Аналітыка

У Беларусі напісалі «антывэйперскі» законапраект. Чаму змагаюцца з электроннымі, а не «звычайнымі» цыгарэтамі?

Пара ад вэйпу
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пара ад вэйпу. Фота: Alex Hancook / Flickr, CC BY-NC 2.0
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі падрыхтаваны праект Закону, які павінен рэгуляваць тытунёвы рынак. Калі прапанаваны законапраект будзе ўхвалены без зменаў, купіць альтэрнатывы цыгарэтам стане значна цяжэй. Няўжо вэйпы горш за звычайныя цыгарэты, якія ў Беларусі прадаюцца на кожным кроку? Разбіраемся з прадпрымальнікам і лекаркай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)

Шэрыя схемы тытунёвага бізнесу: як прыструніць беларускую цыгарэтную мафію

навіны

На форуме афіцыйнага прававога парталу Pravo.by правялі абмеркаванне праекту закону «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны, тытунёвых вырабаў, нетытунёвых вырабаў з утрыманнем нікатыну, вадкасцяў для электронных сістэмаў курэння, электронных сістэмаў курэння і сістэмаў для спажывання тытуню». 


З абмеркавання можна зрабіць выснову аб тым, што законапраект «антывэйперскі». Ён не прадугледжвае наўпроставай забароны электронных цыгарэтаў, якую анансавалі летам, але ўводзіць абмежаванні, якія істотна ўскладняць продаж вэйпаў і іншых альтэрнатываў «звычайным» тытунёвым цыгарэтам.


Першыя каментары – абурэнне ад вяскоўцаў. Законапраект забараняе прадаваць электронныя цыгарэты і вадкасці для іх праз інтэрнэт, а ў вёсках няма «фізічных» вэйп-шопаў. Адзін з каментатараў піша, што жыве нават не ў вёсцы, а ў горадзе, дзе няма вэйп-шопаў. І дадае, што яму «акрамя звычайных цыгарэтаў не застанецца нічога». 


Таксама ў каментарах адзначаюць, што законапраект не мае нормаў супраць нелегальнага гандлю, а толькі ўскладняе легальны бізнес ліцэнзіяваннем і іншымі абмежаваннямі, праз што знішчае легальны рынак і робіць больш прывабным нелегальны. Ад імя адной з кампаніяў-пастаўнікаў вэйпаў пішуць, што ў Расеі падобны закон прывёў да розніцы ў цане ў тры-чатыры разы на легальныя і нелегальныя вадкасці.


Вынясенне законапраекту на абмеркаванне яшчэ не азначае, што яго ўхваляць менавіта ў такім выглядзе. Праект прыдумаў Савет міністраў – асноўны «пастаўнік» праектаў, што становяцца законамі. Ініцыятыву прасоўвала сярод іншых Наталля Качанава, а прапановы ў праект уносіла Міністэрства падаткаў і збораў. Абмеркаванне ініцыяваў «Белдзяржхарчпрам», які мае ў сваім складзе тытунёвую фабрыку «Нёман» і не мае фабрык альтэрнатываў «звычайным» цыгарэтам. Ды законапраект могуць змяніць на нейкім з этапаў ухвалення або «забыць» пра яго на пару дзясяткаў гадоў і раптам прыняць з нечаканымі зменамі, як было з законапраектам «Аб адказным абыходжанні з жывёламі».


Чаму ваююць з вэйпамі, а не «звычайнымі» цыгарэтамі?


Прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч кажа «Белсату», што з пастановы вынікае: гаворка пра наступную хвалю манапалізацыі гэтай часткі рынку. На ім ёсць ГТФ «Нёман» і кампаніі набліжаных да ўладаў бізнесоўцаў, якіх нярэдка называюць «гаманцамі Аляксандра Лукашэнкі»: «Тытунь-інвест» Паўла Тапузідзіса і «Энерга-Оіл» Аляксея Алексіна. А вэйпы і іншыя альтэрнатывы цыгарэтам знаходзяцца ў рынкавым, канкурэнтным стане.

,,

«Вырашылі, што гэта, канешне, немагчыма ў адрэгуляванай Беларусі, – кажа Кныровіч. – Гэтая неадрэгуляваная частка рынку наносіць шкоду класічным тытунёвым вырабам. Вось і вырашылі яе падпарадкаваць: прыбраць з рынку тых, хто працуе без згоды з дзяржаўнымі органамі і без згоды з Лукашэнкам, і зрабіць з гэтай часткі рынку тое ж самае, што зрабілі з класічнымі тытунёвымі вырабамі».


Можа, Алексіну і Тапузідзісу дадуць зарабіць на вэйпах? Кныровіч лічыць, што ім хутчэй дадуць менш страціць ад вэйпаў. Рынак цыгарэтаў агулам змяншаецца, бо цыгарэты становяцца ўсё менш папулярнай «забавай». Рынак электронных цыгарэтаў – хіба «суцяшальны прыз» за страты на тытунёвым рынку, які скарачаецца.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: blizko.by

Расея прыціскае, а кантрабанда ў ЕС упала: чаму Лукашэнка насцярожвае стан тытунёвай сферы

навіны

Нельга сказаць, што з прыбыткамі ў тытунёвай галіне ўсё кепска: Кныровіч нагадвае, як штогод падвышаюцца акцызы і цэны на цыгарэты. Гэта б’е па гаманцах беларусаў, але не па прыбытках дзяржавы. Тут трэба падзяляць інтарэсы бюджэту, які збіраў і збірае шмат з тытунёвага рынку, і інтарэсы прадпрымальнікаў, якія зарабляюць на шкоднай звычцы беларусаў не так шмат, як беларуская дзяржава.


