Абмеркаваўшы адзін антывэйперскі законапраект, канцэрн «Белдзяржхарчпрам» прапанаваў яшчэ адзін: цяпер хоча забараніць індывідуальным прадпрымальнікам прадаваць электронныя цыгарэты, вадкасці для іх і нетытунёвыя вырабы з утрыманнем нікаціну.
Беларускі дзяржаўны канцэрн харчовай прамысловасці вынес на грамадскае абмеркаванне праект закону «Аб тытунёвай сыравіне, тытунёвых, нетытунёвых нікаціназмяшчальных вырабах, электронных сістэмах курэння і вадкасцях для іх, сістэмах для спажывання тытуню». Абмеркаванне трывае з 17 да 27 чэрвеня 2025 года.
Неабходнасць праекту абгрунтоўваюць патрэбай рэгуляваць рынак альтэрнатываў цыгарэтам: нетытунёвых вырабаў, якія змяшчаюць нікацін; электронных сістэмаў курэння (г. зн. вэйпаў і электронных цыгарэтаў) і вадкасцяў для іх; сістэмаў для спажывання тытуню.
Галоўная навінка – забарона індывідуальным прадпрымальнікам весці дзейнасць, звязаную з альтэрнатывамі цыгарэтам. Індывідуальным прадпрымальнікам прапануюць забараніць агулавы і раздробны гандаль, вытворчасць і захаванне альтэрнатываў цыгарэтам. Дазволіць гэта прапаноўваюць толькі юрыдычным асобам, якім будуць даваць на гэта ліцэнзіі, прычым для імпарту хочуць патрабаваць ліцэнзіі на выраб тытунёвай прадукцыі.
Чаму менавіта трэба так зрабіць, у абгрунтаванні законапраекту не тлумачаць. Тлумачаць толькі, што афіцыйны імпарцёр вэйпаў «Энерга-Оіл» заяўляў, што каля 77 % аднаразовых электронных цыгарэтаў былі імпартаваныя ў Беларусь нелегальна і прадаваліся без аплаты акцызаў, а за 2024 год выявілі 600 правапарушэнняў, звязаных з продажам альтэрнатываў цыгарэтаў, і аштрафавалі 542 асобаў на амаль 780 тысяч рублёў. Згадваюць, што ўрад прапаноўваў зусім забараніць продаж электронных цыгарэтаў, але па абмеркаванні між рознымі ведамствамі пастанавілі, што трэба не забараняць, а стварыць сістэму дзяржаўнага кантролю.
Гэта ўжо другі антывэйперскі законапраект з пачатку года. У студзені канцэрн «Белдзяржхарчпрам» выносіў на грамадскае абмеркаванне праект забароны продажу вэйпаў і вадкасцяў для іх па-за фізічнымі крамамі і ўскладнення легальнага продажу вэйпаў. Па абмеркаванні аўтары праекту сабралі прапановы, прааналізавалі іх, заўважылі абурэнне спрэчнымі пунктамі – і проста не пагадзіліся з імі.
Ускладніць або зменшыць продаж звычайных цыгарэтаў «Белдзяржхарчпрам» не прапаноўвае. А ў змаганні з вэйпамі ўлады ідуць на сумнеўныя заявы: як аргумент за забарону вэйпаў сілавікі скарысталі смерць дзяўчыны з хворым сэрцам, якая галадала тры дні.
Вэйпы сапраўды могуць шкодзіць здароўю. Часцей за ўсё вадкасці для парання ўтрымліваюць нікацін, які выклікае залежнасць. Прадукты з нікацінам, у тым ліку вэйпы, могуць шкодзіць сэрцу. Араматызатары могуць утрымліваць мноства шкодных рэчываў, шкодныя ж рэчывы могуць утварацца ў самім працэсе парання праз згаранне элементаў вэйпу.
Аднак шкода вэйпаў – спрэчнае пытанне. Навуковыя даследаванні не знаходзяць адназначных пацверджанняў таго, што шкода ад электронных цыгарэтаў большая ці параўнальная са шкодай ад звычайных цыгарэтаў. Больш імаверна, што шкода ад вэйпаў істотна меншая, чым ад традыцыйных цыгарэтаў. У пары вэйпаў адсутнічаюць 99 % таксінаў з тытунёвага дыму. Хваробу лёгкіх сярод курцоў вэйпаў (EVALI) звязваюць найчасцей з ужываннем не саміх вэйпаў, а канабіёідных вадкасцяў (з утрыманнем тэтрагідраканабінолу, або THC).
Беларускі хімік і папулярызатар навукі Сяргей Бесараб пісаў, што «забарона вэйпаў без забароны тытуню – тэракт здароўя нацыі». Педыятарка Мая Церакулава казала «Белсату», што вэйпы як нешта новае, маладаследаванае і патэнцыйна небяспечнае «зусім не спосаб неяк змагацца з курэннем». Але, на думку лекаркі, улады Беларусі ўзяліся змагацца з вэйпамі таму, што ад звычайных цыгарэтаў дзяржава атрымлівае акцыз, а электарат курыць звычайныя цыгарэты, а не «моладзевыя» вэйпы.
Алесь Наваборскі belsat.eu