Аляксандр Лукашэнка занепакоіўся даходамі тытунёвай сферы. «Тэндэнцыі не могуць не насцярожваць», заявіў ён на адмысловай нарадзе 5 жніўня. Сярод пытанняў, якія падымаліся, былі экспарт, вытворчасць і ўнутраны рынак, аднак падрабязнасцяў пра сутнасць праблем не паведамлялася. «Белсат» даведаўся, пры чым тут можа быць кантрабанда і намаганні Расеі.
Вынікамі працы тытунёвай галіны ў 2023 годзе Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены – бюджэт атрымаў 2,5 млрд рублёў (усяго даходаў было 39,4 млрд рублёў).
Старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў распавёў, што беларускія прадпрыемствы сутыкнуліся з моцным санкцыйным ціскам, таму давялося перабудоўваць працу.
Праблемы праз санкцыі і барацьба з кантрабандай
Усё гэта абмяркоўваецца ў першую чаргу таму, што гэта закранае даходы асабіста Аляксандра Лукашэнкі, лічыць прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
,,«Тытунёвы бізнэс – гэта адзін з блокаў па напаўненні сям'і Лукашэнкі грашыма. І гэтая дзейнасць, вядома, яго вельмі моцна цікавіць, а менавіта памяншэнне фінансавых паступленняў», – кажа ён.
Журналіст-расследвальнік, сузаснавальнік «Бюро» Аляксей Карпека адзначае, што тытунёвая сфера вельмі закрытая, таму складана дакладна сказаць, што там адбываецца. Аднак можна меркаваць, што турбуе Лукашэнку.
«Адна з гэтых тэндэнцый – гэта практычна спыненне кантрабанды ў ЕЗ. Вядома, яе яшчэ адпраўляюць усялякімі дзікімі шляхамі, напрыклад, у цыстэрнах з вадкай пластмасай. Проста праз узмацненне кантролю на мяжы з боку Польшчы і Літвы, гэта становіцца значна менш прыбытковым, чым раней. Чыгуначным транспартам раней перавозілі кантрабанду. Але гэта даўно ўжо было, цяпер Еўропа практычна закрываецца», – кажа Карпека.
Такое меркаванне падзяляе і прадстаўнік «BELPOL».
Паводле Еўрастату, афіцыйна ў ЕЗ таксама практычна не засталося экспарту.
,,«Яшчэ я падазраю, што яны, вядома, там казырацца, што на вытворчасці ў іх усё добра, яны знайшлі сыравіну, але ёсць жа пытанні з ліцэнзіямі на замежныя маркі», – кажа Аляксей Карпека.
У Беларусі спрабуюць абысці праблемы з ліцэнзіямі, якія ўзніклі праз санкцыі. Напрыклад, у лютым 2024 года стала вядома пра новага вытворцу цыгарэт ТАА «Сентони ПРО». Кампанія мае намер выпускаць цыгарэты пад маркамі Kent, Pall Mall, Rothmans, Vogue, Lucky Strike. Гэта маркі British American Tobacco (БАТ), якая праз «Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Компані» працавала ў Беларусі з тытунёвай фабрыкай «Нёман». Да 2021 года маркі БАТ вырабляліся там. Аднак потым «Нёман» трапіла пад санкцыі і БАТ адмовілася ад працы з ёй.

Расея б'е па даходах Лукашэнкі?
На думку суразмоўцы, з расейскага боку таксама пачаўся ціск.
«За апошнія паўгода часта можна знайсці навіны пра тое, як у Расеі накрываюць буйныя партыі кантрабандных цыгарэт з Беларусі – 200 тысяч пачкаў, 500 тысяч, 700», – адзначае Аляксей Карпека.
Паводле дырэктара АНО «Нацыянальны навуковы цэнтр кампетэнцый у сферы процідзеяння незаконнаму абароту прамысловай прадукцыі» Расеі Ірыны Бушынай, у асноўным паток кантрабанды цыгарэт ідзе ў Расію з ЕАЭС. А з краін аб'яднання лідар па пастаўках – Беларусь (84,5 %). Шкода расейскага бюджэту ад продажу нелегальных цыгарэт ацэньваецца ў 130 млрд расейскіх рублёў у 2023 годзе або $ 1,54 млрд па сярэднім курсе ў Расеі за год. Гэта значыць на долю Беларусі прыпала блізу $ 1,3 млрд страт даходаў Расеі.
«Яшчэ расейцы, падобна, сталі масава падрабляць беларускія цыгарэты. Літаральна на днях ФСБ у Расеі накрылі на адным з расійскіх заводаў вытворчасць фэйкавых беларускіх цыгарэт з фэйкавымі беларускімі акцызамі – сотні тысяч пачкаў. Магчыма, гэта ўсё не вельмі добра ўплывае на тытунёвую індустрыю ў Беларусі», – працягвае Аляксей Карпека.

Таксама ў Беларусі з'явілася новая кампанія «Алиди-вест», якая належыць расейскаму бізнэсоўцу Дзмітрыю Лісічэнку (10 %) праз кампанію «Алиди-Норд», і кіпрскай кампаніі Bimminta investments limited (90 %). Гэта выглядае дзіўна, улічваючы, што тытунёвы бізнэс у Беларусі падзелены паміж дзяржавай і набліжанымі да Лукашэнкі бізнэсоўцамі.
Усяго ў Беларусі было тры гульцы на тытунёвым рынку. Гэта «Нёман» – дзяржпрадпрыемства, якое ўваходзіць у склад канцэрна «Белдзяржхарчпрам» і пазіцыянуе сябе як найбуйнейшага вытворцу тытунёвай прадукцыі. Другі – «Интер Тобакко» Аляксея Алексіна, якога называюць «кашальком» Лукашэнкі. І «Табак-инвест» Паўла Тапузідзіса і Віктара Пятровіча, якія маюць такі ж статус, як Алексін.
«Гэта настолькі прыкатырная сфера, што там выпадковых людзей не можа з'явіцца наогул. І тут нейкі расейскіх бізнэсовец, чыя кампанія ў Расеі займаецца ў асноўным пастаўкамі Procter&Gamble, Nestle і гэтак далей, атрымліваюць права на продаж і вытворчасць двух марак у Беларусі – Kent Crystal Red і Kent Crystal Exotic. Чаму? Мы [Бюро] спрабавалі трошкі ў гэты бок капаць, але, пакуль бачым, што гэта проста нейкі расейскі холдынг, які належыць бізнэсоўцу нават не з блізкага атачэння Пуціна ці нешта падобнае.
Можа, гэта наогул пачатак расейскай экспансіі на беларускі рынак цыгарэт, але пакуль гэта толькі здагадка», – кажа Аляксей Карпека.
«Лукашэнка не можа супраціўляцца Расеі па многіх пунктах. Натуральна, гэта не можа яго радаваць, таму што будзе прасядаць ўнутраны рынак. Таксама ў нас ["BELPOL"] ёсць інфармацыя, што практычна ва ўсім расейскі рынак Беларуссю прайграецца, што таксама б'е па даходах Лукашэнкі», – заключае прадстаўнік «BELPOL».
Арсен Рудэнка belsat.eu