«Белтэлерадыёкампанія» штогод выдаткоўвае мільёны беларускіх рублёў з дзяржаўнага бюджэту на распаўсюд сваёй прапаганды адразу на некалькіх кантынентах. Пра гэта заяўляе «Бюро» пасля вывучэння тэндарнай дакументацыі дзяржаўнага медыяхолдынгу.
Паводле падпісаных кантрактаў, БТ закупляе паслугі электрасувязі для спадарожнікавага распаўсюджання тэлепраграмы «Беларусь 24» і радыёпраграмы «Беларусь» з 2022 года. Сярод пастаўнікоў – расейскія «Останкино телеком» і «Спутниковое телевидение», а таксама Касмічнае агенцтва Азербайджанскай Рэспублікі «Азеркосмос» і беларускі Завод дакладнай электрамеханікі.
У 2025 годзе БТ ужо аплаціла трансляцыю сваёй прадукцыі на ўсёй тэрыторыі Расеі, у Цэнтральнай (поўнае пакрыццё) і Заходняй Азіі (з абавязковым поўным пакрыццём Азербайджану, Арменіі ды Грузіі), у Заходняй (поўнае пакрыццё), Усходняй, Паўночнай (з абавязковым поўным пакрыццём Вялікай Брытаніі, Ірландыі, Латвіі, Літвы і Эстоніі) і Паўднёвай Еўропе (з абавязковым поўным пакрыццём Сербіі), у Паўднёвай Амерыцы і Карыбскім басейне (поўнае пакрыццё), у Паўночнай, Заходняй (поўнае пакрыццё), Усходняй (з абавязковым пакрыццём Зімбабвэ) і Паўднёвай Афрыцы.
Заключаныя кантракты ўжо каштавалі БТ больш як на 2 мільёны рублёў (каля 550 тысяч еўраў). Даражэй за ўсё каштуе трансляцыя на тэрыторыі Расеі – амаль 700 тысяч рублёў. Кошт ахопу Еўропы і Азіі сумарна амаль 780 тысяч рублёў. Трансляцыя прапаганды на Паўднёвую Амерыку, Карыбскі басейн і Афрыку каштуе амаль 565 тысяч рублёў.
З 2022 да 2025 года «Белтэлерадыёкампанія» ўжо выдаткавала на гэтую трансляцыю амаль 8 мільёнаў рублёў (амаль 2,5 мільёна еўраў) з дзяржаўнага бюджэту.
Нагадаем, што ў студзені 2024 года дзякуючы «Кіберпартызанам» сталіся вядомыя заробкі кіраўніцтва дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелТА. Максімальны заробак за месяц намесніка кіраўніка аддзелу БелТА Яўгена Ваньшына ў 2023 годзе склаў 8864 рублі. Ягоны аддзел асвятляе дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі. Гэта відэааператар, які ездзіць з Лукашэнкам.
У кіраўніка таго ж аддзелу Уладзіміра Мацвеева максімальны налічаны заробак склаў 7928 рублёў. Блізкі да яго максімальны заробак і ў генеральнай дырэктаркі агенцтва Ірыны Акуловіч – 7439 рублёў.
5434 рублі – максімальны месячны заробак аднаго з вядоўцаў праекту «У тэме» Андрэя Варапая, які прыніжае дзеячаў беларускай апазіцыі, вінаваціць Кіеў у тэрактах і г. д. Падобны заробак мае галоўная рэдактарка газеты «7 дней» Алена Крылова.
А вось шараговыя журналісты БелТА зарабляюць за месяц каля 2 тысяч рублёў.
Якуб Хруст belsat.eu