«Белдзяржхарчпрам» у тлумачальнай запісцы да законапраекту скардзіўся сярод іншага на тое, што нібыта 77 % аднаразовых электронных цыгарэтаў увозяць у Беларусб нелегальна, а праз нясплату акцызаў дзяржава губляе каля 130 млн рублёў на год. Кныровіч лічыць, што праблема не ў кантрабандзе: тое, што кантрабандысты могуць нелегальна прывезці ў багажніках, гэта толькі малая частка цыгарэтнага рынку Беларусі. Праблема не з кантрабандай, а з пагрозай «тытунёвым баронам» ад новых прыладаў для курэння.


Вэйпы ж менш шкодныя за цыгарэты, праўда? Лекарка кажа, усё не так проста

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Электронная цыгарэта (вэйп). (Фота: Pickpik.com, CC0)

Чым і наколькі шкодныя вэйпы, якія сабраліся забараніць у Беларусі

навіны

На першы погляд, электронныя цыгарэты і іншыя альтэрнатывы «звычайным» цыгарэтам куды больш бяспечныя: асноўная шкода ў «звычайных» цыгарэтах – ад таго, што чалавек удыхае прадукты гарэння тытуню. Ды й навукоўцы пакуль не знайшлі «жалезных» доказаў значнай шкоды ад вэйпаў, калі не лічыць нікатынавай залежнасці. Падобна, што асноўныя вядомыя фактары шкоды – няякасныя вэйпы, у якіх штосьці працуе не так, а таксама канабіоідныя вэйпы, з якімі найчасцей асацыююць пашкоджанне лёгкіх вэйпамі (вядомае ў англамоўнай літаратуры пад абрэвіятурай EVALI). З другога боку, у мностве даследаванняў вэйпаў гаворыцца: «патрэбныя далейшыя даследаванні». 


Педыятарка Мая Церакулава кажа «Белсату», што цяжка параўнаць вэйпы са звычайнымі цыгарэтамі, бо цяжка зразумець, што параўноўваць. Мо шкода аднаго ўдыху аэразолю з вэйпу меншая за адзін удых цыгарэтнага дыму, але колькі ўдыхаў гэтых аэразоляў трэба параўноўваць з адной цыгарэтай? 

,,

«Адзінае, што мы можам дакладна сказаць, што вэйпы таксама ўтрымліваюць хімічныя рэчывы, якія аказваюць негатыўны ўплыў на здароўе чалавека», – тлумачыць Церакулава.


Паводле даследаванняў, вэйпы не дапамагаюць людзям адмовіцца ад нікатыну, а аб’ём спажыванага нікатыну з пераходам на вэйпы часцяком толькі павялічваецца. Але наколькі павялічваецца і ці паменшыцца – гэта вельмі індывідуальна. Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) лічыць, што агулам вэйпы не дапамагаюць адмовіцца ад курэння, а каб перамагчы залежнасць, лепш не «мяняць адну шкодную палачку на іншую шкодную палачку», а мяняць лад жыцця. Калі не выходзіць, звяртацца да нарколага.


Да таго ж, вадкасці для вэйпаў практычна заўсёды араматызаваныя. І прызнаныя бяспечнымі араматызатары харчовай прамысловасці шкодзяць, калі іх не спажываюць у ежу, а ўдыхаюць. Даволі вядомая з’ява – спецыфічны бранхіт супрацоўнікаў харчовай прамысловасці, якія ўдыхаюць аэразолі араматызатараў. Цяпер такі бранхіт усё часцей рэгіструюць у вэйпераў. Хімічных рэчываў у вэйпах могуць быць сотні, і цяжка адсачыць, што ў якіх вытворцаў у вадкасцях. 


Існуе і канцэрагенная небяспека ад вэйпаў. Удыханне ці не любога хімічнага аэразолю правакуе мікразапальвальную рэакцыю ў лёгкіх, а пастаяннае паўтарэнне такой рэакцыі – рызыка ўзнікнення раку. Казаць аб статыстыцы пакуль цяжка, бо рак развіваецца не імгненна, а гадамі, і вэйпы ў шырокім ужыванні хіба дзясятак гадоў. Можна пачакаць яшчэ дзясятак гадоў – і даведацца, якая рызыка раку ад вэйпаў.

,,

«Новае, патэнцыйна небяспечнае, мала даследаванае – зусім не спосаб неяк змагацца з курэннем, – рэзюмуе Церакулава. – Пазбягаць гэтай шкоднай звычкі варта так жа, як усіх іншых шкодных звычак».


Але наколькі трэба тыя вэйпы рэгуляваць уладам? Церакулава лічыць, што рэгуляваць варта доступ дзяцей і падлеткаў, а агулам трэба не забараняць вэйпы, а прапагандаваць здаровы лад жыцця, прапаноўваць альтэрнатывы і рабіць больш даступнай дапамогу залежным. 


На думку суразмоўцы, улады Беларусі ўзяліся змагацца з вэйпамі таму, што ад «звычайных» цыгарэтаў дзяржава атрымлівае акцызы, а электарат курыць звычайныя цыгарэты, а не «моладзевыя» вэйпы.


Ірына Юр’ева, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10