала праз эскалацыю канфлікту паміж Ізраілем і Ісламскай Рэспублікай. Пра гэта БелТА паведамілі ў беларускім пасольстве ў Азербайджане. Акрамя Ірану, беларусы захраслі таксама ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
«Пасольства Беларусі ў Азербайджане разам з беларускім пасольствам у Іране арганізавалі эвакуацыю 20 грамадзянаў Беларусі і 3 грамадзянаў Расеі», – адзначылі ў беларускім пасольстве ў Баку.
Як заяўляецца, грамадзяне Беларусі вылецелі раніцай рэйсам «Белавіі» з Баку ў Менск і ўжо прыбылі ў беларускую сталіцу.
Што з беларусамі ў ААЭ?
Праз вайну Ізраілю з Іранам беларускія грамадзяне захраслі і ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, у тым ліку праз тое, што шэраг авіякампаніяў («FlyDubai» ды іншыя) скасавалі свае рэйсы ў Беларусь, паведамляў 13 чэрвеня пасол Беларусі ў ААЭ Ігар Белы.
Ён прасіў пасажыраў, якія застаюцца ў аэрапорце Дубаю, з разуменнем паставіцца да вымушаных нязручнасцяў, захоўваць «спакой, цалкам выконваць рэкамендацыі авіяперавозніка і працаўнікоў аэрапорту».
,,«Крытычнай сітуацыі няма. Турысты, якія прыехалі паводле групавых тураў, забяспечаныя неабходнымі ўмовамі для пражывання адпаведнымі турфірмамі. Абставіны спакойныя, паветраная прастора адкрытая, рэгулярныя рэйсы ў Беларусь працягваюць выконвацца», – расказалі 16 чэрвеня ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі.
У МЗС адзначылі, што ў Генеральнае консульства Беларусі ў Дубаі звярнуліся больш як 30 грамадзянаў Беларусі. У ведамстве дадалі, што прапрацоўваюцца «розныя варыянты вяртання, у тым ліку з удзелам нацыянальнага авіяперавозніка», у тым ліку грамадзяне «могуць арганізаваць зваротны вылет на агульных падставах».
«Белавія» праз закрыццё паветранай прасторы Ірану вымушаная была скарэктаваць маршрут з Менску ў Дубай і назад. Самалёты кампаніі лятаюць цяпер праз Узбекістан з пасадкай для дазапраўкі ў Ташкенце.
Генеральны дырэктар «Белавіі» Ігар Чаргінец заявіў, што рэйсы ў Дубай выконваюцца «з вялікай напругай» і «ў страту пры поўных рэйсах». Паводле яго, колькасць рэйсаў у Дубай авіякампанія не зможа павялічыць, бо «неабходны час на планаванне, на атрыманне ўсіх дазволаў авіяцыйных уладаў, слотаў адмысловага часу прылёту і вылету з аэрапорту».
Ізраіль атакаваў вайсковыя і ядравыя аб’екты Ірану ў ноч на 13 чэрвеня. Паводле Ізраілю, Тэгеран быў за крок ад стварэння ядравай бомбы, таму і адбылася атака. У адказ Іран абстрэльвае яго ракетамі і дронамі, тлумачачы гэта самаабаронаю. Улады Ізраілю не выключаюць ліквідацыі кіраўніцтва Ірану і заклікаюць іранцаў да паўстання.
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп зрабіў заяву, што мір паміж Іранам і Ізраілем – толькі пытанне часу. Ён адзначыў, што ЗША могуць умяшацца ў канфлікт, і падкрэсліў, што дасюль такога ўмяшання не было.
Якуб Хруст belsat.eu